Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР:
“З ГЭТАГА МАГЛО Б НЕШТА ВЫЙСЬЦІ”
Мне цяжка сказаць. Можа, каб Мілінкевіч зрабіў першы крок… Справа ў тым, што Пазьняк вельмі ганарлівы чалавек. І ён першага кроку ня зробіць. Вы ведаеце, я менш блізкая з Пазьняком, чым, магчыма, вам падаецца там, у Беларусі. І хоць мы спатыкаемся нармальна і паводзім сябе нармальна, але ён уважае, што я недастаткова прыслухоўваюся да ягоных думак. І з-за гэтага час ад часу маем невялікія дыскусіі. Але я яго моцна паважаю, безумоўна, як чалавека. І я сапраўды думаю, што каб дайшло да згоды паміж Мілінкевічам і Пазьняком, з гэтага магло б нешта выйсьці. Была б карысьць. Але ініцыятыва павінна ісьці ад Мілінкевіча. Я адзінае чаго баюся – што Пазьняк не саступіць ні на адзін сантымэтар сваіх пазыцыяў. А якраз тое, што мне падабаецца ў Мілінкевічу, гэта ягоная памяркоўнасьць. Прынамсі, адсюль так здаецца. Дзеля гэтага баюся, што Пазьняк будзе намагацца накідаць свае думкі так, як ён стараецца накінуць іх мне. Ён чалавек вельмі прынцыповы й бескампрамісны. Яго вельмі цяжка ў нечым пераканаць. А на маю думку, у цяперашняй Беларусі трэба забыцца на тое, што “толькі я маю рацыю й ніхто іншы”. Трэба ўмець знаходзіць супольную мову. Трэба спачатку будаваць дом, а пасьля дзяліць яго. (more…)