Архіў за August, 2006

Алесь Канючыц. Яшчэ адна лінія Сталіна

30.08.2006 13:53

Тэма інтэграцыі з Расеяй ужо другі дзясятак гадоў зьяўляецца галоўнай тэмай усіх афіцыйных газэт. Чытаць гэтую сагу без канца, як правіла, нецікава з-за бясконцага паўтарэньня таго самага. Але гэта — калі пішуць менскія “інтэграсты”. Іншая справа, калі слова даецца супрацьлегламу боку. (more…)

Дом Літаратара Ператвораны ў Кабак

30.08.2006 01:51

Гісторыя з высяленьнем Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з Дому літаратара ў Менску цягнецца ўжо некалькі гадоў і сёньня набліжаецца да лягічнага завяршэньня. Няма сумневу, што наступным крокам у змаганьні прэзыдэнта зь пісьменьнікамі стане ліквідацыя Саюзу на падставе страты юрыдычнага адрасу.

У чым лёгіка гэтай барацьбы, у чым яе сэнс і рацыянальнае зерне, а ўрэшце – у чым карысьць ад ліквідацыі найстарэйшай творчай арганізацыі Беларусі?

(more…)

ніз узяў верх

30.08.2006 01:28

І падумаць толькі – былі часы, калі было непрыстойным для кабеты паказваць нагу вышэй костачкі. А ў добра выхаваным таварыстве нельга было нават казаць «яйкі» – трэ было «плады курыцы».

Сёньня – можна ўсё. І ўсім. Ужо ніхто не ўжывае ў друку шматкроп’е, як раней друкавалі – «ср…ка». Наадварот – ніякі тэкст ня лічыцца сучасным і прагрэсіўным, калі ў ім няма хоць бы слова «засранец».

«Я ванітаваў усю ноч» – так цяпер пачынаюць літаратурны твор. Гэта вам ня «Усё зьмяшалася ў доме Аблонскіх».

Вы будзеце сьмяяцца, але быў звычай ня лаяцца матам пры жанчынах! Думаю, неўзабаве ён вернецца: мужыкам стане сорамна за недасканаласьць сваіх мацюкоў у параўнаньні з дамскім матам. Матрыярхат наступае!

А то вось заўважыў неяк на прыпынку дзяўчыну-красуню – вочы з доўгімі вейкамі, пушыстыя валасы да таліі, белая спаднічка з фальбанкамі – Бацічэлі б расчуліўся! Ды вось падыйшла да яе сяброўка, анёлак мой разявіў роцік, і…

«… тваю маць!» — вылаяўся я ў думках, і пайшоў, гаротны і расчараваны.

Былі нядаўна ў Вільні гастролі Вольнага тэатру зь Менску. П’есы былі пра «соль зямлі» ва ўяўленьні сучасных драматургаў – прастытутак і наркаманаў. Лексыка і паводзіны – адпаведныя.

А ў залі, на пярэднім радзе сядзела самая сапраўдная бамжыха. Галава, што сумуе па шампуню, брудны расьцягнуты швэдар і палатняная торба цераз плячо – відаць, з усімі ейнымі трантамі. А мо там і чабурэк быў недаедзены, мяркуючы па тлустых плямах.

І толькі потым я даведаўся – гэта ж вядомая тэатральная крытыкеса, загадчыцца літаратурнай часткі таго ж тэатру.

А вось нядаўна ў Варшаве наведаў выставу сучаснага мастацтва. Тэма – летняе каханьне. О, як ува мне ўстрапянуўся Ўнутраны Рамантык!

Як на ўсіх сучасных выставах, у залі – вялікі манітор. А там паказваецца акцыя: у вялікім памяшканьні зь дзясятак галюсенькіх параў займаюцца капуляцыяй. «Траханьнем», калі хто не зразумеў. Калі ў кагосьці атрымалася – чутны воплескі публікі, што стаяла там жа, побач. Адзін самец хацеў быць «круцейшым» за астатніх і «апрацаваць» даму, якая ашчаперыла яго сьпераду на «стаяка». Але ў яго ня надта выходзіла, і ён увесь час папраўляў свой «орган» рукой. І апладысмэнтаў не атрымаў.

Здалёку гэта нагадвала капашэньне тлустых белых глістоў у вясковай прыбіральні.

О, рамантыка летняга каханьня!

«Гэта ўсё зь мярзотнага Захаду!» — крычаць «славянскія патрыёты» з «трэцяга Рыму».

Не, браточкі. Гэта ўсё – рэха той вашай «Великой Октябрьской». Гэта ваша ВОСР зрабіла «ўсім, хто быў нікім». Гэта ўсё і ёсьць эстэтыка гэтых «ніхто», дна, «падонкаў» — у мове, у паводзінах, у вопратцы.

«Это вам не институт благородных девиц!» – гэта што, з Захаду прыйшла такая прыказка?

А якія, вы думалі, іншыя кветачкі вырастуць на зруйнаваных і апаганеных «дваранскіх гнёздах»? Гэта ваша радзіма, як пісаў адзін паэт «весь аромат Серебряного века» прамяняла на «вонь портянок». І ўвесь сьвет прасьмярдзеўся.

Доўга ж цяпер давядзецца ветрыць…

Алег Аблажэй

Беларусь і суседзі

30.08.2006 01:25

Сярэдні заробак – 600 і 300

Сёлета ў другім квартале сярэдні заробак у Літве вырас у параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году на 14,1% і склаў 584,5 USD, — паведамляе Дэпартамэнт статыстыкі Літвы. Пры гэтым у дзяржаўным сэктары заробкі падвысіліся на 13,7% і склалі 609,6 USD, а ў прыватным – на 14,9% — 568,4 USD.

У Беларусі сярэдні заробак да канца 2006 году павінен перавысіць 300 USD – такое абяцаньне тыдзень таму на паседжаньні прэзыдыюму ўраду даў міністар эканомікі Мікалай Зайчанка.

Гераіню беларускай гісторыі ўшануюць у Літве

Банк Літвы паведаміў, што 12 верасьня выпусьціць у зварот памятную манэту вартасьцю 50 літаў, прысьвечаную паўстаньню 1831 году і 200-м угодкам гераіні гэтага паўстаньня Эміліі Плятэр. Беларуская паэтка і фальклярыстка Эмілія Плятэр нарадзілася ў Вільні, а з 9-ці гадоў жыла ў маёнтку Ліксна Віцебскай губэрні. Зьбірала і апрацоўвала беларускія народныя песьні, пісала вершы. У 27 гадоў узначаліла партызанскі атрад і загінула ад расейскай кулі. Юбілейныя мерапрыемствы з нагоды юбілею Эміліі Плятэр пройдуць у Літве і Польшчы. У Беларусі на афіцыйным узроўні гэты юбілей адзначацца ня будзе.

Мама, пачытай…

Колькі, на вашу думку, за год выходзіць дзіцячых кніжак у Літве? Ні за што не адгадаеце. Летась 78 літоўскіх выдавецтваў выпусьцілі 503 назвы такіх кніг. Толькі для дзяцей і толькі па-літоўску. Большасьць зь іх, натуральна, перакладныя – Гары Потэры, Віні Пухі ды іншыя здабыткі сусьветнай літаратуры. Аднак ажно 78 – арыгінальныя, якія належаць пяру літоўскіх пісьменьнікаў. Для трохмільённай нацыі, згадзіцеся, зусім нямала. Каб параўнаць літоўскую сытуацыю зь беларускай, дастаткова зазірнуць у кнігарню і палічыць, колькі новых беларускіх дзіцячых кніжак выпушчана для патрэбаў дзесяцімільённай нацыі.

Навошта Лукашэнка адбірае ў пісьменьнікаў дом літаратара?

30.08.2006 01:09

Марк, выкладчык ВНУ:
“КАБ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ НЕ БЫЛО”
Дом літаратара ні пры чым. Ён проста хоча, каб іх не было, пісьменьнікаў. Бо любы культурны чалавек – гэта патэнцыйны вораг Лукашэнкі. Робіць ён нешта, ці ня робіць, культурны чалавек раздражняе Лукашэнку самім сваім існаваньнем. Не дачапіліся б да пісьменьнікаў, дачапіліся б яшчэ да каго-небудзь.

Аляксандар Кулінковіч, лідэр рок-гурта “Нэўра Дзюбэль”:
“ПРОСТА ДАЙШЛА ЧАРГА”
Ні з-за чаго. Проста дайшла чарга. У нашай краіне трэба ўвесь час кагосьці выганяць, забараняць. І вось настала чарга пісьменьнікаў. Гэта плянавае высяленьне. Як дом плянава зносяць, так плянава і высяляюць. Я апошнім часам лёгікі ў нашай улады ніякай ня бачу.

Сяргей, пэнсіянэр:
“УСЯ СПРАВА Ў МАЁМАСЬЦІ”
Уся справа ў маёмасьці. Мой былы НДІ, якому я аддаў трыццаць гадоў, здае свае плошчы за 10 баксаў за мэтар. А колькі можа каштаваць мэтар у цэнтры гораду? І плюс сама гэтая арганізацыя яго раздражняла.

Зінаіда Бандарэнка, народная артыстка Беларусі:
“ЁН ІМКНЕЦЦА ДА ПОЎНАГА КАНТРОЛЮ”
Зразумела, чаму. Ён зараз зачыняе і зьнішчае ўсё, што жывое. Ня хоча, каб была хоць якая альтэрнатыва. Ва ўсім. Ён імкнецца да поўнага кантролю. І людзі настолькі прызвычаіліся… Ёсьць у нас такая рыса характару – празьмерная цярплівасьць. Людзі нават не рэагуюць ужо. І невядома, што будзе далей. Вынішчаецца любое іншадумства. Усё павінна быць дзяржаўнае, толькі чыноўнае. Каб людзі залежалі ад аднаго чалавека. А тут засталося пісьменьніцкае суквецьце. Ну, як яго можна трываць?

Кацярына, бібліятэкарка:
“ВЫЗВАЛЯЕ МЕСЦА ДЛЯ СВАЙГО САЮЗУ”
Ён вызваляе месца для свайго саюзу. Туды пераселіцца Чаргінец і кампанія. Вось толькі хто будзе да іх хадзіць? Каму яны патрэбныя?

Валер Булгакаў, галоўны рэдактар часопіса “Архэ”:
“З-ЗА КАЗУЛІНА”
Яны ня ўпісваюцца ў ідэалягічны ранжыр цяперашняй улады. Гэта значыць, улада доўгі час спрабавала знайсьці супольную мову. А пісьменьніцкая арганізацыя, нягледзячы на ўсе тэндэнцыі, якія існавалі й існуюць у ёй, усё ж дэманстравала незалежнасьць і самастойнасьць. Думаю, што крытычным момантам, які паўплываў на цяперашнія падзеі, былі прэзыдэнцкія выбары 2006 году. Ніхто ж не хаваў, што пісьменьніцкая арганізацыя выказвалася, прапагандавала і стаяла поплеч з Аляксандрам Казуліным. Казулін быў, як паказалі далейшыя падзеі, нават большым раздражняльнікам, чым Мілінкевіч. І невыпадкова ён атрымаў вельмі сур’ёзны прысуд. Думаю, што ў вачах цяперашняй улады пісьменьнікі – гэта здраднікі, якія падрываюць знутры адзінства беларускай нацыі. Таму ім ня месца ў самым сэрцы беларускай сталіцы.

Канстанцін, мэнэджэр:
“КАБ ЁН САЧЫЎ ЗА ГЭТЫМ, ІХ БЫ ВЫГНАЛІ ЗА ПЯЦЬ ХВІЛІН”
А я ня думаю, што гэта ён сам робіць. Я ня думаю, што яму кожны дзень дакладаюць: выгналі пісьменьнікаў ці не. Калі б ён трымаў гэтае пытаньне на кантролі, іх бы выгналі за пяць хвілін. А вось уся гэтая біялёгія, пад яго сфармаваная, усё, што на яе не падобнае, пачынае пажыраць. Такая паганая плесьня. Усё, што не сьмярдзючае і не зялёнае, усё гэта трэба зжэрці. Каб яно таксама пазелянела і засьмярдзела. Прырода ў гэтай плесьні такая.

Алесь Петрашкевіч, драматург:
“З ГЭТЫМІ ДВУМА ПАКОЯМІ МЫ НЕ ГУБЛЯЕМ САЮЗ”
Бальшыня пісьменьнікаў ва ўнутранай эміграцыі. І літаратура ўсё роўна будзе. Пісьменьнікі, а іх каля 500 чалавек, гэта батальён. Ён не патрэбны нашаму прэзыдэнту. Ён яму шкодны. Ён ня тое, што яго не падтрымлівае – ён яго не прымае. Ну, дык навошта яму такі Саюз? Але Саюз павінен выжыць. Нават пры рэгістрацыі ў іншай краіне. Саюз – гэта супольнасьць. Мы павінны гаварыць, раіцца і адзін аднаго падтрымліваць. Яны хай думаюць, што з гэтымі двума пакоямі мы губляем Саюз. Нельга на такое нахабства не адказаць тым, што мы ёсьць.

Вольга, студэнтка:
“ГЭТА БЫЎ АПОШНІ ВОЛЬНЫ АСТРАВОК”
Гэта быў адзін з апошніх вольных астраўкоў. Я маю на ўвазе канцэртную залю. У яе падчас імпрэзаў было ня ўбіцца. Дзе мы цяпер пачуем Воюша і Хадановіча?

Пётра Садоўскі, філёляг, былы пасол Беларусі ў ФРГ:
“НЯ ВЕДАЮ, ШТО РОБІЦЦА Ў ГАЛАВЕ АПАНТАНАГА”
Па-першае, я ня ведаю, што ў яго ў галаве робіцца. За яго адказваць цяжка. Майсей казаў: “Ведаю ўсё, але ня ведаю, што робіцца ў галаве апантанага”. Калі гаварыць сур’ёзна, дык пісьменьнікі – гэта выразьнікі нацыянальнага духу. Наш прэзыдэнт нацыянальны дух, як бы гэта сказаць, не выносіць. Ён замінае яму трымацца ля ўлады.

Каму ў Беларусі «жыць харашо»?

23.08.2006 01:52

Красьці мільёны дазволена толькі «набліжаным да цела»

Столькі новых даражэзных “мэрсаў” і “лексусаў”, колькі езьдзіць сёньня пад беларускімі нумарамі па вуліцах сацыялістычнага Менску, вы не пабачыце ані ў буржуазнай Варшаве, ані ў капіталістычных Рызе і Вільні. Капіталісты – людзі рацыянальныя, яны ведаюць, што ўкладаць у аўтамабіль больш за $30 тысяч – гэта ўжо “панты”, грошы, выкінутыя на вецер дзеля пустога шыку. Гэта як унітаз з золата. Але гаворка пра іншае: адкуль у сёньняшняй небагатай Беларусі столькі “панцёраў”, што красуюцца на сталічным праспэкце ў “тачках” ад $100 тысяч і вышэй?

Афіцыйнай катэгорыі грамадзян з такім узроўнем даходаў у нас няма. Бо прызнаньне такой катэгорыі супярэчыла б асновам дзяржаўнай ідэалёгіі “рынкавага сацыялізму”. Нажыць сабе новага “лексуса”, працуючы на заводзе ці на жніве, у школе ці міністэрстве, у прыватным бізнэсе проста немагчыма. Але гэта афіцыйна. А неафіцыйна такая катэгорыя ёсьць, што якраз і пацьвярджаецца даражэннымі машынамі і даражэннымі катэджамі на кальцавой.

Зрэдку ўскосныя пацьверджанні гэтага праскокваюць і ў сродках масавай інфармацыі. Вось расказваюць пра дырэктара заводу, якога арыштавалі за растрату $1 млн. Дырэктар сваёй віны не прызнаў, гэта значыць, не растрачваў і ня краў. Далей паведамляецца, што пасьля таго, як дырэктар вярнуў дзяржаве $1 млн., ён быў адпушчаны на волю. Што ж, сумленны чалавек. Ну, абвінавацілі яго несправядліва, дык ён узяў і сваімі расплаціўся. Апошні, можа быць, мільён аддаў, каб у турме не сядзець.

Альбо вось судзяць чыноўніцу адміністрацыі прэзыдэнта ці кіраўніка БТ – за тое, што пакралі многія мільёны даляраў. А звычайны беларус на такое толькі рукамі разьвядзе. Маўляў, пакажыце мне, дзе тое месца, дзе такія грошы вядуцца і дзе іх можна скрасьці, я хоць пагляджу, што такое бывае…

Бывае, але не для звычайнага беларуса. Красьці мільёны ў нас дазволена толькі людзям, “набліжаным да цела”. Дырэктарам заводаў, кіраўнікам вэртыкалі і прэзыдэнцкіх СМІ. Падкрэсьліваю – дазволена красьці, бо ні зарабіць такія грошы, ні нарасьціць іх на сваіх банкаўскіх рахунках законным шляхам немагчыма. Сацыяльны стандарт вэртыкальшчыка даўно сягануў за чатырохзначныя ў далярах лічбы, а ўпісаць такія лічбы ў афіцыйную ведамасьць – таксама немагчыма, бо звычайны беларус, пабачыўшы гэта, можа і за касу схапіцца. Таму – дазволена красьці. Як за саветамі ў калгасе. Усе ведалі, што ўсе крадуць, бо на заробак не пражывеш, але справы ўзбуджаліся толькі тады, калі чалавек аддаляўся ад “цела” старшыні, станавіўся нявыгадным.

Спосабаў дазволенага крадзяжу за апошнія 12 гадоў вэртыкальная фантазія прыдумала ня так і шмат. На першым месцы тут – дзяржаўныя кампаніі. Узяць хоць бы тую “пліткаманію”, калі кожны горад і раён аўральным парадкам засьцілаецца тратуарнай пліткай. Грошы ў гэтай справе круцяцца велізарныя. Пліткуюцца плошчы, ходнікі і нават праезная частка. У выніку гарады і весі нібыта прыгажэюць, але ў сутнасці гэта – тыя самыя “панты”, што і машына за $100 тысяч. Бо па-першае, узімку плітка ператвараецца ў суцэльную траўманосную коўзанку, па-другое, праз два гады, калі яе трэба будзе рамантаваць і паднаўляць, грошай на гэта ўжо ня будзе. Але я зноў пра іншае.

Каб закласьці пліткай адзін беларускі раён і пасьля сачыць за пакрыцьцём, на добры розум, трэба ў гэтым раёне стварыць прадпрыемства па вытворчасьці пліткі. Такое прадпрыемства ніколі б не стаяла, давала б працоўныя месцы і пазбаўляла ад вялікіх транспартных выдаткаў. Але гэта на добры розум і – з прыцэлам на пэрспэктыву. А ў нашай сытуацыі плітка кладзецца аўралам, аднаразова, бо купляецца не ў дзяржавы, а ў прыватных прадпрыемстваў – чым даражэй і пажадана з другога канца Беларусі. Тлумачыцца проста – прыватнік, у адрозьненьне ад дзяржавы, робіць вэртыкальшчыку “адкат”. Таму зьдзелка і выглядае як наскок. Ударылі па руках і разышліся. Як у моры караблі.

Альбо вось яшчэ ўказ прэзыдэнта пра ўлік і знос лядашчых хатаў. Гэта – кампанія для падкормкі вэртыкальшчыкаў ніжэйшага зьвяна – у сельсаветах. Яны зараз у масавым парадку прыватызуюць тыя лядашчыя хацінкі разам з патэнцыяльна залатымі ўчасткамі зямлі – на возеры, на рэчцы, на прыгожым краявідзе — за капейкі, каб тут жа прапанаваць іх гарадзкім таварышам за некалькі тысяч $ — пад загарадны дом, дачу ці катэдж.

Грошы, якія прыносяць вялікія і малыя зьдзелкі, зараз жа і ўкладаюцца – у гэтыя самыя катэджы зь зямлёй і ў тыя самыя “лексусы”, прычым усё афармляецца на сваякоў, знаёмых і дзявуль. Вось адкуль так шмат тых “лексусаў” на сталічным праспэкце і вось чаму за рулём зусім не дырэктар завода ці вэртыкальшчык, а ягоны брытагаловы пляменьнік ці жонка, ці каханка.

Нехта скажа – а куды ж глядзяць праваахоўныя ворганы? Яны ўсе глядзяць у бок “цела”. Тады – куды ж глядзіць “цела”? А “цела” ўсё бачыць і ні пра каго не забывае. Бо дазволены крадзёж мае свой другі бок мэдаля – кампрамат. І кожны дырэктар заводу, кожны вэртыкальшчык, кожны кіраўнік БТ – у нашага “цела” на ўліку з усімі сваімі шахер-махерамі і зьдзелкамі. Крадзіце, хлопцы, але служыце верна, бо інакш ваша дасье імгненна ляжа на стол пракурору.

Вось яны і крадуць – многія, я думаю, вымушана. Бо інакш дасягнуць свайго сацыяльнага і грамадзкага стандарту не змаглі б. Яны крадуць, бо крадуць усе ў іхным асяродзьдзі. І ўсе, як адзін, ведаюць, што яны на кручку, што крок управа, крок улева… Таму і здаецца нам, што ўсе яны церпяць яго аднога, калі ён абяцае абламаць ім рогі, і што аднойчы іх цярпеньню прыйдзе канец. Але гэта ня так. Гэта яму аднойчы прыйдзе канец, а ўжо разам зь ім палятуць у прорву і ўсе яны. Бо дыктатары заўсёды і па ўсім сьвеце былі ня тым каменем, які ляжыць на вяршыні сваёй уласнай вэртыкалі, а тым краевугольным, які ляжыць у падмурку.

Сяргей Паўлоўскі,
s.paulouski@tut.by