Каму ў Беларусі «жыць харашо»?
23.08.2006 01:52Красьці мільёны дазволена толькі «набліжаным да цела»
Столькі новых даражэзных “мэрсаў” і “лексусаў”, колькі езьдзіць сёньня пад беларускімі нумарамі па вуліцах сацыялістычнага Менску, вы не пабачыце ані ў буржуазнай Варшаве, ані ў капіталістычных Рызе і Вільні. Капіталісты – людзі рацыянальныя, яны ведаюць, што ўкладаць у аўтамабіль больш за $30 тысяч – гэта ўжо “панты”, грошы, выкінутыя на вецер дзеля пустога шыку. Гэта як унітаз з золата. Але гаворка пра іншае: адкуль у сёньняшняй небагатай Беларусі столькі “панцёраў”, што красуюцца на сталічным праспэкце ў “тачках” ад $100 тысяч і вышэй?
Афіцыйнай катэгорыі грамадзян з такім узроўнем даходаў у нас няма. Бо прызнаньне такой катэгорыі супярэчыла б асновам дзяржаўнай ідэалёгіі “рынкавага сацыялізму”. Нажыць сабе новага “лексуса”, працуючы на заводзе ці на жніве, у школе ці міністэрстве, у прыватным бізнэсе проста немагчыма. Але гэта афіцыйна. А неафіцыйна такая катэгорыя ёсьць, што якраз і пацьвярджаецца даражэннымі машынамі і даражэннымі катэджамі на кальцавой.
Зрэдку ўскосныя пацьверджанні гэтага праскокваюць і ў сродках масавай інфармацыі. Вось расказваюць пра дырэктара заводу, якога арыштавалі за растрату $1 млн. Дырэктар сваёй віны не прызнаў, гэта значыць, не растрачваў і ня краў. Далей паведамляецца, што пасьля таго, як дырэктар вярнуў дзяржаве $1 млн., ён быў адпушчаны на волю. Што ж, сумленны чалавек. Ну, абвінавацілі яго несправядліва, дык ён узяў і сваімі расплаціўся. Апошні, можа быць, мільён аддаў, каб у турме не сядзець.
Альбо вось судзяць чыноўніцу адміністрацыі прэзыдэнта ці кіраўніка БТ – за тое, што пакралі многія мільёны даляраў. А звычайны беларус на такое толькі рукамі разьвядзе. Маўляў, пакажыце мне, дзе тое месца, дзе такія грошы вядуцца і дзе іх можна скрасьці, я хоць пагляджу, што такое бывае…
Бывае, але не для звычайнага беларуса. Красьці мільёны ў нас дазволена толькі людзям, “набліжаным да цела”. Дырэктарам заводаў, кіраўнікам вэртыкалі і прэзыдэнцкіх СМІ. Падкрэсьліваю – дазволена красьці, бо ні зарабіць такія грошы, ні нарасьціць іх на сваіх банкаўскіх рахунках законным шляхам немагчыма. Сацыяльны стандарт вэртыкальшчыка даўно сягануў за чатырохзначныя ў далярах лічбы, а ўпісаць такія лічбы ў афіцыйную ведамасьць – таксама немагчыма, бо звычайны беларус, пабачыўшы гэта, можа і за касу схапіцца. Таму – дазволена красьці. Як за саветамі ў калгасе. Усе ведалі, што ўсе крадуць, бо на заробак не пражывеш, але справы ўзбуджаліся толькі тады, калі чалавек аддаляўся ад “цела” старшыні, станавіўся нявыгадным.
Спосабаў дазволенага крадзяжу за апошнія 12 гадоў вэртыкальная фантазія прыдумала ня так і шмат. На першым месцы тут – дзяржаўныя кампаніі. Узяць хоць бы тую “пліткаманію”, калі кожны горад і раён аўральным парадкам засьцілаецца тратуарнай пліткай. Грошы ў гэтай справе круцяцца велізарныя. Пліткуюцца плошчы, ходнікі і нават праезная частка. У выніку гарады і весі нібыта прыгажэюць, але ў сутнасці гэта – тыя самыя “панты”, што і машына за $100 тысяч. Бо па-першае, узімку плітка ператвараецца ў суцэльную траўманосную коўзанку, па-другое, праз два гады, калі яе трэба будзе рамантаваць і паднаўляць, грошай на гэта ўжо ня будзе. Але я зноў пра іншае.
Каб закласьці пліткай адзін беларускі раён і пасьля сачыць за пакрыцьцём, на добры розум, трэба ў гэтым раёне стварыць прадпрыемства па вытворчасьці пліткі. Такое прадпрыемства ніколі б не стаяла, давала б працоўныя месцы і пазбаўляла ад вялікіх транспартных выдаткаў. Але гэта на добры розум і – з прыцэлам на пэрспэктыву. А ў нашай сытуацыі плітка кладзецца аўралам, аднаразова, бо купляецца не ў дзяржавы, а ў прыватных прадпрыемстваў – чым даражэй і пажадана з другога канца Беларусі. Тлумачыцца проста – прыватнік, у адрозьненьне ад дзяржавы, робіць вэртыкальшчыку “адкат”. Таму зьдзелка і выглядае як наскок. Ударылі па руках і разышліся. Як у моры караблі.
Альбо вось яшчэ ўказ прэзыдэнта пра ўлік і знос лядашчых хатаў. Гэта – кампанія для падкормкі вэртыкальшчыкаў ніжэйшага зьвяна – у сельсаветах. Яны зараз у масавым парадку прыватызуюць тыя лядашчыя хацінкі разам з патэнцыяльна залатымі ўчасткамі зямлі – на возеры, на рэчцы, на прыгожым краявідзе — за капейкі, каб тут жа прапанаваць іх гарадзкім таварышам за некалькі тысяч $ — пад загарадны дом, дачу ці катэдж.
Грошы, якія прыносяць вялікія і малыя зьдзелкі, зараз жа і ўкладаюцца – у гэтыя самыя катэджы зь зямлёй і ў тыя самыя “лексусы”, прычым усё афармляецца на сваякоў, знаёмых і дзявуль. Вось адкуль так шмат тых “лексусаў” на сталічным праспэкце і вось чаму за рулём зусім не дырэктар завода ці вэртыкальшчык, а ягоны брытагаловы пляменьнік ці жонка, ці каханка.
Нехта скажа – а куды ж глядзяць праваахоўныя ворганы? Яны ўсе глядзяць у бок “цела”. Тады – куды ж глядзіць “цела”? А “цела” ўсё бачыць і ні пра каго не забывае. Бо дазволены крадзёж мае свой другі бок мэдаля – кампрамат. І кожны дырэктар заводу, кожны вэртыкальшчык, кожны кіраўнік БТ – у нашага “цела” на ўліку з усімі сваімі шахер-махерамі і зьдзелкамі. Крадзіце, хлопцы, але служыце верна, бо інакш ваша дасье імгненна ляжа на стол пракурору.
Вось яны і крадуць – многія, я думаю, вымушана. Бо інакш дасягнуць свайго сацыяльнага і грамадзкага стандарту не змаглі б. Яны крадуць, бо крадуць усе ў іхным асяродзьдзі. І ўсе, як адзін, ведаюць, што яны на кручку, што крок управа, крок улева… Таму і здаецца нам, што ўсе яны церпяць яго аднога, калі ён абяцае абламаць ім рогі, і што аднойчы іх цярпеньню прыйдзе канец. Але гэта ня так. Гэта яму аднойчы прыйдзе канец, а ўжо разам зь ім палятуць у прорву і ўсе яны. Бо дыктатары заўсёды і па ўсім сьвеце былі ня тым каменем, які ляжыць на вяршыні сваёй уласнай вэртыкалі, а тым краевугольным, які ляжыць у падмурку.
Сяргей Паўлоўскі,
s.paulouski@tut.by
