ГУЛЬНЯ Ў ПАЛІТЫКУ І ТЭАТАР
13.12.2007 22:53aльбо Як вам гэта падабаецца?
Мінулы раз мы задавалі пытаньні на радыёмост, які арганізоўвала Радыё Свабода з удзельнікамі беларускіх грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў, што афіцыйна наведвалі ЗША. Але да нашых пытаньняў не дайшло. Хаця з інфармацыйных паведамленьняў ведаю, што тэму СМІ там, у Амэрыцы, абмяркоўвалі. Таму прапаную ўсё ж вярнуцца да гэтых пытаньняў і патлумачу, чаму я на гэтым настойваю. На маіх вачах (і вушах) у Літве нараджаліся і банкрутавалі розныя радыёстанцыі, а іншыя, наадварот, патрапілі падабраць ключык да сваёй аўдыторыі. Да іх штодня тэлефануюць сотні слухачоў, спонсары ахвотна разьмяшчаюць там сваю рэкляму і гэтыя радыёстанцыі разьвіваюцца і квітнеюць. А што нашы беларускія незалежныя радыёстанцыі? Які ў іх стымул даваць якасны прадукт? Ці ёсьць у іх шчыльная сувязь са слухачом? Тут пакуль толькі Свабода можа пахваліцца ўвагай да сябе. Вось я і пытаюся ў грамадзкіх актывістаў: што вы слухаеце, чаму і як вам гэта падабаецца?
Моўная заўвага. На мінулым тыдні ў “Экспэртызе Свабоды” сп. Карбалевіч гаварыў пра прэзыдэнта Расеі Пуціна: “Невядома, якую далей ён будзе гуляць ролю ў палітыцы”. На гэтай жа радыёстанцыі некалькі разоў выступаў рэжысэр “Свабоднага тэатру” Халезін і казаў: “Мы гуляем свае спэктаклі ў Парыжы і Стакгольме”. Атрымліваецца, што ў іх гэта толькі гульня - у палітыку і ў тэатар. А хочацца, каб і палітыка і тэатар у нашым жыцьці сваю ролю - адыгрывалі.
