ЦІ ПРЫМУСЯЦЬ НАС ВЯРНУЦЦА Ў БЫЛУЮ ІМПЭРЫЮ?

Уладзімір Арлоў, пісьменьнік:

“ВЯРТАНЬНЕ НЕМАГЧЫМАЕ”

Вяртаньне ў былую імпэрыю немагчымае, бо вырасла пакаленьне людзей, якое з гэтым ніколі не пагодзіцца.

Канстанцін, мэнэджэр:

“ПРЫМУСАМ ЗАГНАЦЬ БЕЛАРУСА КУДЫСЬЦІ ВЕЛЬМІ ЦЯЖКА”

А што, хіба імпэрыя ў нас сваё існаваньне скончыла? Ну, павесілі шыльды незалежнай краіны. Не забывайцеся, што першыя крокі ў якасьці суб’екта міжнароднага права Беларусяй былі зробленыя ў 1946-м, калі яна стала сузаснавальніцай ААН. Аднойчы людзі прачнуліся і пачулі, што не існуе ні СССР, ні БССР. Нехта ўзрадаваўся. Маўляў, наш “фронт” перамог. Зараз пайшлі чуткі, што Ўладзімер Уладзімеравіч зьбіраецца стаць прэзыдэнтам Саюзнай дзяржавы. І гэта нікчэмная інфармацыйная нагода падняла такую хвалю! Насамрэч мы ніколі не пераставалі быць часткай імпэрыі. Зараз пытаньне ў тым, ці сарвуць шыльду “незалежнасьці”. Каб пазбавіць нас шанцу стаць нармальнай краінай, а не рэспублікай. І гэты шанец, можа быць, ня будзе выкарыстаны. Але ён застанецца. Гісторыя паказвае, што зброяй ці прымусам беларуса загнаць кудысьці вельмі цяжка.

Лявон Баршчэўскі, лідэр БНФ:

“МЫ ПАКУЛЬ АДНОЙ НАГОЙ У ЁЙ”

Мы яшчэ канчаткова ня выйшлі зь яе. Нам яшчэ трэба з імпэрыі выбірацца. Мы пакуль адной нагой у ёй. Могуць яшчэ прымусіць другую нагу паставіць. Але гэта ўжо іншае пытаньне.

Валеры, пэнсіянэр:

“САПРАЎДНЫХ ГРАМАДЗЯН НЕ ПРЫМУСЯЦЬ”

Нас, сапраўдных грамадзянаў Беларусі, не прымусяць. Але колькі нас? Тысяч сто, максымум. А астатніх і прымушаць ня прыйдзецца. Як толькі пачнецца сур’ёзны крызыс. З інфляцыяй, як у 90-я, зь беспрацоўем, з халоднымі батарэямі, з затрымкамі заробкаў. Усе астатнія самі запатрабуюць месца пад крылом Масквы.

Алесь Анціпенка, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў:

“НЕ АТРЫМАЕЦЦА”

Ну што вы? Жартуеце? Не атрымаецца. Пасьля таго, калі беларусы першыя месцы бяруць на Эўрабачаньні… Усё скіравана на тое, каб ад Расеі нейкім чынам адсланіцца. І не забывайце, што лёс Беларусі ўжо вырашаны на небе. На небе Беларусь ужо даўно самастойная краіна. Папросту людзям воля Госпада заўсёды цяжкая для выкананьня. І беларусы яшчэ сілаў дастаткова не набраліся, каб волю Госпада выканаць. Але паціху беларусы сілаў набіраюцца. Гэта ўсё бясьсільная злосьць. Супакойцеся. На халеру Лукашэнка паехаў у гэтую далёкую Вэнэсуэлу? На халеру яны пёрлі туды гэты БелАЗ? Каб здаць незалежнасьць? Як толькі бюракратыя ўзьбілася на сваю дзяржаву, яна пачынае разумець перавагі незалежнасьці і пачынае будаваць нацыю. Дзяржава ёсьць, няма нацыі. Паціху нацыя будуецца.

Вераніка, настаўніца:

“НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ НІЧОГА НЕ ПАГРАЖАЕ”

Пакуль Лукашэнка жывы і здаровы, незалежнасьці Беларусі нічога не пагражае. Ён у нас яшчэ па-беларуску загаворыць. Вось пабачыце.

Алесь Бяляцкі, праваабаронца:

“МОЖА ЗДАРЫЦЦА ЎСЁ”

Цяжка сказаць. Я зараз баюся даваць нейкія прагнозы. Таму што, як паказвае досьвед нашага гістарычнага разьвіцьця, на нашым шляху былі розныя развароты, досыць крутыя. Ледзь не на 180 градусаў. А ўлічваючы абсалютную некаштоўнасьць незалежнасьці для Лукашэнкі, можна чакаць усяго, чаго хочаш. І ў гэтай сытуацыі ўсё будзе залежаць ад актыўнасьці нашага народу. Можа здарыцца ўсё. Пераломны этап у нас працягваецца.

Мікалай Статкевіч, старшыня БСДП “Народная грамада”:

“НЕ ДАЗВОЛІМ”

Думаю, што не. Не дазволім. А тым, хто будзе зь Беларусі гэтым займацца, варта нагадаць, што ў беларускім крымінальным кодэксе ёсьць артыкул за здраду дзяржаве. І ён прадугледжвае сьмяротнае пакараньне, якое ў нас пакуль не адмененае. Папярэджваю: да прыбіральні дайсьці не пасьпеюць. Гэтая небясьпека заўсёды над намі будзе, пакуль мы не пачнем ажыцьцяўляць братэрскія адносіны і стратэгічнае супрацоўніцтва з братняй Расеяй праз агульную мяжу Эўрапейскага Зьвязу. Галоўнае, каб на нашым баку былі сымпатыі большасьці.

Валянцін Акудовіч, філёзаф:

“ТАКУЮ МАГЧЫМАСЬЦЬ НЕЛЬГА ВЫКЛЮЧАЦЬ”

Хацелася б думаць, што не. Але гэта зусім не азначае, што такой небясьпекі няма. Пакуль нашым суседам будзе імпэрская Расея, такую магчымасьць мы ня можам ніколі выключаць. Нават тады, калі наша нацыя загартуецца ў паўнавартасную і самадастатковую, нават тады, маючы суседам Расею, мы павінны заўсёды думаць пра такую небясьпеку. А пакуль яна застаецца досыць рэальнай. Мы крыху забыліся, што ўмацаваньне нашай незалежнасьці адбывалася ў немалой ступені і таму, што ў свой час Аляксандра Лукашэнку не пусьцілі ў палітычнае поле Расеі. І ў яго на той момант не было іншых варыянтаў, як актыўна й рашуча заняцца ўмацаваньнем незалежнасьці краіны. І сёньня наша незалежнасьць усё яшчэ залежыць, калі заўгодна, ад аднаго чалавека. І гэты прыклад з прыездам Пуціна ў Беларусь, які ўстрывожыў усіх, каму наша краіна дарагая, сьведчыць пра нашу няўпэўненасьць. Мы яшчэ ад кожнага такога візыту чакаем непрыемных наступстваў для нашай незалежнасьці. Да той пары, пакуль Беларусь ня стане чальцом Эўразьвязу, да той пары гэтая небясьпека будзе захоўвацца. Бо я ня веру, што ў бліжэйшы гістарычны пэрыяд Расея стане дэмакратычнай краінай. Але, акрамя суседа і нашага кіраўніцтва, галоўная праблема, усё ж, у нас саміх. Для нашага грамадзтва незалежнасьць не зьяўляецца той каштоўнасьцю, дзеля якой людзі гатовыя шмат чым ахвяраваць. Я ня ўпэўнены, што ў нас ёсьць дастатковы патэнцыял для грамадзкага супраціву ў выпадку пагрозы незалежнасьці.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.