АДЗІНКА ВЫМЯРЭНЬНЯ БНФ
Старэйшая беларуская партыя БНФ перажывае ўздым. Пра гэта сьведчыць увага публікі да апошняга зьезду партыі, а таксама абраньне на старшыню Лявона Баршчэўскага - знанай постаці беларускага рэнэсансу. Фронт зноў апынуўся ў цэнтры грамадзкай увагі як адзіная ідэйная палітычная сіла, што на першае месца ставіць незалежнасьць краіны і патрэбу нацыянальна-культурнага адраджэньня. Аднак, відавочна, што такая ўвага надаецца пераважна авансам. Занадта вялікі ўзровень чаканьня перамен менавіта ад гэтай палітычнай сілы. БНФ дэкляруе абарону незалежнасьці ў той час, калі зноў абвастрыліся пагрозы анэксіі Беларусі з боку суседняй краіны.
Ці захавае БНФ гэты ўздым і гэтую грамадзкую ўвагу ў сваёй наступнай працы? Усё залежыць ад таго, якім чынам Фронт будзе мацаваць незалежнасьць.
Апэляцыі да ўладаў і да звышдзяржаваў гучаць з часоў абвяшчэньня сувэрэнітэту ў 1991 годзе, але да канца праблемы гарантыяў незалежнасьці не здымаюць. Простая лёгіка падказвае, што змагацца трэба не з праявамі новай калянізацыі, а за ўласны народ. Дакладней, не змагацца, а ўзводзіць свой бастыён, будаваць, рабіць свой стваральны чын.
Зразумела, што найпершым гарантам незалежнасьці мусіць быць народ, нацыя. У слабасьці сёньняшняй нацыі і караніцца боязь страты незалежнасьці. Нацыя недастаткова аб’яднаная і недастаткова пачуваецца нацыяй, каб выглядаць надзейным гарантам уласнай свабоды. А скуль прыходзіць тое нацыянальнае пачуцьцё і самаўсьведамленьне? Найперш, са школы.
Зь беларускай школай - бяда. У Горадні - вялікім абласным цэнтры - няма ніводнай беларускай клясы. Міжволі падумаеш, а чым тады займаецца Гарадзенская рада самай ідэйнай беларускай незалежніцкай партыі? Для таго, каб стварыць клясу, патрэбныя заявы бацькоў. А для гэтага трэба ісьці да людзей, пранікацца іхнымі клопатамі, прапанаваць ім сваю падтрымку. Калі ты здольны да такой працы, тады ў выніку бацькі панясуць у школу патрэбную колькасьць заяваў, беларуская кляса будзе створана, а Гарадзенская рада прывязе на наступны зьезд БНФ неаспрэчны доказ сваёй чыннасьці і эфэктыўнасьці.
Вы скажаце, што БНФ - не Таварыства беларускай школы. Але ў нашых умовах ТБШ, як і Таварыства беларускай мовы - грамадзкія таварыствы, якія апэлююць найперш да ўладаў, і ў справе адкрыцьця беларускіх школ іх апэляцыі павісаюць у паветры. Таму застаецца той мэтад, які практыкуе палітычная партыя БНФ - мэтад “зьнізу”, ад дзьвярэй да дзьвярэй. Калі ТБШ можа канстатаваць антыбеларускую сутнасьць уладаў, якія адмовіліся адчыняць школу, калі ўлады могуць спаслацца на адсутнасьць заяваў ад бацькоў, дык у фронтаўцаў, што ідуць у народ, ад дзьвярэй да дзьвярэй, апраўданьня няма. Няма клясы ў горадзе - значыць, не ўмееце працаваць з людзьмі, значыць, і вас там няма.
Не сакрэт, што палітычная актыўнасьць у беларускім грамадзтве сёньня амаль на нулі. Магчыма, яна й ня вырасьце, пакуль грамадзтва не дасьпее да нацыі. А бяз гэтага і сацыяльныя пратэсты застануцца спарадычнымі бунтамі і не аформяцца ў салідарны прафсаюзны рух. Таму менавіта ў плоскасьці дасьпяваньня нацыі сёньня - галоўная сфэра дзейнасьці БНФ, эфэктыўнасьць якой трэба вымяраць беларускімі школамі і клясамі. Не сакрэт, дарэчы, і тое, што некалі ў вольна абраным парлямэнце менавіта дэпутаты БНФ будуць займацца справамі школы, культуры і нацыянальнай тоеснасьці - так, як гэта ўжо было 15 гадоў таму.
Беларуская кляса, як адзінка вымярэньня працы БНФ, не пакідае магчымасьці для маніпуляваньня, бо гэта рэальная справа, якая верне фронту давер і адпаведна верне ў фронт культурніцкі актыў краіны. Вакол гэтага паўстане маса ідэяў папулярызацыі беларускага навучаньня, вырасьце і ўмацуецца электарат БНФ. А самае галоўнае тое, што акрамя Фронту гэтую працу ня зробіць ніхто.
Пакуль у Беларусі дамінуе расейская школа, незалежнасьці можна патрабаваць толькі “зьверху” (паўтараючы кожны раз, што гэта ўсяго толькі незалежнасьць асабістай улады аднаго канкрэтнага кіраўніка) альбо “збоку” (нагадваючы ЗША і Эўразьвязу пра абавязкі гарантаваць нашу незалежнасьць у замен на вывад зь Беларусі ядзернай зброі). Але замест таго, каб патрабаваць учынкаў ад некага, ці ня час самім ствараць тыя гарантыі.