БЯЗ ЗНАКУ
Фэльетон
Калі гавораць пра краіну, стагодзьдзямі верную сваім традыцыям, вядома, адразу ж узгадваецца Англія. Замшэлыя замкі з камінамі й партрэтамі продкаў, ганарыстыя лорды й джэнтльмэны ў цыліндрах.
Аднак ня менш пасьлядоўная ў выбары каштоўнасьцяў і Расея. Пераносілася сталіца, зьмяняліся цары, генсекі і прэзыдэнты, будаваліся, руйнаваліся і зноў адбудоўваліся храмы, - але бог заставаўся той самы. Дакладней, ня Бог у хрысьціянскім ці мусульманскім сэнсе, а паганскі ідал, Молах, які бесьперастанна патрабуе новых і новых ахвяраў, пакланеньня і абсалютнага падпарадкаваньня, ідал, для якога жыцьцё ня толькі асобнага чалавека, а і лёсы соцень тысяч, і нават мільёнаў - нішто.
Імя гэтага бязьлітаснага ідала - «ДЕРЖАВА».
Дзяржава ў ідэале - гэта «грамадзкі дагавор», мэханізм, прыдуманы для таго, каб упарадкаваць, зрабіць зручным жыцьцё сваіх грамадзян, забясьпечыць іх правы. Для расейцаў жа «держава» - рэч у сабе, якая існуе не для людзей, а людзі існуюць для яе. “Раньше думай о Родине, а потом о себе”. А галоўнае - падпарадкоўвайся тым, хто атаясамлівае сябе з паняцьцем “Родина” - манарх, чыноўнікі, партыя. Уся гісторыя ацэньваецца з такога пункту гледжаньня - галоўнае для краіны ня тое, як жывуць грамадзяне, а яе “мощь”, ну і, вядома, ці яе баяцца суседзі, ці пашыраюцца “пределы”.
Пісьменьнік А.Слуцкі падзяліў усіх уладароў Расеі на “правільных” і “няправільных”. Першыя, якія ўмацоўвалі імпэрыю, гэта - Іван Жахлівы, Пётр І, Аляксандр ІІІ і Сталін. На гэтых дзеячоў трэба арыентавацца ўсім цяперашнім і будучым лідэрам. А пры Аляксандры ІІ, Мікалаі ІІ ды Леніне дзяржава перажывала найгоршыя часы. Не гаворачы ўжо пра сапраўдных пасланцоў сатаны - Гарбачова і Ельцына. Але на першым месцы сярод “державников” - Іосіф Вісарыёнавіч Сталін. У найноўшых расейскіх школьных падручніках гісторыі падкрэсьліваецца ня тое, што на сумленьні гэтага душагуба мільёны ахвяраў, а ў заслугу яму ставіцца дасягнутая “невиданная доселе мощь державы”.
Гэтую ж тэзу даводзіць і іншы пісьменьнік - С.Рыбас, які ў сваёй двухтомнай біяграфіі Сталіна прызнае, што не хацеў бы жыць у тыя часы, але тое, што ў Кобы была “тяжелая десница”, апраўдана расейскімі традыцыямі і інтарэсамі “державы”.
“Інжынэры чалавечых душ” шчыруюць не выпадкова - рыхтуецца база, трон для новага “государя”. Вось што пісаў у “Литературной газете” напярэдадні выбараў у Думу прафэсар, доктар філязофскіх навук А.Казін у праграмным артыкуле “Дэмакратыя ў Расеі” - “Русский народ не любит юриспруденцию и не поклоняется правам человека - он любит своего избранника, за которым чувствует Божью руку… Оптимальной духовно-культурной и политической фигурой такого рода для России был бы законный государь”.
А як не ўзгадаць публіцыста М.Антонава, які раней на старонках гэтай самай газэты дагаварыўся да таго, што “тоталитаризм - это идеальная, высшая форма демократии, народовластия”.
Што ж, пажывем - пабачым, як будзе праходзіць чарговы расейскі экспэрымэнт: абсалютызм у эпоху інтэрнэту, спадарожнікавага TV, глябалізацыі і разбурэньня “жалезных заслонаў”.
Толькі вось узьнікае пытаньне - а ці існуюць боскія або, калі заўгодна, касьмічныя законы справядлівасьці, злачынства і кары? Ці так усё будзе гладка ў народа, які ня толькі не пакаяўся і за ўкраінскі галадамор, і за польскую Катынь, і за беларускія Курапаты, а, наадварот, зноў ставіць на п’едэстал ката, што прынёс незьлічоныя няшчасьці і гэтаму самаму народу? І, калі гэтага не адбылося, чаго вартыя пышныя малебны ў новазбудаваных цэрквах з пазалочанымі купаламі? Нічога - бо гэта ўсё толькі рытуальная аэробіка…
“Беларусы - эта це жа рускія, тока са знакам качаства”, — сказаў адзін жартаўнік. Розныя ёсьць беларусы - добрыя і кепскія, справядлівыя і нягоднікі. Як і кожны іншы народ. Але няма на іх - напэўна - у цэлым, як у народа, - знака Каіна. Бо нікога беларусы не заваёўвалі, не прыгняталі і не зьнішчалі.
Толькі ці атрымаюць яны за гэта якую-небудзь нябесную ўзнагароду?
Чукчы таксама нікога ня крыўдзілі…