НАСУСТРАЧ СЛАЎНАЙ ДАЦЕ

ОНТ выпусьціла Кароткі курс гісторыі СССР

10 сьнежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, пачало вяшчаньне на Беларусь спадарожнікавае тэлебачаньне “БелСат”. Пакуль што беларускамоўнае вяшчаньне на спадарожніку “Астра” займае тры гадзіны на дзень. Гадзінная праграма пачынаецца ў 18.00 менскага часу і потым двойчы паўтараецца. Асноўныя інфармацыйныя, публіцыстычныя і культурніцкія праграмы наперадзе, таму варта пакуль што з ацэнкамі пачакаць.

Так здарылася, што ў той самы дзень на канале ОНТ адбылася прэм’ера новага дакумэнтальнага сэрыяла “Савецкі Саюз” (аўтар сцэнарыя - Ігар Рудамётаў). Гэта, фактычна, працяг сэрыяла “Савецкая Беларусь”, які выйшаў на экраны сёлета раней. (Наша газэта пра яго пісала.)

Калі шукаць кароткае вызначэньне таго, што зрабілі на ОНТ, дык гэта тэлевізійная вэрсія “Кароткага курсу гісторыі ВКПБ”. Толькі з маленькімі дапаўненьнямі і ўпрыгожаньнямі.

Не выпадкова адзін зь першых гістарычных пэрсанажаў, на якога спасылаюцца аўтары фільма - Сталін. Ён, аказваецца, яшчэ ў 1917 годзе выступаў за стварэньне на месцы Расейскай імпэрыі “справядлівага саюзу” рэспублік. Праўда, празь пяць гадоў падрыхтуе плян уваходжаньня Беларусі, Украіны і Закаўкаскай фэдэрацыі ў РСФСР…

Паводле першай сэрыі фільма, у 17-м годзе ў Беларусі былі дзьве плыні - бальшавіцкая, якая абапіралася, нібыта, на беларускае сялянства, і нацыяналістычная.

Прадстаўнікі гэтай плыні абвясьцілі БНР (дата ў фільме ня згадваецца). Пасьля чаго адразу, паводле вэрсіі аўтараў, зьвярнуліся чамусьці па дапамогу да нямецкага кайзэра Вільгельма. Ані словам не згаданыя ні ўстаўныя граматы, ні першы Ўсебеларускі зьезд - першы ў гісторыі беларускага народу агульнанацыянальны прадстаўнічы форум. 90-я ўгодкі гэтай надзвычай важнай падзеі, дарэчы, адзначаюцца акурат у гэтыя дні.

Цікава, што і ўтварэньне БССР 1 студзеня 1919 году яго аўтарамі амаль ня згадваецца - відаць, таксама як другарадная падзея. Ня згадваецца і Літоўска-Беларуская рэспубліка.

Згадваецца Слуцкае паўстаньне. Але зноў жа - у якім кантэксьце! Спачатку гаворыцца пра тое, што Польшча пад кіраўніцтвам Пілсудзкага ў 1920 годзе напала бяз дай прычыны на Савецкую Расею. (Паход Тухачэўскага на Варшаву апускаецца як неістотны эпізод.) Кіраўнікі паўстаньня — эсэры, маўляў, не захацелі прызнаць польскую ўладу, а заадно выказалі пратэст супраць бальшавіцкага ўраду Беларусі. І на гэтым усё. Што сталася з войскам паўстанцаў і яго кіраўнікамі - суцэльная загадка.

Адметная рыса сэрыяла - безаблічнасьць гісторыі, амаль поўная адсутнасьць датаў і постацяў. У фільме няма імёнаў і фатаграфіяў людзей, якія змагаліся за незалежнасьць Беларусі, стаялі ля вытокаў беларускай дзяржаўнасьці. Адзінае выключэньне - Аляксандар Чарвякоў. Але яго імя і фатаграфія зьяўляюцца на экране толькі ў сувязі з абвяшчэньнем СССР 30 сьнежня 1922 году, разам з фатаграфіямі іншых дэлегатаў Беларускай ССР. Да прыкладу - чырвонага партызана Іосіфа Адамовіча, чырвонага камандзіра, героя Грамадзянскай вайны (!) Яна Фабрыцыюса і іншых.

85-й гадавіне стварэньня СССР і прысьвечаны сэрыял, як кажуць яго аўтары.

30 сьнежня яшчэ досыць далёка. Цяжка пазбавіцца ўражаньня, што выхад сэрыяла “Савецкі Саюз” на экран прымеркаваны да прыезду ў Менск прэзыдэнта Расеі Пуціна. Так бы мовіць, падарунак насустрач эпахальнаму пасяджэньню Вышэйшага Савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Як вядома, Пуцін назваў распад СССР 8 сьнежня 1991 году “найвялікшай геапалітычнай катастрофай 20-га стагодзьдзя”.

Камусьці вельмі карціць перакрэсьліць гісторыю і вярнуцца ў савецкае мінулае?

Стваральнікі згаданага фільма, выглядае, у гэтым мінулым і засталіся.

Максім Пешка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.