Ці маюць выбары ў Расеі значэньне для Беларусі?

Аляксандар Дабравольскі, Аб’яднаная грамадзянская партыя:
“ГЭТА ЎСЁ НАГАДВАЕ БЕЛАРУСЬ”
Пераможцы былі вядомыя адразу. І ўлада зрабіла ўсё, каб тыя людзі, якіх яна ня можа выкарыстаць, наогул ня трапілі ў Дзяржаўную думу. Большае значэньне тут мае ня вынік выбараў, які быў вядомы, а сам характар выбарчай кампаніі. Гэтая кампанія вельмі мала нагадвала выбары. Людзей арыштоўвалі, не давалі распаўсюджваць агітацыйную прадукцыю. Гэта ўсё нагадвае Беларусь. І ў нас, і ў Расеі ўлада мае за мэту не зрабіць нешта добрае для краіны, а захаваць уладу. Крыўдна, што ў Расеі, якая зьяўляецца для нас вялікім суседам, у Думе няма ніводнага прадстаўніка, зь якім можна было б нармальна гаварыць.

Канстанцін, мэнэджэр:
“НЯ ТРЭБА ЕЗЬДЗІЦЬ У РАСЕЮ”
У сёньняшняй Расеі Беларусь можа пабачыць сябе. Тое, што там робіцца – гэта не дасягненьне Пуціна. Маятнік пайшоў у другі бок. Расея вяртаецца ў свой нармальны стан усходняй дэспатыі. Усе сымпатычныя людзі, якія з гэтай нагоды вельмі моцна хвалююцца, павінны супакоіцца і цьвяроза паглядзець праўдзе ў вочы. Ня Пуцін загадваў зрабіць у Чачні 99 працэнтаў. І ўсё астатняе, пачынаючы ад урачыстай сустрэчы Калоева-забойцы і сканчаючы лізаблюдзкім шабасам у Цьверы, ня Пуцін натхняў. Юрысты ўжываюць такі тэрмін, як “эксцэс выканаўцы”. І ўсе гэтыя маленькія выканаўцы, як у Расеі, так і ў нас, спаборнічаюць у тым, хто глыбей лізьне. Праблема ня ў тым, што нешта ня так лічылі, ці кагосьці не пусьцілі да мікрафону. Праблема ў тым, што “Яблоко” ды “СПС” зашмат часу і энэргіі змарнавалі на разборкі паміж сабой. Тое самае адбываецца і ў нас. Для нас гэтыя выбары – добры паказьнік таго, што ня трэба езьдзіць у Расею, з кімсьці гаварыць пра нашу свабоду і спадзявацца на нейкае паразуменьне. Адзіная выснова – трэба плённа займацца працай і менш энэргіі марнаваць на разборкі паміж сабой.

Віталь Сіліцкі, аналітык:
“ВЫБАРЫ ТАМ – ГЭТА ЦЫРЫМАНІЯЛЬНЫ РЫТУАЛ”
Наўрад ці. Бо яны страцілі значэньне ў самой Расеі. Выбары там больш не зьяўляюцца мэханізмам зьмены ўлады. Гэта цырыманіяльны рытуал, які збольшага нагадвае беларускія выбары. Расейскія выбары ня маюць дачыненьня ні да раскладу ўладаў, ні да балансу сілаў. У Расеі працуюць тэхналёгіі зьнішчэньня палітычных альтэрнатываў.

Алег, настаўнік:

“ТРЭБА ГАВАРЫЦЬ ПРА АДРАДЖЭНЬНЕ ІМПЭРЫІ”
Пра якія выбары вы гаворыце? Гаварыць трэба пра адраджэньне Расейскай імпэрыі. Ці мае значэньне адраджэньне імпэрыі для яе калёніяў? Прыпячэ так, што мала не падасца нікому. Ні Лукашэнку, ні апазыцыі, ні так званаму простаму чалавеку. За сваю незалежнасьць трэба будзе заплаціць той манэтай, якую плацілі ўсе нашыя суседзі. А інакш – расейскі пашпарт з усімі наступствамі.

Вінцук Вячорка, старшыня БНФ:
“НІЯКІХ ЗЬМЕНАЎ У РАСЕІ СТАСОЎНА БЕЛАРУСІ НЯ БУДЗЕ”
Для Беларусі мае значэньне тое, што Расея наш сусед на Ўсходзе. І ў гэтым сэнсе палітычныя падзеі, якія там адбываюцца, для нас значэньне маюць. Той спэктакаль, які быў на днях, прынцыпова нічога не памяняў у расейскай палітыцы. Толькі пацьвердзіў, што яна ўпэўнена пераходзіць да аўтарытарнай дзяржаўнай мадэлі. А ўсьлед за ёй – і да таталітарнай. На ўзроўні ідэалягічных штампаў там адраджаецца імпэрыялізм, які на практыцы нікуды не дзяваўся. І ў гэтым сэнсе ніякіх зьменаў у палітыцы стасоўна Беларусі ў Расеі ня будзе. Ну, а калі гаварыць пра тое, што там лідэрам апазыцыйных партыяў ламаюць рукі, геніяльных людзей садзяць на іхныя “акрэсьціна”… Гэта ў тых на Захадзе, хто яшчэ спадзяваўся, што сьветачам дэмакратыі для Беларусі можа быць Расея, адбірае такія аргумэнты. Можа, у гэтым ёсьць адзіны пазытыў з таго, што мы назіралі апошнімі месяцамі.

Валянціна, пэнсіянэрка:
“МЫ ПАД НАДЗЕЙНЫМ ПАРАСОНАМ”
Абсалютна ня мае ніякага значэньня. Каго б яны ні выбралі, пакуль у нас ёсьць Лукашэнка, мы пад надзейным парасонам. Хай падымаюць цэны на газ, хай спрабуюць тут усё паскупляць. Нічога ў іх з гэтага не атрымаецца.

Уладзімер Мацкевіч, аналітык:
“НЕМАГЧЫМА НЕ ЦІКАВІЦЦА НАДВОР’ЕМ У АКІЯНЕ”
Думаю, што ўсе кропкі над “і” расстаўленыя. Для Беларусі мае значэньне ўсё, што адбываецца ў Расеі. Таму што, калі жывеш на ўскрайку лесу, пустыні, акіяну, усё, што адбываецца ў гэтай стыхіі, важна для тых, хто жыве побач. Немагчыма не цікавіцца надвор’ем у акіяне, калі ты жывеш на яго беразе. Вее холадам. Дэмакратыя ў Расеі згорнутая. На сёньняшні дзень мы маем толькі афіцыйны Крэмаль. І ніякіх іншых суб’ектаў, зь якімі мы маглі б мець дачыненьні, і зь якімі мы, так бы мовіць, маглі б гуляць на ўсходнім палітычным полі, у нас больш няма і ня будзе.

Валянцін Акудовіч, філёзаф:
“БОЛЬШ, ЧЫМ ДЛЯ РАСЕЙЦАЎ”
Расейскія выбары для Беларусі, магчыма, значаць больш, чым нават для саміх расейцаў. Мы ня проста зьвязаныя. Мы зьнітаваныя, калі заўгодна, з Расеяй эканамічна, палітычна, інфармацыйна, культурна і гэтак далей. І разам з тым, мы ня маем мэханізму, каб нэўтралізаваць усе гэтыя ўплывы. Калі ў Расеі адбываецца нават ня зьмена курсу, а зьмена канфігурацыі палітычнай улады, для яе гэта натуральна. Але гэтая зьмена не супадае зь лёгікай нашага разьвіцьця. Мы мусім улічваць і нават падпарадкоўвацца гэтай чужой лёгіцы. Расея вяртаецца ў сваё візантыйства, да аўтарытарна-паліцэйскай дзяржавы. З гэтага вынікае, што ў Расеі ўсё больш абуджаюцца яе імпэрскія комплексы. І я не выключаю, што яшчэ праз адны-другія выбары гэтыя комплексы перамогуць. Расея проста змушана будзе, тоесна са сваёй натурай, заняцца “зьбіраньнем земляў”. І таму, мне здаецца, і Эўропа, і Амэрыка, і найперш Беларусь павінны вельмі сур’ёзна паставіцца да тых палітычных тэндэнцыяў, якія адбываюцца ў Расеі. Бо калі я ў сваіх прагнозах не памыляюся, гэта можа скончыцца для нас вельмі нядобра. Мы памятаем, чым скончылася зьбіраньне земляў у Нямеччыне пасьля І-й сусьветнай вайны. Для Беларусі абсалютна ясна – пакуль яна ня будзе абаронена Эўразьвязам, кожныя наступныя выбары ў Расеі будуць несьці пагрозу яе каштоўнасьцям. Найперш – незалежнасьці.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.