ЧАМУ ВЭНЭСУЭЛА НЕ БЕЛАРУСЬ
Рэфэрэндум аб пажыцьцёвым прэзыдэнцтве праваліўся
“Ну і лох гэты Уга Чавэс” – адначасова выгукнулі ў Менску і ў Маскве. Вэнэсуэльскі кіраўнік зганьбіў “клюб дыктатараў”, пацярпеўшы паразу на рэфэрэндуме.
У тым, што Чавэс пераможа, не сумняваўся амаль ніхто. “Уга выдатна спраўляецца”, — адзначыў напярэдадні Аляксандар Лукашэнка. І на Захадзе, і ў Расеі вялікіх ілюзіяў наконт посьпехаў Чавэса не было, аднак і там, і там лічылі, што “не істотна, як галасуюць, істотна, хто лічыць”.
І раптам высьветлілася, што на рэфэрэндуме большасьць прагаласавала супраць Чавэса. Прычым для перамогі яму не хапіла менш за 1%. Гэты фэномэн варты таго, каб разабрацца ў ім дэтальна.
Пачнем з таго, што рэфэрэндум тычыўся паправак у Канстытуцыю, якія намагаўся ўнесьці Чавэс. Шмат што ён яўна запазычыў з досьведу свайго беларускага калегі. Практычна галоўным пытаньнем была адмена абмежаваньняў на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека: Чавэс заявіў, што мае намер кіраваць Вэнэсуэлай да 2050 году.
Акрамя таго, Уга вырашыў пашырыць свае паўнамоцтвы, падпарадкаваць сабе Нацыянальны банк, замацаваць права нацыяналізацыі прыватнай уласнасьці, стварыць у рэгіёнах новыя органы ўлады – Саветы, то бок, фактычна перавесьці краіну на прынцыпы сацыялізму. Аднак, каб заахвоціць выбаршчыкаў, у пакет для галасаваньня таксама былі ўключаныя шэраг папулісцкіх пытаньняў. Прыкладам, працоўны дзень прапаноўвалася зьменшыць з 8 да 6 гадзін. Таксама размова вялася пра падвышэньне пэнсіяў ды іншыя выгоды для простага люду.
А той узяў ды не купіўся. І замест “ашаламляльнай перамогі”, якую абяцаў сваім прыхільнікам Чавэс, атрымалася параза.
Для беларускага грамадзтва з гэтага вынікае шэраг непрыемных адкрыцьцяў. Па-першае, нават у Вэнэсуэле лічаць галасы. А ў нашай эўрапейскай краіне ўсе вынікі вядомыя задоўга да любых выбараў і рэфэрэндумаў.
Па-другое, не сакрэт, што значная частка грамадзтва заключыла з Лукашэнкам пэўны сацыяльны кантракт: ён забясьпечвае адносны (падкрэсьліваю: адносны) дабрабыт, а выбарцы дазваляюць яму рабіць усё, што заўгодна. Чавэс таксама сёе-тое зрабіў для сваіх суайчыньнікаў, але, як высьветлілася, у іх існуюць і іншыя каштоўнасьці, акрамя таннага бэнзыну і кілбасы (ці бананаў).
Можна знайсьці і іншыя паралелі не на карысьць сучаснай Беларусі. Да прыкладу, вось як пракамэнтаваў апошнія падзеі кіраўнік аднаго з раёнаў Каракаса (сталіцы Вэнэсуэлы) Леапольда Лопэс: “Мы ўсе шчасьлівыя, таму што сёньняшнія вынікі – гэта не перамога адной партыі над іншай, гэта перамога дэмакратыі над аўтарытарным праектам”.
Ці вы сабе можаце ўявіць чалавека з падобнымі настроямі на чале якога-небудзь раёну беларускай сталіцы?
Таксама бяз рызыкі памыліцца можна прадказаць хуткае звальненьне цяперашняга кіраўніка Ненецкай аўтаномнай вобласьці РФ. Бо гэты рэгіён – адзіны ў фэдэрацыі, дзе за “Единую Россию” прагаласавала менш за палову выбаршчыкаў. Параўнайце з 99% у Чачні ці хаця б зь сярэднімі вынікамі па краіне.
Сутнасьць гэтых брэжнеўскіх лічбаў зразумелая кожнаму нармальнаму чалавеку. Але савецкая мэнтальнасьць моцна ўелася ў мазгі некаторых постсавецкіх кіраўнікоў. Калі Лукашэнка ўпершыню заявіў, што за яго ў 2006 годзе прагаласавала 95%, але ён загадаў зьменшыць гэты адсотак да лічбаў, больш “эўрапейскіх” – гэта можна было палічыць за няўдалы жарт. Але днямі кіраўнік Беларусі ізноў паўтарыў гэта – у інтэрвію гішпанскай газэце “Эль Паіс”.
Лукашэнка лічыць, што такім чынам дэманструе сваю дэмакратычнасьць. Аднак для эўрапейцаў любая фальсыфікацыя вынікаў выбараў – гэта крымінальнае злачынства (між іншым, паводле беларускага заканадаўства — таксама). І калі кіраўнік дзяржавы публічна засьведчыў сваю непавагу да закону, пра што тут яшчэ можна казаць?!
Быў час, калі Захад зьбіраўся дэмакратызаваць Беларусь, далучыўшы яе да Расеі. Аднак апошнія падзеі сьведчаць, што гэта Масква пераняла досьвед Менску, а не наадварот. Хутчэй ужо можна разьлічваць, што Аляксандра Лукашэнку навучыць сапраўднай дэмакратыі Уга Чавэс. Тым больш, што кіраўнік Беларусі зьбіраецца наведаць Вэнэсуэлу яшчэ ў сьнежні. Так бы мовіць, па гарачых сьлядах…
Аднак наўрад ці Лукашэнка возьме на ўзбраеньне вэнэсуэльскую мадэль падліку галасоў. Беларускага кіраўніка, хутчэй за ўсе, будзе турбаваць іншае. Перадусім апынулася пад пагрозай “стратэгічнае партнэрства” паміж РБ і Вэнэсуэлай, якое грунтуецца выключна на адносінах паміж цяперашнімі кіраўнікамі гэтых краінаў. Акрамя таго, ёсьць яшчэ адзін непрыемны момант. Вядома, што ў Вэнэсуэле беларускі бок зьбіраўся ня толькі здабываць нафту, але й пасьпеў ужо збудаваць камфартабэльныя вілы – так, на ўсялякі выпадак, калі справы на Бацькаўшчыне пойдуць ня так, як хацелася б. Аднак цяпер гэты “запасны аэрадром” таксама апынуўся пад пагрозай…