ПЛЯШАМ МЫ НАТХНЕННА

Фэльетон

Адшумелі інтэрнэтныя жарсьці з нагоды візыту некалькіх беларускіх рок-музыкаў у прэзыдэнцкую адміністрацыю. Але праблема засталася, дый не магла не застацца, бо яна вечная. Адносіны “мастак – улада”, “мастак – моцныя гэтага сьвету” ніколі ня будуць вырашаныя канчаткова. Мастак – бы ліяна, можа спарадзіць прыгожыя творы-кветкі, але, каб яны былі бачныя іншым, павінен мець цьвёрдую апору, падтрымку. Не было б Мікелянджэла без Ватыкану і Медзічы, Сурыкава – без Трацякова, і гэтак далей. Ці не найбольш пашэнціла нарвэскаму скульптару Густаву Вігелану, над якім дзяржава ўзяла пажыцьцёвую апеку, дзякуючы якой ён стварыў свой славуты (але, на жаль, невядомы беларусам) Фрогнер-парк у Осла. Але гэта, хутчэй, шчасьлівае выключэньне, чым правіла. А правіла дыктуе больш ці менш балючыя кампрамісы, саступкі аж да поўнага продажу душы д’яблу. І кожны выпадак трэба разглядаць індывідуальна, кожны раз гэта праблема выбару самога мастака, ягонага сумленьня. Ніхто, ні адна асоба збоку ня можа падказаць яму адзіна правільны й маральна бездакорны выбар.

Польскі рэжысэр Кшыштаф Занусі апавядаў, як цяжка было яму адмовіцца ад подпісу пад лістом у абарону арыштаваных дысыдэнтаў. Але ён не паставіў гэты подпіс, бо гэта абазначала б для яго адлучэньне ад кіно. А ён палічыў для сябе важнейшым застацца ў сваёй прафэсіі, хоць многія яго й тады, і цяпер папракаюць за гэта. (Варта зазначыць, між іншым, што асабліва голасна папракаюць вядомых творцаў за іхныя кампрамісы з камуністычнай уладай тыя, каму гэтая ўлада нічога не прапаноўвала ў сілу іхнай бяздарнасьці.)

Ня ўсе творцы знаходзяцца ў аднолькавых умовах праз спэцыфіку свае дзейнасьці. Мастак можа маляваць у сваёй майстэрні ці сваёй хаце, хоць і ня мае магчымасьці свае творы выставіць, паэт можа пісаць “у стол” або “у інтэрнэт” ці выдаць кнігу за свой кошт. Кінарэжысэр бяз студыі, безь фінансаў – ніхто, тое ж можна сказаць пра кампазытара або дырыжора без аркестра.

Любое мастацтва – як бінарная, двухкампанэнтная зброя, існуе толькі ў сыстэме “твор – спажывец”. Верш без чытача – сапсаваны лісток паперы, карціна без гледача… ну й так далей.

Асабліва гэтае пытаньне абвастраецца, калі гутарка заходзіць пра рок-музыку. З аднаго боку, паводле свайго вызначэньня гэта музыка пратэсту, супраціву. Зь іншага – частка шоў-бізнэсу, а бізнэс – гэта рынак, кірмаш, дзе трэба свой тавар прадаць, чым больш і чым даражэй. Калі “Бітлы” пратэставалі супраць вайны ў Віетнаме, гэта толькі павялічвала іхную папулярнасьць і даходы. А што рабіць у Беларусі, дзе беларускае слова, ці то друкаванае, ці прасьпяванае – патрэбнае як паветра? Як сьпяваць, калі табе “перакрываюць кісларод” – канцэртныя залі, экраны TV, радыё? А сьпяваць трэба, бо інакш тваё месца будзе занятае расейскай ці іншай замежнай “папсой”. Што рабіць, як дасягнуць перамогі, захаваўшы бездакорную цнатлівасьць і белыя адзеньні?

І зноў, зноў варта паўтарыць – “кожны выбірае для сябе”, як сказаў паэт. Хто цяпер возьмецца адназначна ацаніць выбар Пазьняка ці выбар Казуліна? А ўзяць культуру пасьляваеннай Літвы – амаль кожны творца быў калі ня сам рэпрэсаваны, дык меў нейкага сваяка расстралянага або сасланага да берагоў мора Лапцевых. І – працавалі, сьціснуўшы зубы, і стварылі сваю культуру, за якую ня сорамна й цяпер, узгадайма літоўскі тэатар Мільцініса, фільмы Жалакявічуса, прозу і паэзію. Урэшце ўсё вырашае якасьць “прадукту”. З кім там быў Дантэ? З гвэльфамі ці з гібэлінамі? І ўвогуле, каму цікава, кім яны былі й чаго хацелі? Паэт Мікалай Ціханаў забыты не таму, што “прадаўся бальшавікам”, а таму, што гэты шлях прывёў яго да поўнай творчай імпатэнцыі. А вось Шастаковіч здолеў вывесьці сваю творчасьць паміж Сцылай і Харыбдай…

Калі ж твор мае ўзровень “Танцаў на палянцы”, дык ці не ўсё роўна, з кім і для каго “пляшуць натхненна” аўтары такіх опусаў?

Алег Аблажэй

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.