ХТО ПАМЁР?
альбо да паўторанага сто разоў прывыкаеш
На гэтым тыдні Радыё Свабода арганізуе сустрэчу з групай беларускіх грамадзкіх актывістаў і палітыкаў, якія паехалі з афіцыйным візытам у Амэрыку. Напэўна ж будуць сустракацца з тымі дабрадзеямі, што ўспамагаюць дэмакратычным пераменам у нас. Вінцук Вячорка на тым самым радыё нядаўна казаў, што большая частка дапамогі ідзе якраз на ўтрыманьне свабодных сродкаў масавай інфармацыі. Дык, можа быць, у сувязі з усім гэтым будуць дарэчы і мае пытаньні, бо запрашалі ж слухачоў задаваць іх.
Першае. Ці слухаюць грамадзкія актывісты ды палітыкі свабоднае радыё? Ці праводзіліся апытаньні сярод грамадзкіх ды палітычных дзеячоў, хто якую станцыю слухае, як ацэньвае?
Другое. Нашы радыёстанцыі дэкляруюць сябе як незалежныя, якія працуюць за грамадзкія сродкі дзеля грамадзкіх патрэбаў. А якім чынам грамадзтва можа ўплываць на працу журналістаў?
Моўная заўвага. Пішаш, пішаш, а што толку? “Хто как хаціт, тот так і гаварыт”. Да паўторанага сто разоў незаўважна прывыкаеш. Вось я, напрыклад, пачаў прывыкаць, што замест слова “памёр” кажуць “памер”. Нядаўна чуў у радыё: “Прэм’ер-міністр Беларусі заявіў: памер…” Сэрца ёкнула – хто ж там памёр, калі сам прэм’ер робіць заяву? Даслухаў фразу да канца – дзякаваць Богу, аказалася, усе жывыя. “… памер дапамогі беспрацоўным будзе павялічаны…”. Адлягло.