Дзеля чаго ў Беларусі створана “Белая Русь”?

Зьміцер Бандарэнка, праваабаронца:
“ДАКЛАДНАГА ПЛЯНУ ПАКУЛЬ НЯМА”
Перамены ў грамадзтве непазьбежныя. І гэта адчувае нават сам Лукашэнка. Безумоўна, гэта абумоўлена эканамічнымі праблемамі. Складаецца рэвалюцыйная сытуацыя, калі вярхі ня могуць кіраваць па-старому. Таму йдзе пошук нейкіх варыянтаў. У адрозьненьне ад РФ, дзе “Единая Россия” – правераны шлях, тут ідзе пошук. Але Лукашэнка баіцца ствараць партыю ўлады. Таму нешта робіцца, але ніхто ня можа зразумець, зь якой мэтай. Лукашэнка прызвычаіўся кіраваць самастойна, а тут трэба рабіць нейкі перадзел улады, перадачу функцыяў, а гэтага вельмі ня хочацца. Пад ціскам абставінаў ён вымушаны ісьці на нейкія зьмены. Але дакладнага пляну пакуль няма.

Вераніка, хатняя гаспадыня:

“ЛУКАШЭНКА БАІЦЦА”
Лукашэнка, відавочна, баіцца. Баіцца будучага эканамічнага крызысу, які толькі пачынаецца. Баіцца свайго атачэньня. Баіцца свайго народу. Таму хочацца яшчэ адной арганізацыі, якая прысягнула б на вернасьць. А з другога боку, падзяліла б зь ім адказнасьць за ўсё, што было наварочана ім раней і што будзе ў будучыні.

Аляксандар Класкоўскі, журналіст:
“МАГЧЫМА, ДАВЯДЗЕЦЦА ІМІТАВАЦЬ ДЭМАКРАТЫЮ”
Па-першае, гэта даволі даўні праект нейкай групы ўладных паліттэхнолягаў. Яшчэ гады тры таму пачыналі раскручваць гэты праект, потым яго закансэрвавалі, зараз новая фаза. І мне падаецца, што ў гэтай сытуацыі сам кіраўнік дзяржавы не зьяўляецца вялікім энтузіястам. Можна згадаць, як ён, выступаючы нядаўна перад расейскімі журналістамі, крытыкаваў пуцінскі варыянт праўладнай партыі й казаў, што нам гэтага ня трэба. У Расеі, калі можна так сказаць, карпаратыўны аўтарытарызм. Пуцін умее весьці камандную гульню, а беларускі афіцыйны лідэр да гэтае пары ня быў заўважаны ў такіх схільнасьцях. Таму, я думаю, ён ня надта гарыць жаданьнем дзяліцца ўладай нават з партыяй улады. Разам з тым, ён, як палітык вельмі чуйны, адчувае, што ўмовы мяняюцца. І, магчыма, пад ціскам Захаду давядзецца імітаваць нейкую дэмакратызацыю. Таму, з аднаго боку, аформілі вось гэтую арганізацыю. Разам з тым, відавочна, што на чале паставілі пакуль што тэхнічную фігуру. Таму што ні прывітаньня прэзыдэнцкага не было, ні асаблівага звону ў афіцыйных мэдыях. То бок, праект закансэрвавалі на той выпадак, калі ўжо ранейшая сыстэма ня будзе працаваць ці, дакладней, ужо нельга будзе так брутальна дамагацца патрэбных вынікаў падчас чарговай выбарчай кампаніі. Тады прыйдзе чарга больш тонкай гульні. Магчыма, гэта будзе адзін з варыянтаў апэрацыі “пераемнік”. Вось тады, можа быць, “Белая Русь” і  спатрэбіцца, ужо ў якасьці партыі ўлады.

Валянцін, прадпрымальнік:
“ХОЧАЦЦА НЕПАДРОБНАЙ ЛЮБОВІ”
Ім рухае зайздрасьць да Пуціна. Хочацца такіх жа мітынгаў у падтрымку сябе, любімага. Такой жа непадробнай любові хочацца. Але ж любоў ня купіш. Пуцін – нацыяналіст. А Лукашэнка ўвесь час казыраў сацыяльнымі дабротамі. А зараз яму нават ужо й купіць тую любоў няма за што. І з кожным днём будзе толькі горш. Таму нас гвалтам будуць вучыць любіць яго. І гэта будзе вельмі цікавае кіно.

Анатоль Ляўковіч, палітык:

“НА ВЭРТЫКАЛІ СЯДЗЕЦЬ АДНАМУ МУЛКА”
Гэта яшчэ ня факт, што кіраўнік дзяржавы даў поўную адмашку, што “Белая Русь” будзе партыяй. Але нейкі сыгнал ідзе ад яго. Чалавек абапіраецца на адну вэртыкаль. А на ёй сядзець вельмі мулка. Таму, на ўсялякі выпадак, яму хочацца стварыць нейкую структуру грамадзкую, каб прадэманстраваць Захаду, што йдзе разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці. Прадэманстраваць сваім палітычным апанэнтам, што яго падтрымлівае грамадзтва. Каб не ОМОН ішоў на дэмакратычныя грамадзкія аб’яднаньні, а самі грамадзяне гуртаваліся. Тут шмат варыянтаў. У любым выпадку, як кажуць, дыму без агню не бывае… Сытуацыя ў яго няпростая. І трэба аддаць яму належнае – ён у гэтай сытуацыі някепскі гулец.

Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы:

“ГЭТА СЬВЕДЧЫЦЬ АБ НЯЎПЭЎНЕНАСЬЦІ ЎЛАДЫ”
Я думаю, што гэта сьведчыць аб няўпэўненасьці ўлады ў заўтрашнім дні. Таму яна й ствараецца, як нейкі запасны варыянт, на тыя абставіны, якія пакуль што цяжка прадугледзець. “Белую Русь” зарэгіструюць тэрмінова, і яна будзе ляжаць у калодзе, як джокер. Калі, дапусьцім, стане вельмі кепска, яны аб’явяць, што мажарытарная сыстэма мяняецца на шматпартыйную. І партыя гатовая ёсьць. Гэта прыкмета таго, што ўлады рыхтуюцца да патапленьня карабля. І рыхтуюць шлюпку. Лідэр дзяржавы дазволіў ім гэтую шлюпку стварыць, але ня вельмі ўхваляе.  Ім нават забаранілі партыяй называцца. Вельмі няпэўная сытуацыя. Заўважце, што туды пайшлі многія другарадныя асобы. Першых асобаў там ня бачна, кшталту Шэймана ці Сідорскага. Гэта запасны аэрадром. Гэта мне нагадвае стварэньне партыі Жырыноўскага напрыканцы існаваньня Савецкага Саюзу. Самае сьмешнае, што ў “Белую Русь” толькі аднаго рабочага запісалі. І той, мабыць, чыйсьці сваяк. Калгасьніка ніводнага няма. Гэта вельмі сьмешнае стварэньне.

Валянцін Акудовіч, філёзаф:
“СІЛАЎ У ЛУКАШЭНКІ СТАНОВІЦЦА ЎСЁ МЕНЕЙ”
Найперш у факце стварэньня партыі ўлады я бачу, што сілаў у Аляксандра Лукашэнкі ўсё меней. Калі раней ён паўсюль хацеў прысутнічаць адзін – і ў эканоміцы, і ў сельскай гаспадарцы, і нават у прыватным бізнэсе, ужо ня кажучы пра палітыку, дык зараз, напэўна, прыходзіць разуменьне, што сілы трэба эканоміць. Не растрачваць іх там, дзе гэта ня мае сэнсу. На гэтае рашэньне, пэўна, паўплывала эфэктыўнасьць “Единой России”. Той эфэкт, які зараз дэманструе гэтая палітычная структура ў суседняй краіне, напэўна, яго пакрысе пераканаў, што гэта зусім ня лішне. Відавочна, што ў гэтага кроку ёсьць шмат функцый і задач. Перадусім, стварыўшы партыю ўлады, значна прасьцей і эфэктыўней кантраляваць парлямэнт. Можна будзе перайсьці да партыйных сьпісаў, пусьціць у парлямэнт, акрамя партыі ўлады, “лібэралаў” Гайдукевіча і “правільных” камуністаў, і ня мець з парлямэнтам ніякіх турботаў. Бо пакуль туды выбіраюць кожнага паасобку, ніколі ня ведаеш, з каго раптам выскачыць Парфяновіч ці Скрабец. А так ёсьць партыйная дысцыпліна, ёсьць лідэр, які будзе адсочваць кожны рух чальцоў партыі, ну, а лідэр, ясна, цалкам падначалены ўладзе. Другі момант. У зьвязку з тым, што робяцца рухі ў бок Эўропы, партыя ўлады магла б узяць на сябе функцыю дыялёгу зь іншымі палітычнымі сіламі. Радзькоў, не пасьпела яшчэ партыя аформіцца, аб’явіў, што ён гатовы сустрэцца зь лідэрамі апазыцыйных партыяў. Такім чынам, Эўропе было прадэманстравана, што “мы гатовыя да дыялёгу”. Акрамя таго, палітычнымі сродкамі можна будзе кантраляваць палітычную сытуацыю па ўсёй краіне. Не праз Адміністрацыю прэзыдэнта й розныя адміністратыўныя органы, а праз партыю ўлады, куды ўступяць усе чыноўнікі ўсіх інстытуцыяў. Пакуль парлямэнт будзе падначалены партыі ўлады, ніякія законы на карысьць тых, хто выйдзе на плошчу, прынятыя ня будуць. Рэвалюцыя будзе проста бунтам. Лукашэнка будзе выкарыстоўваць гэту партыю для канкрэтных патрэбаў, але ня дасьць магчымасьці стаць моцнай палітычнай сілай, як гэта атрымалася ў Расеі. Таму будзе трымаць яе ў чорным целе.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.