ДЫЯЛЁГ ОПТАМ І ЎРАЗДРОБ
Кіраўніцтва РБ не жадае кампрамісу
На мінулым тыдні зноў выйшла на першы плян тэма перамоваў, як вонкавых, так і ўнутраных. У Менску адбыўся міжнародны форум, дзе гаворка вялася пра неабходнасьць дыялёгу паміж Рэспублікай Беларусь і Эўразьвязам. А ў прэзыдэнцкай адміністрацыі прайшла сустрэча галоўнага ідэоляга Алега Праляскоўскага з “забароненымі” музыкамі.
Дамаўляцца ў нашых умовах няпроста. Але, у кожным выпадку, гэта лепш, чым ваяваць. Аднак, каб не паўтараць старых памылак, варта засвоіць некаторыя ўрокі мінулага.
На скрыжаваньні стагодзьдзяў зь вялікай помпай быў запушчаны праект пад назвай “Грамадзка-палітычны дыялёг”. Ягоным аўтарам лічыўся Ганс-Георг Вік, тагачасны кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску.
Спадар Вік быў ці ня першым з “заходнікаў”, хто пасьля канстытуцыйнага перавароту 1996 году паспрабаваў адыграць ролю пасярэдніка паміж Аляксандрам Лукашэнкам і апазыцыяй. Дзеля гэтага кіраўнік місіі АБСЭ пайшоў на пэўныя хітрыкі. Некаторыя ягоныя заявы фактычна супярэчылі жорсткай пазыцыі, якую займаў Захад адносна афіцыйнага Менску. Такім чынам, Вік спрабаваў стаць “сваім” для ўладаў РБ.
У пэўнай ступені гэты прыём спрацаваў. Кіраўніцтва Беларусі вырашыла, што знайшло сабе ўплывовага хаўрусьніка, і што наогул Захад падае сыгнал пра гатоўнасьць нармалізаваць дачыненьні. Таму з ласкі Лукашэнкі “грамадзка-палітычны дыялёг” быў запушчаны.
Але як толькі высьветлілася, што гэта ня дзеля выгляду, а трэба йсьці на нейкія саступкі апазыцыі насамрэч, разьюшаны кіраўнік Беларусі спыніў спэктакаль. “Грамадзка-палітычны дыялёг” скончыўся правалам, а Лукашэнка яшчэ доўга вінаваціў Віка ў падмане.
Усе іншыя спробы навесьці масты зь цяперашнім рэжымам РБ таксама посьпеху ня мелі. Тут варта прыгадаць і шматлікія візыты нямецкай дэпутаткі Уты Цапф, якая вельмі намагалася пасябраваць з афіцыйным Менскам. Але самы яскравы вынік усіх гэтых захадаў – выдаленьне спадарыні Цапф з выбарчага ўчастку падчас галасаваньня, не зважаючы на пасьведчаньне міжнароднага назіральніка.
Апошнім часам сытуацыя крыху зьмянілася. Нафтагазавы канфлікт з Расеяй прымусіў Менск шукаць шляхі, каб трохі палепшыць дачыненьні з Захадам. Праблема ў тым, што кіраўніцтва РБ, як і раней, не жадае разумець сутнасьці кампрамісу: каб дасягнуць яго, кожны з бакоў мусіць зрабіць некалькі крокаў насустрач.
Гэта яшчэ раз засьведчыла сытуацыя з прапановамі Эўразьвязу. Нагадаю, што год таму ЭЗ зьвярнуўся да Беларусі, паабяцаўшы нашай краіне істотную міжнародную дапамогу пры ўмове дэмакратызацыі. Рэакцыя афіцыйнага Менску была прадказальнай. Спачатку чыноўнікі ня самага высокага рангу заявілі, што гэта чарговая спроба дыктату з боку Эўразьвязу. А літаральна днямі сам Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію гішпанскай газэце “Эль Паіс” назваў умовы ЭЗ “непрымальнымі”.
Паводле кіраўніка Беларусі, Эўропа ўжо й хацела б нармалізаваць дачыненьні з нашай краінай, але баіцца згубіць твар. Але гэты страх, хутчэй, характэрны для самога Лукашэнкі. Бо нават ідучы на некаторыя саступкі , ён не гатовы гэта публічна прызнаць. Прыкладам, цягам году крыху палепшылася сытуацыя з палітзьняволенымі (у прыватнасьці, датэрмінова былі выпушчаныя на волю Павал Севярынец і Мікалай Статкевіч, шэраг новых палітычных працэсаў скончыліся адносна мяккімі прысудамі). Але ўсё гэта рабілася, нібыта, незалежна ад патрабаваньняў ЭЗ. Хаця абсалютна відавочна, што, каб ня Захад, улады РБ ніякай палёгкі сваім апанэнтам не зрабілі б.
Сьціплыя вынікі “дыялёгу” сьведчаць пра тое, што палітычная сьвядомасьць кіраўніцтва РБ застаецца на ранейшым узроўні, і ніякай добрай волі да дэмакратызацыі яно ня мае. Таму любыя ілюзіі на гэты конт выглядаюць небясьпечнымі.
З гэтага пункту гледжаньня размова вядомых рок-музыкаў з кіраўніком ідэалягічнага ўпраўленьня прэзыдэнцкай адміністрацыі Алегам Праляскоўскім – з палітычнага гледзішча крок вельмі спрэчны. Гэта, так бы мовіць, спроба дыялёгу ўраздроб – дзеля вырашэньня праблемы “чорнага сьпісу” выканаўцаў, якім няма доступу ў дзяржаўны радыё- і тэлеэтэр. Ці будзе нейкая карысьць зь іхнага паходу ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, пакуль невядома.
Сапраўдны дыялёг у нашых умовах магчымы толькі, калі партнэры маюць прыкладна аднолькавую вагу. Таму наўрад ці рокеры здолеюць дасягнуць таго, што не атрымалася цягам 10 год у Эўразьвязу. Свабода альбо будзе для ўсіх адна, альбо яе проста ня будзе.