ПРЫВЫЧКА БЫЦЬ ВЕШАНЫМ

Фэльетон

Прачытаў я неяк у часопісе падборку вершаў маладых паэтаў. І – “не глянуліся” яны мне. Неяк усё дробненька, абыякенька. А хацелася б, каб маладая асоба лезла з матыкай на сонца. Буры і націску.

Патэлефанаваў знаёмай аматарцы паэзіі й выказаў свае абурэньні. “Ты ня маеш рацыі, — пачуў. – Пачытай яшчэ раз і возьмеш свае словы назад”.

Я перачытаў. Мо й праўда – нешта там як бы ёсьць. Да таго ж аўтары маладыя яшчэ, нявопытныя. Прабачальна.

Я перазваніў і ўзяў свае словы назад.

У гэтым жа нумары былі пераклады швэдзкай паэзіі, якія пры першым чытаньні здаліся мне слоўнай размазьнёй. Побач былі практыкаваньні самога перакладчыка, для акрэсьлення ўзроўню якіх у маім лексыконе не знайшлося адпаведнага цэнзурнага слова.

Я перачытаў і гэта. І другі раз мне стала здавацца – нешта і тут ёсьць. Нейкія вобразы, думкі. І перакладчыкавы экзэрсісы – усё ж чалавек разьмясьціў літары ў пэўным парадку. Гуказлучэньні нейкія атрымаліся.

Я ўзяў нецэнзурныя акрэсьленьні назад.

Другі выпадак. Хадзілі мы неяк зь менскім сябрам мастаком па віленскіх галерэях. У адной, самай прэстыжнай, пэўны ягамосьць выставіў агромністыя палотны, дзе выява была наквэцана ня пэндзлем, а дымам ад сьвечкі. (Але неяк зафіксавана – я памацаў пальцам: не сьціраецца.) Аднак плямы й фігуры былі закампанаваныя “граматна”. І мой сябра ўхваліў гэтыя тварэньні.

У другой галерэі жывапісныя палотны былі таксама спрэс размазаны-пакрэсьлены. Але нехта ня проста размазаў фарбы, але й здолеў іх згарманізаваць.

Сябра мой расчуліўся – во дзе відаць прафэсіянала!

І доўга захапляўся.

Тут трэба сказаць, што і як малюе ён сам. Ён можа, напрыклад, намаляваць цэлую паленьніцу дроў, — і кожнае палена вымалявана да апошняга сучка, рысачкі ці драпіны. І становіцца ўжо нечым большым, чым тое, рэальнае палена. Намаляванае, яно ўжо, здаецца, мае душу, а мо й сэрца.

Гэты мастак амаль ніколі ня чуе водгукаў на свае творы. Бо ў гледача адразу ж шырока разяўляюцца і рот, і вочы, і вырываецца – “А-а-ах!”.

І вось нават такі чалавек, які ведае цану таленту й працы, пачынае сумнявацца ў сваіх вартасьцях.

У літоўцаў ёсьць прыказка: сабака прывыкае быць вешаным. Так і мы – у атачэньні, у навале брыдоты й халтуры, якая прэ адусюль, якая захапіла амаль увесь сьвет, пачынаем зьніжаць свае крытэры. Вагацца.

Ня можа быць такога, каб, напрыклад, у музыцы вадзілі рэй людзі, што ня ведаюць нотаў.

У мастацтве на першых месцах людзі, якія ўмеюць працаваць толькі локцямі. А ня тыя, хто мае талент.

Бяда мастаку, які сумняваецца ў сваім таленце.

Бяда жанчыне, якая сумняваецца ў сваёй прыгажосьці.

А прыгажосьць была, ёсьць і будзе Богам мастацтва.

Дзе ёсьць Бог – мусіць быць і д’ябал.

Справа д’ябла – спакушаць. Славаю, грантамі, прэміямі, выставамі, паездкамі па ўсім сьвеце.

Бог патрабуе адданасьці. Ахвярнасьці. Нягледзячы ні на што.

Такі настаў час – Прыгажосьць стала Рэзыстэнцыяй. Супрацівам.

І гэта – цудоўна.

Ці ж лепш было напрыканцы ХІХ стагодзьдзя, калі краса пад абыякавымі пэндзлямі афіцыйных акадэмікаў ператварылася ў гладкую шкарлупіну, пад якой – пустэча? Без жыцьця.

А любыя павароты ў мастацтве, якія яго абнаўлялі, якраз і пачыналіся зь цягі да жывога, рэальнага.

Так званае “сучаснае мастацтва” – мёртвае.

А мёртвыя, як вядома, хапаюць жывых.

Так склалася – такі падарунак лёсу беларусам – менавіта ў нас яшчэ захаваліся йскрынкі сапраўднага, шчырага, але прафэсійнага мастацтва.

Няўжо здамося? Няўжо згасім сваімі рукамі?

… Уяўляецца мне часам такі абразок. Прачынаецца на досьвітку славуты “сучасны” творца, — пасьля шумнага вэрнісажу, лісьлівых дыфірамбаў, велямудрых прамоваў крытыкаў і куратараў. Ён ужо ўвайшоў ва ўсе энцыкляпэдыі, удзельнічаў ва ўсіх прэстыжных біенале, атрымаў усе магчымыя ўзнагароды й прэміі.

Але цяпер, сам-насам з сабою, разумее – чаго ўсё гэта варта. Водгукі куплены, артыкулы аплочаны.

І яму ясна, як дзень – ён: гаўно.

Бо ніколі, ніколі ня чуў і не пачуе шчырага “А-а-ах!”.

Алег Аблажэй

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.