ПРА ВЯДЗЬМАРКУ І КАЗАЧНЫХ КАВАЛЁЎ
альбо Навошта нам “буйное рагатае быдла”?
Памятаеце, нядаўна ў нашай газэце мы друкавалі лёзунг “Дайце нам дэбатаў!”. Меліся на ўвазе дэбаты паміж прэтэндэнтамі на пасаду старшыні Беларускага народнага фронту. Дык во – далі! На Радыё Свабода ў ранішніх праграмах былі наладжаныя спрэчкі паміж Вінцуком Вячоркам, Віктарам Івашкевічам ды Алесем Міхалевічам.
Усё, як належыць – просты этэр, пытаньні ад вядучага, пытаньні спаборнікаў адзін аднаму, магчымасьць адказаць на пытаньні. Гэта было новае слова на нашым радыё. Варта было паслухаць. Палітыкі, аналітыкі, безумоўна, ацэняць гэтыя спрэчкі па-свойму. Найперш ацэньваць будуць зьмест тых прамоваў. Я ж, як просты слухач, зьвярну ўвагу на адну дэталь – на тое, як гучалі галасы кандыдатаў. Палітык павінен умець спадабацца. І тут важна ня толькі тое, што казаць, але й як. Дык вось, найлепш чуўся голас маладзейшага, Міхалевіча. Выразны, бадзёры, я б сказаў, лёгкі, а яшчэ калі такія салодкія абяцанкі – праз два гады прыйсьці да ўлады… З такім голасам можна на радыё працаваць. Голас Вячоркі, калі слухаю праз радыё, я не пазнаю. Кудысь прападае гумар, які ёсьць, ведаю асабіста, калі ён гаворыць без мікрафону. Вінцук стараецца надаць важнасьці, правільнасьці сваім словам, а выходзіць заблытана, заклапочана і не адразу ўцямна. Цяжэй за ўсіх было ўспрымаць голас Івашкевіча. Не хачу пакрыўдзіць, але голас такі быў, як радыё праз глушылку. Звычайна Віктар кампэнсуе недахоп голасу зьместам сваіх фраз – простым, ясным, з жартамі, з афарызмамі. Але тут з раніцы, відаць, быў ня надта ў гуморы.
У адной казцы вядзьмарка, каб голас стаў салодкі, тры разы бегала да кавалёў, каб тыя выкавалі тонка яе язык. У казцы гэта ўдалося. І ў жыцьці ёсьць такія прафэсіі – артысты, журналісты, палітыкі, якім трэба, ой, трэба тых казачных кавалёў.
На мінулым тыдні на Радыё Рацыя ў праграме пра бізнэс і фінансы гаварылі пра кошты на ялавічыну. Нашых простых каровак назвалі – “буйное рагатае быдла”. За што? Навошта? Каб жа ў нас разам з каровамі трымалі якіх аленяў і насарогаў, дык тады, можа быць, і мела б сэнс такое абагульненьне. А так жа ў нас людзі трымаюць каровы, гадуюць скаціну, свойскую жывёлу. Потым гэта называецца мясам, ялавічынай. А бюракратычны выраз “крупный рогатый скот” у нашай мове зусім непатрэбны.