МІТЫНГ, ЯКОГА НЕ БЫЛО
16 лістапада ў Беларусі прайшла чарговая акцыя ў падтрымку палітвязьняў. У некалькіх мясьцінах Менску маладыя людзі стаялі на вуліцах і ў пераходах, трымаючы ў руках партрэты Дашкевіча, Казуліна, Клімава, Фінькевіча, якія адбываюць розныя тэрміны пакараньня за свае погляды. Ніхто зь нешматлікіх удзельнікаў акцыі гэтым разам ня быў затрыманы міліцыяй.
Крыху йнакш выглядала справа ў рэгіёнах. Вось, напрыклад, што напісаў нам малады чалавек з Мазыра (адрас яго электроннай пошты мы не называем зь вядомых прычынаў), які ўдзельнічаў у той самы дзень у акцыі салідарнасьці.
“Мы вырашылі пайсьці на плошчу ды пастаяць там, паглядзець, як зьбіраецца народ. Нас было сем чалавек, з сабою мы мелі 4 транспаранты, якія схавалі ў яліне, што стаяла побач. Потым да нас пад’ехала машына, зь якой выйшлі “людзі ў чорным”, адзін зь іх паказаў пасьведчаньне – здаецца, КДБ.
У нас запыталі, што мы тут робім? Мы сказалі: “Вось, зьбіраемся пайсьці ў парк”. Потым да нас падышлі яшчэ трое нашых знаёмых.“Людзі ў чорным” перапісалі нашыя зьвесткі і сказалі, што зараз адпусьцяць. Але пад’ехала машына, зь якой выйшаў грозны міліцыянт і сказаў, каб нас пасадзілі па 5 чалавек ў адну легкавую машыну.
Нас завезьлі ў міліцыю, дзе сказалі, што праз гадзіну адпусьцяць. Прайшло некалькі хвілінаў, і ў актавую залю прывялі чатыры чалавекі, потым яшчэ восем. Мы сказалі, што яны абавязаныя выклікаць бацькоў. Але яны чамусьці выклікалі дырэктараў і завучаў школ.
У бальшыні няўдалых “мітынгоўцаў” былі даўгія косы. Дырэктары, завучы, нейкі п’яны дзядзька – усе разам казалі, што ўсіх трэба пастрыгчы. А падпалкоўнік Гвозьдзь, сабраўшы ў сваім кабінэце дзяцей разам з бацькамі, параўнаў “мітынгоўцаў” з бамжамі й сатаністамі. Таварыш Гвозьдзь казаў бацькам, што іхным дзецям арганізатар акцыі даў па 5000 р., а сам за яе атрымаў 500 даляраў. Пры гэтым ён ня ведаў, хто арганізоўваў мітынг. Таварыш Гвозьдзь сказаў таксама, што ўсім яго ўдзельнікам будзе штраф 900000 рублёў, а таму, хто назаве імя арганізатара, нічога ня зробяць. Але як можна даць штраф за ўдзел у мітынгу, якога не было?”
Як гэта можна рабіць, мы ўсе цудоўна ведаем. І такіх “гвазьдзёў” бачылі ў сваім жыцьці не аднойчы. Многія з нас прызвычаіліся і да мітынгаў, якіх няма, і да пакараньняў нашых дзяцей за ўдзел у тых “несапраўдных” мітынгах. Стараемся не зважаць на акцыі салідарнасьці, якія становяцца ўсе менш люднымі. Маўляў, які зь іх толк?
І на тое ў кожнага з нас ёсьць свае “дарослыя” прычыны і аргумэнты. Трэба кожнаму займацца справай, нельга разьменьвацца па дробязях, нельга зацыклівацца на змаганьні зь несправядлівым рэжымам. Ды й не за тое й не за тых моладзь выступае, бо мала што разумее. У адрозьненьне ад нас.
Але што рабіць моладзі, у якой яшчэ няма нашага досьведу і якая яшчэ верыць у ідэалы? Пра гэта мы й хацелі запытацца ў нашых чытачоў.