ШТО Б ВЫ ЗРАБІЛІ СЁНЬНЯ НА МЕСЦЫ ДЭМАКРАТЫЧНАЙ МОЛАДЗІ?

Алесь Міхалевіч, палітык:
“АРГАНІЗОЎВАЎ БЫ ЖЫЦЬЦЁ ДЛЯ СЯБЕ”
Трэба ўдзельнічаць у працы розных грамадзкіх арганізацыяў. У тым ліку, незарэгістраваных – такіх, як “Малады фронт” ці “Задзіночаньне беларускіх студэнтаў”.  Альбо ў палітычных партыях – такіх, як БНФ, ці ў “Руху за Свабоду”. Трэба дзейнічаць. Напрыклад, выдаваць сваю мясцовую газэту і распаўсюджваць яе. Праводзіць розныя культурніцкія імпрэзы. Праводзіць выставы, канцэрты, бардаўскія “кватэрнікі”. Арганізоўваць жыцьцё для сябе – нармальнае, незалежнае ад улады.

Кастусь, прадпрымальнік:
“ТРЭБА ЕХАЦЬ У ВОЛЬНЫ СЬВЕТ”
Я раю адно. Трэба адсюль звальваць. У першую чаргу тым, хто мае здольнасьці, мазгі, амбіцыі, нацыянальную сьвядомасьць і сумленьне. Бо навошта гэткія скарбы зарываць тут у зямлю? А спадзявацца на хуткія зьмены не выпадае. Чым тут старэць раней тэрміну, лепш ехаць у вольны сьвет, вучыцца зарабляць, самарэалізоўвацца й ствараць моцную беларускую дыяспару. І быць гатовымі вярнуцца на радзіму. Бо Беларусь нікуды ня дзенецца.

Павал Севярынец, лідэр “Маладога Фронту”:
“ТРЭБА ЗМАГАЦЦА ЗА СВАЮ БУДУЧЫНЮ”
Верыць у Бога і любіць Беларусь. Калі беларуская дэмакратычная моладзь прыме гэтыя парады, то яна будзе пераможцам. І чым хутчэй паверыць і палюбіць, тым хутчэй пераможа. Уступаць у арганізацыі й рухі, якія трымаюцца беларускага патрыятызму і хрысьціянскіх прынцыпаў. Такія, як “Малады Фронт”, як “Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя”, БНФ, “Рух за Свабоду”. І змагацца рашуча, бескампрамісна за сваю веру, за сваю мову, за сваю краіну. За сваю будучыню.

Васіль, беспрацоўны:
“НЕ РАБІЦЬ КАР’ЕРЫ Ў ІХНЫХ КАНТОРАХ”
“Хуліганіць”. Асабліва ў моўнай і культурнай сфэры. Тое, што зрабіў адзін гомельскі малады чалавек на мытні, калі запатрабаваў блянкі на беларускай мове, гэта цудоўна. Але чаму гэта было не зрабіць некалькім дзясяткам людзей? Мэтанакіравана трэба завальваць дзяржаўныя радыёстанцыі заяўкамі на нашы беларускія гурты. Патрыятычныя налепкі ляпіць не на сьценах і слупах, а на службовых машынах. Ствараць ім праблемы на роўным месцы. І ні ў якім разе не рабіць кар’еры ў іхных канторах. Пасьля не адмыесься.

Францішак Вячорка:
“ЗА ЎЗОР МОЖНА ЎЗЯЦЬ “ГЕРБАЛАЙФ”
Найперш, трэба гуртавацца й ствараць асяродкі на месцах. Лякальныя асяродкі мусяць складацца зь людзей, прыхільных да дэмакратычных каштоўнасьцяў. Гэта могуць быць асяродкі ва ўнівэрсытэтах, на заводах, паўсюль, дзе наша моладзь жыве, працуе, вучыцца альбо рэалізоўваецца. Ствараючы асяродкі, мы пашыраем кола ўплыву й сваё кола людзкіх рэсурсаў. Я маю на ўвазе дэмакратычны рух. Нам трэба збудаваць сваю ўласную піраміду. Піраміду, якая будзе сама разьвівацца. За добры ўзор можна ўзяць “Гербалайф”. Ёсьць нейкі цэнтар, інтэлектуальная крыніца, якая стымулюе стварэньне моладзевых асяродкаў. Тыя, у сваю чаргу, культывуюць ідэі грамадзкага, культурніцкага, палітычнага характару. Праводзяць вечарыны ў сябе на факультэтах, палітычныя акцыі, пікеты на прахадных заводаў альбо ўнівэрсытэтаў. І такім чынам набываюць новых прыхільнікаў.

Натальля, настаўніца:
“ПЕРАСТАЦЬ БАЯЦЦА”
Перастаць баяцца. Вучыцца гаварыць уголас тое, што думаеш насамрэч. Гэта цяжка для беларуса, але трэба калісьці пачынаць. Тым больш, зараз плата за праўду, за сваю пазыцыю не такая страшная, як за Саветамі. Паламаць лёс чалавека ўжо ня так проста. Адна праграма Каліноўскага чаго вартая.

Алесь Пушкін, мастак:
“ВАЯВАЦЬ ЗА ГІСТАРЫЧНУЮ ПАМЯЦЬ”
Я б на месцы дэмакратычнай моладзі рабіў бы вельмі карысную й патрэбную справу. Усе камуністычныя назвы вуліц трэба перапісаць. Як гэта рабілася ў 1991-м годзе на вуліцы Суворава ў Віцебску. “Вуліца Узгорская”. А шыльда “Суворова”  зьбітая. Гэта павінна рабіцца паўсюль, дзе ёсьць нармальная моладзь. Пакуль у Віцебску жыў Плешчанка, рэгулярна адбівалі галаву ў Суворава. Калі адбываецца вайна з помнікамі, у людзей нацягнутыя нервы. Калі помнікі катам рэгулярна абліваць фарбай ці адбіваць насы, яны паступова прыходзяць у занядбаньне. Прычым, ніхто ня плача, дзеці не пакутуюць, вокны не выбіваюцца, ніякіх выбухаў. Вось куды варта прыкласьці намаганьні. Ваяваць за гістарычную памяць. І, канечне, салідарнасьць. У краязнаўчых вандроўках, у паходах скалачваць моцныя пяцёркі. Вядома, з узростам шляхі разыдуцца, але маладзёвая спайка застанецца на ўсё жыцьцё. І праз 20-30 гадоў, будучы на розных сацыяльных прыступках, дзякуючы сваёй беларускай салідарнасьці, яны будуць адзін адному дапамагаць.

Валянцін Акудовіч, філёзаф:
“ЖЫЦЬ НАПОЎНІЦУ”
Маладосьць – гэта ўнікальная цывілізацыя. Яна радыкальна адрозьніваецца ад цывілізацыі дарослых. Рэч у тым, што толькі ў маладыя гады чалавек можа жыць напоўніцу самога сябе. Потым гэтую “поўніцу” абмяжоўваюць сям’я, дзеці, кар’ера, грошы і шмат чаго яшчэ. Таму найперш любому маладому чалавеку я б параіў максымальна скарыстацца гэтай сытуацыяй, мець шмат сяброў, шмат добрай музыкі й яшчэ шмат чаго, што дае толькі маладосьць. І яшчэ, бясспрэчна, нагружаць сябе ведамі. Бо толькі нагружанасьць ведамі дае магчымасьць адэкватна адказваць на выклікі сучаснай цывілізацыі.  І яшчэ. Адказваючы для “Свабоды”, ніяк не абмінуць праблемы грамадзянскай пазыцыі. Напэўна, гэта добра, калі малады чалавек мае выразную пазыцыю, а тым больш, калі ён за яе актыўна змагаецца. Разам з тым, тут трэба памятаць, што кожнае змаганьне – гэта няпоўнае жыцьцё, гэта абсяканьне жыцьця да змаганьня. Як і трэба памятаць, што кожны змагар – гэта трохі скалечаны змаганьнем чалавек. Нават калі гэта самае вартае змаганьне. І таму я параіў бы дэмакратычнай моладзі, прынамсі тым маладым людзям, якія усьведамляюць, што нешта губляюць у жыцьці, але ўсё ж такі гатовыя змагацца за свабоду, за незалежнасьць, вось такую формулу. Адзін дзень на тыдзень мы змагаемся за свабоду, а астатнія шэсьць дзён тыдня мы жывем напоўніцу. Каб кампэнсаваць гэты згублены на змаганьне дзень.

Пытаньне наступнага тыдня: “Для чаго ствараецца “Белая Русь”?”

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.