ПЛОШЧЫ МАГЛО Б НЯ БЫЦЬ
Рэдакцыйны камэнтар
Шмат хто з удзельнікаў нашага апытаньня, як бачым, не захацеў ці ня змог паставіць сябе на месца маладых людзей. Таму яны, за выключэньнем зусім маладога Франка Вячоркі, як бы не зусім на тое пытаньне адказваюць. Пераважная большасьць выступіла з пазыцыяў дарослых, салідных і абазнаных людзей, якія гатовыя нешта параіць моладзі. І гэта ў цэлым слушная пазыцыя. Але некаторыя робяць гэта, як падалося, па-мэнтарску і крыху высакамерна. Мастак Пушкін, напрыклад, без найменшых ваганьняў заклікае моладзь браць зь яго прыклад і займацца вандалізмам. Гэта значыць, вучыцца мэтадам барацьбы ў камуністаў і ў цяперашніх уладаў, між іншым. Так бы мовіць: зуб за зуб.
А філёзаф Валянцін Акудовіч сумняваецца. Ці трэба нам пісаць пра факты змаганьня моладзі супраць рэжыму? Ён раіць ёй жыць напоўніцу, браць усё лепшае ад жыцьця і менш думаць пра барацьбу. Але тым самым ці не адмаўляе ён маладым людзям у праве жыць тым жыцьцём, якое яны самі для сябе выбіраюць? Кожнаму ж рана ці позна даводзіцца рабіць выбар.
Газэта “Свабода”, інфармуючы пра факты змаганьня маладых людзей – за мову, за годнасьць, за сваіх сяброў, часам ахвяруючы ўласнай свабодай, нікога не заклікае паўтараць гэтыя ўчынкі ці ісьці на барыкады. Газэта ўвогуле не для гэтага існуе. Але не заўважаць гэтых учынкаў, альбо кпіць зь іх, як гэта робяць большасьць СМІ, рэдакцыя лічыць амаральным.
Чужыя ўчынкі немагчыма паўтарыць, як немагчыма паўтарыць сваё ці чужое жыцьцё. У кожнага яно сваё, і ніхто, па вялікім рахунку, ня ў праве ў яго ўмешвацца.
Але слушна сказаў некалі расейскі паэт Аляксандар Блок: “Юнацтва – гэта адплата”. Далучыўшыся да “цывілізацыі дарослых”, мы сапраўды шмат што губляем у мінулым. І многае з таго, што было зроблена намі, калі мы жылі “напоўніцу”, ужо ня вернеш і не паправіш. А вельмі ж хочацца! Гэта натуральнае жаданьне. Толькі давайце пакінем мэнтарскі тон і дамо права маладым жыць бяз нашых павучаньняў.
Між іншым, калі б моладзь заўсёды карысталася парадай філёзафа – аддаваць змаганьню са злом толькі адзін дзень на тыдзень, Плошчы ў сакавіку 2006 году магло б і ня быць…