ЦАНУ ГАЗУ СПЫТАЙ У ПУЦІНА
Сярэдняя цана на газ у Эўропе ў 2008 годзе паводле апошніх прагнозаў складзе 300 даляраў за тысячу кубамэтраў. Аб гэтым на мінулым тыдні заявіў намесьнік старшыні праўленьня расейскага “Газпрому” Аляксандар Мядзьведзеў. На пачатку сёлетняга году прэзыдэнт Расеі Пуцін гаварыў пра газ для Польшчы па цане 270 даляраў за тысячу кубоў. Цяпер высьвятляецца, што гэтая цана мае непасрэднае дачыненьне і да Беларусі.
Нагадаем, што згодна з дамоўленасьцям паміж “Газпромам” і РБ ад 31 сьнежня 2006 году, у 2008 годзе кошт газу для Беларусі павінен дасягнуць 67% цаны на эўрапейскім рынку, мінус выдаткі на транспартоўку.
Дагэтуль гэтая новая цана ня вызначаная – у “Газпроме” абяцаюць назваць яе толькі ў сьнежні. Але бяз гэтага нельга зацьвердзіць прагноз сацыяльна-эканаімічнага разьвіцьця Беларусі на наступны год. Зразумела, што без уліку кошту газу гэта будзе не прагноз, а фікцыя. Называліся розныя лічбы. Напрыклад, пасол РФ у Менску Сурыкаў гаварыў пра кошты ад 120 да 150 даляраў, не ўдакладняючы, якая зь лічбаў бліжэй да сапраўднасьці.
Колькі беларускі ўрад ні намагаўся ад расейскага боку яснасьці ў гэтым пытаньні, афіцыйна сярэднюю эўрапейскую цану “Газпром” так пакуль і не назваў.
Але заява Мядзьведзева паказвае, што яна ў кожным выпадку будзе нашмат вышэй, чым на тое спадзяваліся ва ўрадзе РБ. 67% ад 300 даляраў – гэта пыкладна 201 даляр. Мінус выдаткі на транспарт – атрымліваецца каля 170 даляраў за тысячу кубоў.
Калі ж узяць за аснову цану, названую Пуціным у дачыненьні да Польшчы – 270 даляраў, дык цана для Беларусі атрымліваецца крыху ніжэйшая: 160 даляраў за тысячу кубамэтраў прыроднага газу.
Вытрымаць такую цану Беларусь зможа, толькі аддаючы “Газпрому” частку сродкаў не грашыма, а, скажам, акцыямі таго ж “Белтрансгазу”. Ці іншымі каштоўнымі паперамі.
Але пра гэта ўлады лічаць за лепшае маўчаць.