САЛОМІНКА
Фэльетон
Беларуская літаратура заўсёды, у самыя цяжкія для існаваньня нацыі часы, “звала з путаў на свабоду, зь цемры да сьвятла”. Але ніколі яшчэ за ўсю гісторыю Беларусі яна ня несла такога цяжару адказнасьці за лёс свае краіны, як цяпер.
Разгромлены Саюз пісьменьнікаў; ледзь выжывае адзіны незалежны беларускамоўны літаратурны часопіс; беларускія кнігі выходзяць мізэрнымі накладамі, але й тыя пыляцца ў кнігарнях; творы найлепшых аўтараў выкідваюцца са школьных хрэстаматыяў. Ды ўвогуле чытацкая аўдыторыя скарачаецца, бы чыгрынавая скура, бо не чытаюць ня толькі па-беларуску, але й на іншых мовах. У краіне ўсталяваўся непахісны, як жалезабэтон, рэжым, які ненавідзіць усё беларускае.
Нядаўнія падзеі ў Бірме, гісторыя Паўночнай Карэі, Кубы сьведчыць – сучасная цывілізацыя расьпісалася ў сваёй бясьсільнасьці, немагчымасьці хоць якога дзейснага ўплыву на падобныя рэжымы.
Беларусь ахутала цемра.
І большасьць ужо настолькі да яе прызвычаіліся, што лічаць яе ясным днём.
Беларусі не дапаможа ніхто звонку. Яна павінна да дна выпіць горкую атрутную чару, наканаваную лёсам.
Канчатковы лёс Беларусі – быць ёй ці ня быць, заняць “свой пачэсны пасад між народамі” ці зьнікнуць, як няўдалы “праект”, прывід, утопія, — вырашаецца менавіта цяпер. Сёньня.
Былі й раней – захопы, войны, акупацыі, русіфікацыя і палянізацыя. Але народ заставаўся. “Цёмны, сьляпы, быццам крот” – але быў. У вёсцы.
Бо ўсім уладарам, захопнікам, панам і чыноўнікам было па вялікім рахунку напляваць, на якой мове гавораць дзед з бабаю на печы ці якімі словамі дзяцюк угаворвае дзеўку на капе сена.
Сёньня вёскі, беларускай вёскі – больш няма. Зьнікла гэтая апошняя жывая крыніца, апошні прытулак, апошняе сховішча беларускай мовы.
Беларускай мове здрадзілі ўсе – шляхта, рэлігія, якая стала “рускай” і “польскай”, навучальныя ўстановы, навукоўцы. І вось, нарэшце, і вёска.
Але засталася апошняя іскрынка, апошні вугалёк, што сьвеціць у непрагляднай цемры – беларуская літаратура.
Толькі з гэтага вугалька можа ўспыхнуць полымя, зь якога адродзіцца беларускі Фэнікс.
Навука, тэхніка, бізнэс, адукацыя могуць пасьпяхова існаваць у любым моўным асяродзьдзі. Толькі беларуская літаратура ня можа вырачыся беларускага слова – бо тады проста перастане існаваць. У гэтым яе адчайная моц. Нават самая безабаронная істота, загнаная ў кут, знаходзіць у сабе нечаканыя сілы для супраціву. Нават самы вялікі мінус становіцца плюсам, калі яго рашуча перакрэсьліць.
Літаратура – гэта саломінка, за якую хапаюцца, каб не патануць у чужой дрыгве.
Перачытайце “Пана Тадэвуша” або яшчэ лепей – перагледзьце аднайменны фільм, — нас там няма. Ані знаку. Ня тое, што слова – акцэнта беларускага. Хоць дзея адбываецца на беларускай зямлі.
Што б мы рабілі, чым бы засьведчылі – мы ёсьць, мы – тутэйшыя, гэта – наша зямля, – калі б ня “Новая зямля”.
Адраджэньне Беларусі магчымае толькі вакол Слова. Або яго ня будзе зусім.
Наш супраціў – гэта ня ломка, не разбурэньне. Не разбураць, а будаваць. Адбудоўваць. Цярпліва, па каменьчыку, па бярвенцы, па слоўцы.
Моц літаратуры – ва ўсьведамленьні ўласнай місіі, ва ўнутраным імпэратыве.
Усё можна прывезьці з-за мяжы – ад тэхналёгіяў да джынсаў. Толькі літаратуру – сваю, родную – могуць стварыць выключна самі беларусы, у сваёй краіне.
І – стварыць саміх сябе.
А слова – заўсёды было пачаткам.