“Дзякуй за карысную перадачу!”

альбо Гаварыце па-беларуску – Вам гэта пасуе

На мінулым тыдні на Радыё Свабода грамадзкім рэдактарам была Дар’я Ліс. На працягу тыдня Дар’я распавядала пра сябе, дзялілася сваімі назіраньнямі за жыцьцём-быцьцём у сваім Залесьсі і ва ўсёй нашай краіне. Дзякуючы гэтым гутаркам на чалавека глядзіш ужо не як на чужога, а як на бліжняга. Ад звонкага бадзёрага голасу гэтай дзяўчыны, ад чыстай яе мовы, ад яснага розуму я, прызнаюся, прыйшоў у захапленьне. І дзякуй любімаму радыё, што дае такую магчымасьць пазнаць ды палюбіць яшчэ аднаго добрага чалавека.

Але ня быў бы я аглядальнікам, калі б не прычапіўся нават да любімай перадачкі. Cпадарыня Ліс выбрала тэму жыцьця інвалідаў. Некалькі карэспандэнтаў зрабілі рэпартажы, спадарыня рэдактар зрабіла камэнтары. І, нібыта, усё правільна было сказана, аднак вось якія сумненьні ў мяне ўзьніклі. За няпоўныя паўгадзінкі было гаворана і пра адносіны дзяржавы да інвалідаў, і пра адносіны грамадзтва і сям’і, а таксама і пра адносіны самога чалавека да сваіх бедаў. Ясна, што за такі кароткі час глыбока раскрыць тэму немагчыма. На мой погляд, трэба было выбраць толькі адзін яе аспэкт. І пачынаць менавіта з асабістых праблемаў, прэтэнзіі да дзяржавы пакінуць на потым. Давайце будзем рэалістамі – можна сьлёзна шкадаваць, што пуцёвак у санаторыі не хапае, што вазочкі, зробленыя казённай канторай, нікуды ня вартыя. Тут хутка нічога ня зьменіцца. А вось зьмяніць сябе, зьмяніць свае адносіны да жыцьця, да хваробаў – гэта рэальна. А потым, калі чалавек зьменіць сябе, навучыцца, мабілізуе, ён зможа эфэктыўна патрабаваць штось ад чыноўнікаў. Я часам слухаю перадачы на тэмы здароўя на літоўскім радыё, на расейскай “Свабодзе”, дык там звоняць людзі й кажуць: “Дзякуй за карысную перадачу!” Падкрэсьлю – канкрэтнаму чалавеку радыёперадача аказалася карыснай. Вось гэта ідэал!

Моўная заўвага. У панядзелак 19-га слухаю перадачу “Відавочца” на Эўрарадыё. Інтэрвію з Ксеніяй Авімавай, якая перамагла ў міжнародным фотаконкурсе. Малайчына, Ксенія! Толькі чаму па-расейску? Скончылася гэтая перадача, і роўна празь пяць хвілін пачынаецца праграма Радыё Рацыя, а там зноў голас Ксеніі Авімавай, у перадачы “Кантэкст”. Але цяпер па-беларуску, і так прыгожа! Кожны гук выразны, кожнае слова ўцямнае, як належыць, усё бадзёра, немарудна. Ксенія, гаварыце толькі па-беларуску, вам гэта лепей пасуе.

Сяржук Вітушка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.