ШТО Б ВЫ ЗРАБІЛІ НА МЕСЦЫ ЛУКАШЭНКІ?
Апытаньне тыдня
Павал Севярынец, лідэр “Маладога Фронту”:
“У ПЕРШУЮ ЧАРГУ, ПАКАЯЎСЯ Б”
Пакаяўся б, у першую чаргу. Потым, відаць, перадаў бы ўладу падчас дэмакратычных выбараў. Ну і, можа быць, напісаў мэмуары. А калі, шчыра пакаяўшыся, ён выйграе выбары, калі пачне праводзіць пераўтварэньні дэмакратычнага кшталту, калі сапраўдную беларусізацыю правядзе, калі хрысьціянскую палітыку будзе весьці… Ну, дык тады нам ня будзе пра што марыць, што называецца. Такое таксама, лічу, магчыма.
Анатоль, беспрацоўны:
“НАПІСАЎ БЫ ЗАВЯШЧАНЬНЕ”
Загадзя напісаў бы завяшчаньне. У ім я загадаў бы пахаваць сябе на тэрыторыі Драздоў, за калючым дротам, пад вышкамі з аховай. Занадта шмат ахвочых знойдзецца пасьля ягонай сьмерці прыйсьці на магілку. І не для таго, каб кветкі пакласьці. Столькі было прыніжэньня, крыўдаў і абразаў…
Алесь Анціпенка, культуроляг:
“СТВАРЫЎ БЫ ЎМОВЫ ДЛЯ КАНКУРЭНЦЫІ”
Я бы з самымі сур’ёзнымі намаганьнямі пачаў ствараць рэальную сытуацыю канкурэнцыі ва ўсіх сфэрах. У эканоміцы стымуляваў бы разьвіцьцё прыватнага бізнэсу, а таксама ў культуры, у адукацыі – практычна паўсюль. Таму што перад намі стаяць вельмі сур’ёзныя праблемы. І без канкурэнцыі, без адбору жыцьцяздольных сілаў, формаў гаспадараньня і жыцьця нам не пераадолець гэтыя цяжкасьці. Бяз гэтага мы можам дзяржаву згубіць. У палітыцы таксама павінна быць канкурэнцыя. Мусіць быць нармальны парлямэнт. Ясна, што гэта вядзе да таго, што праз пэўны час краіна зьменіцца непазнавальна. Але гэта трэба зрабіць.
Канстанцін, мэнэджэр:
“НЯ ТРЭБА ЯМУ НІЧОГА МЯНЯЦЬ”
Я нічога б не рабіў адрознага ад таго, што робіцца зараз. Дасягнуты пэўны стан раўнавагі. І ў гэтым стане раўнавагі і Лукашэнку, і ягонаму электарату вельмі ўтульна. Верагоднасьць зьмены гэтай раўнавагі амаль нулявая. Амэрыканцы пагражаюць, што яны яго ня будуць да сябе пускаць. А яму туды ня дужа й трэба. Пэрыядычна нешта з газам здараецца, але ж усё вырашаецца, рана ці позна. Нават тое, што ўжо спэцназ не суправаджае вартыя жалю калёны дэманстрантаў, таксама сьведчыць пра раўнавагу. Дамовіліся: ідзіце на зялёнае сьвятло на Бангалор. І яны ідуць на Бангалор. Сыстэма ўстаялася. А прыдумаць сытуацыю, што ў Расеі нешта зьменіцца, і Лукашэнку перастануць газ прадаваць, купляць халадзільнікі і МАЗы, проста немагчыма. Разам з тым, у гэтым стане раўнавагі Беларусь, канечне, адкатваецца ўсё далей ад цывілізаванага сьвету. Але запасу трываласьці ў гэтай мадэлі хопіць на ўсе гады праўленьня Лукашэнкі. І размовы, што “вось, гэтай восеньню, гэтай зімой, гэтай вясной ці гэтым летам гумка парвецца” – гэтыя размовы ўжо 15 гадоў вядуцца. Так што ня трэба яму нічога рабіць і нічога рэзка мяняць. Бо любая зьмена можа гэтую раўнавагу парушыць. І ён, відаць, гэта добра разумее.
Рыгор Сітніца, мастак:
“ВЫПУСЬЦІЎ БЫ ПАЛІТЗЬНЯВОЛЕНЫХ”
Па-першае, выпусьціў бы з турмаў усіх палітзьняволеных. Усе разумеюць, што Казулін, Дашкевіч, Фінкевіч і Клімаў сядзяць за палітыку. Другая справа – надаў бы прыярытэт нацыянальным гуманітарным каштоўнасьцям. Гэтым самым зьняў бы зь сябе шмат якія грахі. Гэта было б свайго роду пакаяньне. І праз гэты чын пазбыўся б шмат якіх непрыяцеляў з боку беларускай грамадзкай супольнасьці. За гэта шмат чаго яму б даравалася. Я маю на ўвазе і незалежны друк, які павінен атрымаць роўныя ўмовы зь дзяржаўным, і кнігавыдавецкую дзейнасьць, і, натуральна, беларусізацыю сярэдняй і вышэйшай школы, і гэтак далей. І варта было б поруч з існай дзяржаўнай сымболікай дазволіць выкарыстоўваць сымболіку нацыянальную. Гэта моцна аб’яднала б беларускае грамадзтва, дарэчы. Гэта элемэнтарная лёгіка здаровага сэнсу.
Сяргей, настаўнік:
“ПЕРАТВАРЫЎ БЫ БЕЛАРУСЬ У ПАРЛЯМЭНЦКУЮ РЭСПУБЛІКУ”
Я паступова ператвараў бы Беларусь з прэзыдэнцкай у парлямэнцкую рэспубліку. Зрабіў бы зь “Белай Русі” галоўную партыю. Сам бы стаў старшынём яе ЦК. У прэзыдэнтах пакінуў бы якога Пракаповіча, Гайдукевіча ці Козіка. Ня гэта важна. Галоўнае, зьняў бы зь сябе таўро ўзурпатара. Пусьціў бы ў “палатку” пару бээнэфаўцаў для карцінкі. І кіраваў бы такім чынам да самай сьмерці. Пасьля якой, як вядома, хоць патоп.
Мікола Статкевіч, старшыня БСДП “Народная Грамада”:
“ВАЖНА ГОДНА СЫСЬЦІ”
Пачаў бы думаць аб сыходзе. Бо важна ўвайсьці, але ня меней важна годна сысьці. У зборы этычных нормаў японскіх самураяў гаворыцца, што сьмерць вызначае ўсё. Я разумею гэта так, што канец тваёй дзейнасьці вызначае ўсё. Таму я раіў бы спадару Лукашэнку паклапаціцца, каб гэта быў годны сыход. Паклапаціцца зараз, бо пазьней можа ўжо не атрымацца. Трэба перастаць лічыць галоўнай сваёй мэтай утрыманьне ўлады. Думаць пра тое, каб краіна рабілася нармальнай. Але гэта парада безнадзейная. У такім узросьце людзі не мяняюцца. Калі б ён быў здольны ўспрымаць парады, ён бы не апынуўся ў цяперашняй сытуацыі. Я параўноўваю яго становішча са становішчам паляўнічага, які ўхапіў мядзьведзя і трымае яго. Калі разьюшаны зьвер вырвецца, дык зьесьць паляўнічага. Але чым далей трымаеш, тым болей шалее мядзьведзь. І яшчэ. З сыходам носьбіта цяперашняй мадэлі ўлады сама гэтая мадэль будзе ў грамадзтве ўспрымацца вельмі нэгатыўна.
Тацяна, хатняя гаспадыня:
“НАНЯЛА БЫ ПСЫХАТЭРАПЭЎТА”
Наняла бы добрага псыхатэрапэўта. Які б дапамог чалавеку больш адэкватна ўспрымаць гэты сьвет. Сьвет, у якім ён жыве, мне здаецца, вельмі жахлівы – напоўнены ворагамі, страхамі, комплексамі. Але іншая справа, што наўрад ці тут знойдзецца той спэцыяліст, які не пабаіцца такога спэцыфічнага кліента.
Валянцін Акудовіч, філёзаф:
“ЁСЬЦЬ ДВА ВАРЫЯНТЫ”
Я б абвясьціў пазачарговыя выбары дзе-небудзь праз год, падрыхтаваў іх, каб яны былі дэмакратычнымі, а сам бы не прыняў у іх удзел. Разумею, што гэта для Лукашэнкі абсалютна нерэалістычны варыянт. Таму прапаную другі. Я б на яго месцы паспрабаваў выправіць хаця б частку сваіх хібаў і памылак, якія ён нарабіў цягам гадоў сваёй улады. Найперш дазволіў бы вольнае і шырокае выкарыстаньне нацыянальнай сымболікі. Гэта яму было б нескладана зрабіць. Ня надта складана было б рэабілітаваць і беларускую мову. Праз адміністратыўны рэсурс, праз, хай сабе, несыстэмныя выступленьні ў падтрымку мовы, культуры. Затым адкрыў бы прастору дзяржаўных СМІ для дзеячоў культуры, музыкі, мастацтва. Прынамсі, для той часткі, якая радыкальна не апазыцыянуе сябе ўладзе. У сфэры эканомікі зрабіў бы больш шырокія, больш маштабныя крокі па лібэралізацыі, асабліва на нізавым узроўні. Даў бы магчымасьць больш актыўна займацца сваёй дзейнасьцю дробным прадпрымальнікам. Затым распачаў бы шырокую размову пра слушнасьць ці няслушнасьць шляху Беларусі ў Эўразьвяз. Разам з тым, я бы абавязкова паспрабаваў вярнуцца да нармальных адносінаў з Расеяй. Перавёў бы іх з канфрантацыі ў нармальны стан. А тады я б ізноў абвясьціў пазачарговыя выбары і сам бы ў іх ня ўдзельнічаў.