ЦЭНЫ НА ЖЫТЛО
У Шабанах амаль як у Празе
Аляксандар Лукашэнка чарговы раз запатрабаваў зьнізіць кошты жытла. Ён прапанаваў гэта зрабіць шляхам нарошчваньня жыльлёвага будаўніцтва ў краіне. У бліжэйшым часе кіраўніку дзяржавы будуць прадстаўленыя адпаведныя прапановы.
Чыноўнікі распараджаюцца, а цэны на кватэры растуць.
Паводле зьвестак цэнтра нерухомасьці REALT.BY сярэдняя цана квадратнага мэтра аднапакаёўкі ў Менску складае 2 061 даляр. Квадратны мэтар двухпакаёўкі абыдзецца пакупніку ў 1 981 даляр. Таньней каштуюць вялікія кватэры – чатырох- і пяціпакаёвыя. Тут 1 мэтар у сярэднім каштуе 1 975 даляраў.
Мы вырашылі супаставіць цэны на кватэры ў сталіцы Беларусі з цэнамі на жытло ў краінах Эўропы, у тым ліку – у суседзяў. Высьветлілася, што нават на папулярных курортах кватэры таньней, чым у сталіцы Беларусі.
Напрыклад, у Турцыі, якая прэтэндуе на сяброўства ў Эўразьвязе, няновая трохпакаёвая кватэра блізу мора можа каштаваць ад 60 тысяч даляраў. Для параўнаньня: 60 тысяч даляраў – гэта сярэдняя цана аднапакаёўкі ў менскім мікрараёне Шабаны, самым аддаленым ад цэнтра сталіцы.
У Заходняй Эўропе цэны на жытло пакуль яшчэ ў большасьці краінаў вышэй за нашы. Самая дарагая нерухомасьць у Люксэмбургу. Сярэдні кошт пакупкі нерухомасьці там – 470 тысяч эўра. Затым ідуць сталіца Швэйцарыі Бэрн (421 тысяча эўра), Мадрыд (408,1 тысячы) і Дублін (330 тысяч). Парыж займае дзявятае месца ў сьпісе. Тым, хто хоча набыць жыльлё там, давядзецца заплаціць у сярэднім 261,1 тысячы эўра.
Аднак, у некаторых заможных краінах цэны можна супаставіць з айчыннымі. У Бэльгіі цэны на нерухомасьць складаюць ад 500 эўра за квадратны мэтар. А ў Брусэлі – неафіцыйнай сталіцы Эўропы – купіць нерухомасьць можна і за 182,2 тысячы эўра (каля 264 тысяч даляраў). Для параўнаньня – на 267 тысяч баксаў «цягне» чатырохпакаёвая кватэра ў раёне плошчы Якуба Коласа ў Менску.
Што тычыцца краінаў былога сацыялістычнага лягера, там цэны вельмі блізкія да беларускіх. Вось стандартная абвестка “Прадам аднапакаёвую (30 кв. мэтраў), каля цэнтра (15-20 хвілінаў пешкі), выдатны панарамны выгляд на Прагу. Цана 70000 эўра”. (101 500 даляраў). Прычым у гэтую цану ўжо ўваходзяць дзяржаўная мыта, паслугі натарыюса, афармленьне віду на жыхарства ў Чэхіі. У Менску 100 тысяч даляраў – цана аднапакаёўкі на Нямізе ці ў прэстыжным раёне на скрыжаваньні вуліц Магілёўскай і Варанянскага. .
Сярэдні кошт мэтра ў кватэры ад 30 да 160 квадратных мэтраў у Польшчы складае 1700-2500 даляраў. Супаставім цэны на жытло ў Менску і Вільні. Квадратны мэтар у сталіцы Літвы каштуе ад 3000 да 8000 літаў (1100-2900 даляраў).
Ва Ўкраіне самыя дарагія кватэры ў Кіеве. Сярэдні кошт 1 квадратнага мэтра там – 2 600 даляраў. У Адэсе, у сярэднім, жытло каштуе 1 820 даляраў за мэтар, у Львове – 1100, у Данецку – 865 даляраў.
Але ня будзем забываць, што пакупніцкая здольнасьць насельніцтва большасьці названых вышэй краінаў – нашмат вышэй, чым у Беларусі.
Так, напрыклад, сярэдняя зарплата ў Польшчы летась складала каля 887 даляраў за месяц. Сярэдняя зарплата ў Чэхіі дасягнула 21 952 кронаў (каля 1020 даляраў). А дэпартамэнт статыстыкі Літвы паведамляе, што сярэдняя зарплата ў дзяржаўным сэктары эканомікі ў 2-м квартале 2007 году складала 1 847,3 літа (543,32 эўра ці 787 даляраў). Вось і супастаўце цяпер цэны. Такую зарплату ў Беларусі атрымліваюць нямногія, а цэны на жыльлё для ўсіх – аднолькавыя.