БЫЦЬ ЖАНЧЫНАЙ

Фэльетон

– Ня дадзена нам, хлопцам, зразумець: што такое быць жанчынай! – падвёў вынік дыскусіі пан Юзаф, лыпнуў на мяне пукатымі вачыма і зноў панура апусьціў свае даўжэзныя вусы на вялізны жывот, у які ён залівае ўжо другую бутэльку “Жытняй”.

І мы маўчым – два ня дужа маладыя і ня вельмі прыгожыя прадстаўнікі “płci brzydkiej” – брыдкага полу.

Ня дадзена – але карціць!

А яны самі – разумеюць?

Вярнуўшыся дахаты, гартаю зборнік “Жанчыны выходзяць з-пад кантролю”. Нібы ўсё добра – я сам цярпець не магу ані быць кантраляваным, ані кантраляваць кагосьці. Дык што – ня так?

Здавалася б, у наш час – якія супярэчнасьці? Роўныя правы. Унісэкс, які, праўда, адбівае ахвоту да сэксу.

Потым атрымаў ліст ад знаёмага. У ягонай сям’і – трагедыя. Адзіная дачка, доўга тоячы гэты факт ад навакольных, адчувала сябе мужчынам у целе жанчыны. Цярпела да трыццаці гадоў, а цяпер назьбірала грошы і зрабіла апэрацыю зьмены полу. Каб ажаніцца з каханай дзяўчынай. Бацькі ў роспачы – каго яны цяпер маюць?

А ня так даўно на ўсю Літву прагрымела падобная гісторыя. Толькі тут хлапец адчуваў сябе дзяўчынай, а паколькі ў Літве такія апэрацыі забароненыя, дасягнуў свайго ў Італіі. І, мабыць, пасьпяхова, – бо цяпер у яе  закахаўся сапраўдны мужчына. Але як пабрацца шлюбам – паводле літоўскага пашпарту яна – усё яшчэ хлапец? Вярнулася ў Літву спарадкаваць паперы – ну, тут ёй і паказалі, дзе ракі зімуюць. Канца гэтай гісторыі я ня ведаю.

Але значыць – нешта яшчэ засталося па-за аднолькавымі джынсамі, майкамі і “правамі”? Нейкая сутнасьць, якую вызначае – быць, а не здавацца ці быць падобным? І, мабыць, ня толькі наяўнасьць адпаведных органаў?

“Ёсьць яшчэ акіян”, – запісаў у сваім дзёньніку Аляксандар Блок пасьля гібелі “Тытаніка”.

Чаму ўва ўсіх культурах, і хрысьціянскіх, і антычных, ня кажучы ўжо пра мусульманскую, жанчына заўсёды – асоба другога гатунку? Сёньняшнія тэолягі ня любяць успамінаць, што “айцы царквы” лічылі жанчыну “сасудам граха і мярзоты”, і нават ня верылі, што яна мае душу.

Дарэчы, гэтую праблему закрануў Дэн Браўн у сваім славутым “Кодзе да Вінчы”, і гэта ці ня самае вартае, што ёсьць у гэтай кнізе.

Жанчына – такая, якую мы бачым сёньня, явіла сябе сьвету зусім нядаўна, і сотні гадоў не прайшло, як яна адваявала сабе роўныя з мужчынамі правы на адукацыю, на прафэсію, на палітычную дзейнасьць.

Замала часу прайшло, каб узважыць наступствы гэтай рэвалюцыі.

Асноўны канфлікт сучасных жанчын сёньня – не з процілеглым полам, а з уласнай сутнасьцю.

Кожны пол мае свае “запаведныя тэрыторыі”, уступленьне ў якія пагражае парушальнікам стратаю сваёй тоеснасьці. Усе гэтыя жанчыны-танкісты, мужыкі, што “ўдзельнічаюць у родах”, прымальныя толькі як выключэньні. Навошта намагацца рабіць тое, для чаго Прырода прызначыла кагось іншага?

Фэміністкі нагадваюць асобу, якая мае талент шахматыста, аднак увесь час лезе на рынг з мараю біць морды і крышыць сківіцы. А б’юць – ёй.

Гуляла б у шахматы – была б непераможнай.

Сіла жанчыны – нябачная, як радыяцыя. Яе цяжка заўважыць, але яшчэ цяжэй – перамагчы. Але для гэтага жанчына павінна, прынамсі, яе ўсьведамляць.

“– Я думаў, раз вясна, ты будзеш у нечым аблягальным, яркім, ногі будуць, грудзі там…

Я зьдзівілася. Гадамі я хаджу ў джынсах, байках і тапках, зь вялікай чорнай торбай”.

Гераіня апавяданьня Евы Вежнавец яшчэ цьмяна здагадваецца, якой бы хацеў яе бачыць мужчына, але ўжо ня ў стане задаволіць яго жаданьні. Адвыкла. Забылася.

Сіла жанчыны – у таямніцы. Раней жанчына была як застольле з вытанчанымі стравамі і шляхетнымі вінамі. Цяпер – гэта гамбургер з кока-колай. Фаст-фуд. (Аднак, усё больш уваходзіць у моду “слоў-фуд” – кухня гурманаў. Ці гэта не распаўсюдзіцца і на астатняе?)

Жанчына, якая траціць таямніцу, траціць усё.

І што з тых правоў?

Адсутнасьць кантролю можа азначаць яшчэ й тое, што асоба – нікога не цікавіць.

Алег Аблажэй

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.