ЗАМОВА ВЕДЗЬМАКА

альбо Сыстэму мяняць трэба

Сумна, але зноў даводзіцца гаварыць пра тэхнічныя памылкі ў этэры. На Радыё Рацыя 10 лістапада гучала перадача “Мэдыя-атака”. Цікавая перадача, усё нармальна, толькі вось была яна месячнай даўніны – пра Эўрапейскі марш, пра нячысты Бабруйск. Я ня супраць паўтораў, цікавую перадачу бывае варта ня раз паўтарыць. Можна паўтараць некаторыя палітычныя прагнозы пасьля таго, як падзея адбылася, каб потым задаць пытаньні тым разумнікам. Але ў тым выпадку, пра які гаворка, была відавочная памылка. На іншым радыё, на Эўрапейскім, 9 лістапада ў часе простага этэру на словы вядучага налезла музычная застаўка. Журналіст Дзюба мусіў пашкадаваць: “Ай-яй-яй, зноў нейкія тэхнічныя непаладкі”. А я б сказаў, як той сантэхнік з анэкдота: “Тут усю сыстэму мяняць трэба”. На Радыё Свабода і на Палёніі я такога браку ня чуў. Можа, таму, што адно радыё амэрыканскае, другое польскае і перад чужымі людзьмі сорамна рабіць абы як. А ў сваёй хатцы…

Моўныя заўвагі. Радыё Свабода. 8 лістапада. Вячаслаў Ракіцкі прадстаўляе госьця: “Гутарка з Валянцінам Мазецам”. Я заступлюся за Валянціна ня толькі таму, што ён мой аднакашнік, проста ў мове такое правіла: касец – з касцом, Мазец – з Мазцом.

10 лістапада Алена Струвэ ў выпуску навінаў гаварыла пра алігарха, “які абвінавачваецца ў замове супраць Грузіі”. Відаць, той чалавек вялікі вядзьмак – супраць цэлай краіны шапоча замовы, а тыя адхрышчваюцца.

Сяржук Вітушка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.