МАРШ У РОЗНЫЯ БАКІ

Апазыцыя ў Менску сутыкнулася з правакацыямі

“Дзе ў часе атакі павінен быць камандзір?” – пытаўся галоўны герой легендарнага фільма “Чапаеў”. І сам жа адказваў: “Наперадзе на белым кані”. Дзе павінны быць камуністы падчас сацыяльнага маршу пратэсту? Здавалася б, на чале калёны дэманстрантаў.

Камуністы ў Менску, аднак, падзяліліся. Адны (КПБ) браталіся зь лідэрам КПРФ Зюганавым і лідэрамі іншых кампартыяў на закрытым ад прэсы пасяджэньні, прысьвечаным 90-м угодкам пралетарскай рэвалюцыі. Іншыя – з Партыі камуністаў беларускай, якую сёлета адмовіўся зарэгістраваць мінюст, вялі людзей на плошчу Бангалор.

У калёне дэманстрантаў, якія сабраліся каля Акадэміі навук, было каля тысячы чалавек. Магло быць яшчэ менш, калі б у маршы не ўзялі ўдзелу актывісты партыі БНФ, сацыял-дэмакраты, частка актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, анархісты пад чырвона-чорнымі сьцягамі. Але былі тут і зусім новыя, незнаёмыя людзі, якіх раней на падобных масавых мерапрыемствах не было відаць. Група маладых людзей у чорных шапках з павязанымі на тварах шалікамі пашыхавалася пад бел-чырвона-белымі сьцягамі з закамуфляванай свастыкай (такім “камуфляжам” карыстаюцца звычайна расейскія нэанацысты). Яны самі называлі сябе “Белая воля” і ўскідвалі рукі ў вітаньні, якое нагадвае гітлераўскае. Арганізацыю гэтую мала хто ведае, хоць у яе, аказваецца, ёсьць свой сайт у інтэрнэце, пераважна на расейскай мове. І размаўлялі гэтыя малойчыкі міжсобку выключна матам. Цікава, ці гэта яны самі пішуць тэксты сваіх улётак на эканамічныя тэмы?..

У чым палягаў сэнс удзелу гэтых людзей у маршы, стала зразумела вельмі хутка – як толькі калёна рушыла вуліцай Сурганава. Там, на скрыжаваньні з Праспэктам Незалежнасьці, дарэчы, ужо дзяжурылі тэлекамэры БТ. Купка правакатараў з крыкамі “Бі лібэралаў!” і “Кроў!” накінулася на анархістаў. У хаду пайшлі ногі, дрэўкі сьцягоў, дошкі, кавалкі арматуры. Бойка працягвалася некалькі хвілінаў, але міліцыя ня ўмешвалася. Міліцэйскі спэцназ, які прыбыў апэратыўна, ачапіў калёну на чале зь лідэрам ПКБ Сяргеем Калякіным, але ў тое, што адбывалася побач, ня ўмешваўся. Між тым, бойкі ў часе руху дэманстрантаў адбываліся яшчэ некалькі разоў пры маўклівым назіраньні ахоўнікаў правапарадку. Нарэшце правакатары зьніклі як па камандзе, растварыўшыся ў бліжэйшых дварах на вуліцы Ўсходняй.

Пазьней Сяргей Калякін скажа, што арганізатарам акцыяў апазыцыі трэба больш пільна сачыць за тым, каб да іх не прымазваліся правакатары. Але да каго былі зьвернутыя гэтыя словы?

Арганізатарам гэтым разам не ўдалося дамовіцца нават паміж сабой. Пакуль ішоў мітынг на Бангалор, частка людзей на заклік лідэра АГП Анатоля Лябедзькі сабралася на Кастрычніцкай плошчы. Чалавек дзьвесьце пяцьдзясят – у асноўным прадстаўнікі маладзёвых рухаў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі — рушылі па праспэкце Незалежнасьці да Дому ўраду, дзе правялі свой кароткі “сацыяльны” мітынг.

Сэнс “Сацыяльнага маршу” атрымаўся цалкам размытым. Сярод дэманстрантаў было няшмат пэнсіянэраў, якіх у першую чаргу закране ліквідацыя льготаў. Пераважала моладзь. Частка яе, як выявілася, была заангажаваная структурамі, якія яўна ня маюць нічога агульнага з дэмакратычнай апазыцыяй.

Характэрна, што ў гэты дзень, які ў Расеі адзначаўся як Дзень нацыянальнага адзінства, па вуліцах Масквы адкрыта шпацыравалі расейскія фашысты пад антысэміцкімі і ксэнафобскімі лёзунгамі. У Менску, выглядае, на іх аднадумцаў і платных правакатараў была ўскладзеная іншая задача – дыскрэдытаваць беларускую апазыцыю.

Праўда, трэба прызнаць, што сваімі разрозьненымі, накіраванымі ў процілеглыя бакі, непрадуманымі дзеяньнямі ў мінулую нядзелю апазыцыя сама ўнесла ў гэта свой уклад.

Прынамсі, аўтарытэтнага камандзіра ёй яўна бракавала.

Аглядальнік

Ад рэдакцыі:

Лідэр нефармальнага руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч у нядзелю сустракаўся з жыхарамі Мастоў. Там ён быў дапытаны ў аддзяленьні міліцыі. Наколькі прынцыповым было яго рашэньне не прысутнічаць у той дзень у сталіцы?

А лідэр БНФ Вінцук Вячорка тым часам быў спынены міліцыяй на шляху ў Горадню, на сустрэчу з тамтэйшай абласной арганізацыяй. Пасьля высьвятленьня асобы ён быў адпушчаны.

Намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч, які паведаміў нядаўна аб сваім рашэньні балятаваца на пасаду старшыні партыі, пасьпеў пабываць на абедзьвюх апазыцыйных акцыях у Менску. Але справа, канечне, ня ў тым, дзе хто зь лідэраў апазыцыі быў у той дзень.

Пытаньне ў тым, што ўвогуле адбываецца апошнім часам з апазыцыяй, у прыватнасьці, зь яе колішнім ядром – БНФ?

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.