САБАКА НА СЕНЕ

Як устаць з “гарызантальнага” становішча?

Днямі Аляксандар Лукашэнка прапанаваў чарговаму расейскаму алігарху набыць знакамітае вытворчае аб’яднаньне “Інтэграл”. Але з гэтай ідэяй ён моцна спазьніўся.

Паводле адной з вэрсіяў, кіраўніцтва Беларусі прыняло стратэгічнае рашэньне пра паступовы распродаж нацыянальнай прамысловасьці. Бо іншых спосабаў захаваць эканамічную стабільнасьць у цяперашніх уладаў няма. Эканаміст Леанід Заіка нават падлічыў, што маёмасьці хопіць дзесьці на 30 гадоў, цягам якіх можна будзе ўдаваць надзвычайную эфэктыўнасьць беларускай мадэлі і жыць на грошы з таго, што прададзена.

Але ўсё, на жаль ці на шчасьце, ня так проста. Сапраўды, Лукашэнка мусіў адысьці ад праграмнага тэзысу “мы свае заводы ўзьнялі з каленяў і цяпер нікому не аддамо”. “Белтрансгаз”, “Мотавелазавод” ды VELCOM ужо пайшлі па руках. На чарзе, калі верыць Лукашэнку, “Інтэграл”.

Хаця тут яшчэ вялікае пытаньне. З аднаго боку, прапанова набыць “Інтэграл” прагучала з высокіх вуснаў. Але зь іншага, для кіраўніцтва прадпрыемства гэтая заява была нечаканай.

Намесьнік старшыні гендырэктара “Інтэграла” Аляксандар Прыбыльскі заявіў, што, хаця прадпрыемства зьяўляецца “ласым кавалачкам”, пра магчымасьць продажу вытворчага аб’яднаньня ягоныя мэнэджэры нічога ня ведаюць. А ў міністэрстве прамысловасьці выказваюць меркаваньне, што Лукашэнка такім чынам мог агучыць намер пра супрацоўніцтва. Бо перамовы з расейскай АФК “Сыстэма”, прэзыдэнту якой Лукашэнка прапанаваў набыць “Інтэграл”, сапраўды, вяліся, але зусім пра іншую – пра супольную гаспадарчую дзейнасьць у якасьці партнэраў.

Таксама варта нагадаць, што ў 1998-м годзе з-за нежаданьня Лукашэнкі прадаць 35% акцыяў “Інтэграла” сусьветна вядомай карпарацыі Motorola, сканаў пэрспэктыўны сумесны праект, які прадугледжваў вытворчасьць і зборку мікрасхем і тэлевізійных мікрапрацэсараў. А два гады таму беларускі кіраўнік на прапанову ўраду пра інтэграцыю вытворчага аб’яднаньня з расейскімі структурамі адказаў літаральна наступнае: “Гэта не азначае, што мы заўтра акцыянуем “Інтэграл” і камусьці яго аддамо. Мне такія прапановы не патрэбныя. І такое кіраўніцтва на “Інтэграле”, якое будзе выступаць за тое, каб мы акцыянавалі прадпрыемства, і заўтра нам “зваляцца” на галаву грошы з паветра, мне не патрэбнае”.

Як жа ў выніку ўсяго гэтага расцэньваць апошнія заявы Лукашэнкі? Варыянт першы: ён не валодае сытуацыяй і ляпнуў абы што. Варыянт другі: ён паводзіць сябе, як фэадал і гатовы аднаасобна распараджацца нацыянальнай маёмасьцю: сёньня так, а заўтра – наадварот. Выбірайце, які варыянт вам больш падабаецца.

Але галоўная праблема засталася па-за ўвагай. Сёньня ўвесь “Інтэграл” ацэньваецца ў 100-150 мільёнаў даляраў. Для неабазнанага чалавека гэта велічэзныя грошы. Аднак параўнайце іх зь мільярдам эўра. Менавіта за такую суму кампанія Telekom Austria набыла 70% акцыяў «МЦС» (больш вядомага ў Беларусі пад гандлёвай маркай VELCOM). Дык гэтае ж прадпрыемства было створанае на роўным месцы 8 гадоў таму. І атрымліваецца, што яно каштуе ў дзесяць з гакам разоў болей, чым гігант прамысловасьці, які існуе яшчэ з савецкіх часоў.

Калі ж палічыць усе субсыдыі, што за часы кіраваньня Лукашэнкі вылучаліся “Інтэгралу”, то атрымаецца, што дзяржава нават свае грошы ня верне. Вось такая разумная эканамічная палітыка!

Прадаваць “Інтэграл” трэба было ў сярэдзіне дзевяностых. Але ўсе гэтыя гады Лукашэнка ляжаў на вытворчым аб’яднаньні, нібы сабака на сене. І раптам спахапіўся: пачаў завабліваць пакупнікоў. Аднак цяпер умовы будуць значна менш выгадныя, чым дзесяць гадоў таму.

Тое самае тычыцца і яшчэ шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Прыкладам, знакаміты “Гарызонт” даўно знаходзіцца ў “гарызантальным” становішчы: ён безнадзейна адстаў ад лідэраў сусьветнага рынку ў сваёй галіне. Зрэшты, гэта можна сказаць і пра большасьць беларускіх прадпрыемстваў.

Тупіковая эканамічная палітыка давяла да таго, што раней ці пазьней усё адно давядзецца клікаць замежных інвэстараў, каб выправіць становішча. Але згубленыя гады, калі беларуская прамысловасьць замест таго, каб імкліва разьвівацца, ледзьве рухалася з хуткасьцю паравоза братоў Чарапанавых, ня вернеш.

Валеры Філін

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.