ХВАЛІ НАЎКОЛ ВЫСПЫ

Фэльетон

На жаль, я ня меў магчымасьці чытаць або чуць нейкія водгукі на славуты ўжо фільм Паўла Лунгіна “Выспа” (“Остров”). А дыскусіі, вядома ж, былі. Не маглі ня быць. Бо фільм ставіць пытаньні, на якія людзі заведама, прынцыпова ня могуць даць адказу.

Але, магчыма, гэта й ёсьць задача сапраўднага мастацтва – шукаць адказу менавіта на такія пытаньні.

Гісторыя, якая стала стрыжнем фільма, нагадвае сытуацыю з аповесьці Быкава “Сотнікаў”. Там немцы змусілі партызана Рыбака прыняць удзел у павешаньні свайго таварыша. Пад прыцэламі аўтаматаў той выбівае калоду з-пад ног Сотнікава, які стаіць на ёй зь пятлёй на шыі.

Фільм “Выспа” – пра далейшае жыцьцё такога “Рыбака”. Там фашысты змусілі галоўнага героя застрэліць свайго камандзіра. І чалавек, які выканаў гэтую чорную справу, усё жыцьцё пакутуе і просіць у Бога прабачэньня.

Галоўнае пытаньне фільма – як жыць чалавеку, у якога на сумленьні цяжкі, непапраўны грэх?

Герой фільма, каб пазьбегнуць пекла на тым сьвеце, стварыў яго для сябе тут, на зямлі. Ён стаў праваслаўным манахам у закінутым паўночным манастыры. І выконвае там самую брудную і цяжкую працу.

Неяк няёмка разважаць на такія тэмы, седзячы на мяккай канапе пры каве з кавалкам торта. Але яшчэ горш – ня думаць аб гэтым зусім.

Ня дай Бог нікому праходзіць праз такія выпрабаваньні. І ніхто, ніводзін з нас ня можа прадбачыць, як бы ён сябе паводзіў у той момант, калі вырашаецца пытаньне яго жыцьця ці сьмерці. Бо тады прачынаюцца такія інстынкты, расчыняюцца такія цёмныя куткі падсьвядомасьці, аб якіх чалавек, калі б жыў нармальным жыцьцём, ніколі б не здагадаўся.

Чуў нядаўна, як у падаючым самалёце сьцюардэсы, замест таго, каб ратаваць людзей ці ратавацца самім, сталі адна адну… кусаць!

У біяграфіі Тургенева быў малапрыстойны эпізод, калі ён падчас пажару на караблі, замест таго, каб ратаваць жанчын і дзяцей, уцёк адным зь першых.

Але ці не таму ў ягоных пазьнейшых творах няма маралізатарства, а ёсьць спагада і спробы зразумець паводзіны кожнага чалавека, — бо ён не лічыў сябе годным на ролю судзьдзі?

А вось галоўны герой фільма дазваляў сабе судзіць учынкі іншых. І сурова абрушыўся на свайго брата-манаха за тое, што той замест “умерщвления плоти” носіць зручныя боты і сьпіць пад цёплай коўдрай. Ён, які забіў чалавека, ужо лічыць сябе маральна вышэйшым за чалавека, які нікога не забіваў, але ня хоча залішне пакутаваць.

З чым я не магу пагадзіцца ніколі – гэта зь перакананьнем, што Богу “угодно” бачыць сваіх “рабоў” беднымі, бруднымі і сьмярдзючымі. Адсюль простая сьцяжынка да тэзы аб заведамай маральнай чысьціні пралетарыяту ды вясковай беднаты. Мы ўжо гэта “праходзілі”.

Ці не таму так лёгка прыжыўся ГУЛАГ у праваслаўнай Расеі – а не ў пратэстанцкай Амэрыцы?

(Хаця – Дахаў і Бухенвальд былі якраз у пратэстанцкай краіне. Але там, прынамсі, былі асуджаны “архітэктары”.)

Між іншым, ня ўсе праваслаўныя мысьляры лічылі, што выкупіць грэх можна толькі бясконцым пакаяньнем і пакутамі. У кнізе “Тры размовы” праваслаўны філёзаф Уладзімер Салаўёў сьцьвярджае вуснамі аднаго з пэрcанажаў – гэта д’ябал імкнецца, каб ты не забыў і не прабачыў сабе свой грэх. Каб ты зноў і зноў валюхаўся ў гэтым брудзе. А трэба прабачыць яго сабе, вырвацца за ягоныя межы, пакінуць яго ў мінулым, і даказаць новым, чыстым жыцьцём, што ты – чалавек. Павялічваць дабро. Ня быць самому ў цемры і сьвяціць іншым.

Іншыя ж праваслаўныя лічаць – “никакая куча добрых дел не спасет, если нет благодати Божией”. Толькі вось у чым гэтая “благодать”?

… Даўно няма тых рэальных жанчын, якіх пакінуў у бядзе малады Тургенеў. Але жывуць і будуць жыць створаныя ім “тургеневские девушки”.

І нікуды ня дзецца нам ні ад вечных пытаньняў – ні ад свайго лёсу.

Алег Аблажэй

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.