АДЗНАЧЫЛІСЯ
Роднае слова як атракцыён
125-годзьдзе з дня нараджэньня Янкі Купалы Беларускае тэлебачаньне адзначыла дакумэнтальным фільмам, прысьвечаным народнаму паэту, і савецкай кінакамэдыяй на расейскай мове “Пасьля кірмашу” паводле матываў “Паўлінкі”.
3-га лістапада, у 125-ю гадавіну нараджэньня народнага паэта Якуба Коласа, БТ увогуле абышлося бязь фільмаў і адмысловых перадач на тэму юбілея клясыка.
Аднак стваральнікі штодзённай інфармацыйна-забаўляльнай праграмы “Добрай раніцы, Беларусь” у той суботні дзень знайшлі, як ім падалося, добрае выйсьце са становішча.
Яны вырашылі правесьці ў жывым этэры конкурс на лепшае чытаньне вершаў Коласа. Добрае пачынаньне – асабліва, калі паклапаціцца аб правядзеньні такога конкурсу загадзя, запрасіць самых розных людзей з розных гарадоў і вёсак, скласьці аўтарытэтнае журы. Але рэжысэры БТ пайшлі шляхам найменшага супраціву. Яны па чарзе запрасілі ў студыю папулярнага футбольнага камэнтатара Навіцкага, старшаклясьніцу з Кобрына (якая, між іншым, ужо мае досьвед удзелу ў тэлепраграмах), менскага прадпрымальніка афрыканскага паходжаньня Фернанда і вядомага мадэльера, заснавальніка мадэльнага агенцтва “Млын моды” Сашу Варламава. Кожны зь іх, у прамежку паміж сюжэтамі на розныя побытавыя тэмы, прачытаў на камэру адзін коласаўскі верш. Гэта не было, скажам так, зусім мастацкім чытаньнем.
Саша Варламаў, напрыклад, так хваляваўся, што вымушаны быў прачытаць увесь тэкст па паперцы, ды яшчэ спатыкаўся. А вось афрыканец Фернанда, які жыве ў беларускай сталіцы апошнія дзевяць гадоў свайго жыцьця, чытаў хоць і з моцным акцэнтам, але ўпэўнена і гучна, што называецца – з выражэньнем. На пытаньне вядучага перадачы, ці лёгка яму было вывучыць беларускую мову, той адказаў шчыра – зусім не было магчымасьці вучыць, бо ўсе навокал гавораць па-расейску.
Па-расейску, як заўсёды, размаўлялі і вядучыя праграмы. Нават сюжэт зь вершамі народнага песьняра яны, відаць, не палічылі важкай падставай, каб перайсьці на родную мову. Між іншым, у праграме “Добрай раніцы, Беларусь” ёсьць пастаянная рубрыка, у якой артысты ў жартаўлівай форме вучаць гледачоў правільна гаварыць… па-расейску. На гэтым фоне чытаньне вершаў Коласа таксама выглядала як нейкі жарт, атракцыён.
І толькі калі ў студыю ўвайшла народная артыстка Беларусі Тацяна Мархель, якую запрасілі падвесьці вынікі “конкурсу”, і яна загаварыла на сапраўднай, цудоўнай беларускай мове, у вядучых не хапіла духу размаўляць зь ёй не па-беларуску. Тацяна Мархель пахваліла ўсіх удзельнікаў спаборніцтва, яго арганізатараў і прачытала радкі з паэмы “Сымон Музыка”:
“Край мой родны! Дзе ж у сьвеце
Край другі такі знайсьці,
Дзе б магла так, поруч зь сьмецьцем,
Гожасьць пышная ўзрасьці?”
Хіба можна нешта дадаць да словаў клясыка?