“ДЗЯДЫ” І ЎНУКІ

РАЗЬВІТАНЬНЕ З КАМУНІЗМАМ ЗАЦЯГНУЛАСЯ

Як спляліся, счапіліся гістарычныя даты сёлета ўвосень. 70 гадоў таму, за адну ноч з 29-га на 30-га кастрычніка, у турме НКВД у Менску былі расстраляныя 100 беларускіх літаратараў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячоў. Пазьней у Курапатах сталінскія каты будуць расстрэльваць людзей ужо тысячамі.

90 гадоў таму ў Расеі адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, зь якой пачаўся бальшавіцкі тэрор. Адзначаць гэты радасны юбілей камуністы будуць у тым ліку і ў Менску. Ізноў розныя чыкіны будуць апраўдваць сталінскія рэпрэсіі, зноў будуць ілгаць пра Курапаты – быццам там расстрэльвалі толькі немцы і толькі гамбургскіх габрэяў.

19 гадоў таму, на Дзяды адбыўся першы Марш у Курапаты. Тысячы людзей, якія ўпершыню даведаліся з артыкулаў Пазьняка праўду пра расстрэлы ва ўрочышчы, ішлі ўшанаваць памяць ахвяраў рэпрэсіяў. Калёна дэманстрантаў тады была разагнаная міліцыяй з дапамогай сьлезацечных газаў і дубінак. Так што сёлетняе шэсьце ў Курапаты было ўжо дваццатым – таксама, можна сказаць, юбілейным. За гэты час вырасла цэлае пакаленьне. З кожным годам на магілы ахвяраў сталіншчыны прыходзіць усё меней людзей сталага ўзросту. Праўда, у апошнія гады прыходзіць усё болей моладзі. Але ў прынцыпе нічога не зьмяняецца.

Па-ранейшаму “невядомыя вандалы” звыкла апаганьваюць магілы, ламаюць крыжы. Сёлета на пачатку кастрычніка зламалі Крыж пакутаў у Курапатах. Актывісты КХП БНФ напярэдадні Дзядоў яго аднавілі.

Успомніўся нядаўні эпізод, зьнешне ніяк не зьвязаны з гісторыяй сталінізму. Аляксандар Лукашэнка адказваў на пытаньні расейскіх журналістаў. Адзін зь іх папрасіў кіраўніка дзяржавы даць ацэнку зьезду “Адзінай Расеі”, на якім прэзыдэнт Пуцін даў згоду ўзначаліць выбарчы сьпіс гэтай партыі на выбарах у Дзярждуму. А ў адказ пачуў наступнае: “Зьезд КПСС…”, “Расея цягне нас назад у савецкую сыстэму…”, “прапарцыйная сыстэма выбараў недэмакратычная” і г.д. На імгненьне ў канфэрэнц-залі павісла цішыня. Расейская рэптыльная прэса, ды яшчэ ў правінцыі, ад такога адвыкла. Многія, напэўна, думалі ў той момант: “А як жа ранейшыя выказваньні Лукашэнкі пра Савецкі Саюз як узор палітычнай сыстэмы, як жа Лінія Сталіна, як жа партыя “Белая Русь”, нарэшце?”

Крыху пазьней на той самай прэс-канфэрэнцыі Лукашэнка патлумачыў, за што крытыкуе Пуціна. Не за яго аўтарытарны стыль праўленьня, а за тое, што той не пагаджаецца ісьці на трэці тэрмін, ня хоча зьмяняць дзеля гэтага Канстытуцыю РФ. Як так – у Беларусі, у Казахстане ці Таджыкістане зь лёгкасьцю прайшлі рэфэрэндумы, якія далі магчымасьць правіцелям, не зважаючы ні на якія канстытуцыі, правіць столькі, колькі ўлезе. А прэзыдэнт Расеі што, не такі, як усе? Яму больш за іншых трэба?

Кіраўнік Беларусі ня першы раз крытыкуе ня толькі Газпром, але й Крэмль, Пуціна, і ў гэтай крытыкі ёсьць усім нам вядомыя слушныя падставы. Толькі гэта крытыка, што называецца, справа. Ці зьлева?

Гэта зь якога боку глядзець. Аб’ектыўна Лукашэнка даўно апынуўся ў шэрагах левай апазыцыі, разам з расейскімі камуна-патрыётамі.

Так склалася, што ў Расеі сёньня камуністы – апошняя сіла, якая можа ня толькі крытыкаваць уладу, але быць сапраўднай апазыцыяй. У КПРФ ёсьць рэальныя шанцы патрапіць у Думу, разам з “Адзінай Расеяй”. На фоне камуністаў адзінаросы могуць падацца правымі лібэраламі, амаль што дэмакратамі. Гэта, вядома зусім ня так.

Але самае галоўнае, што камуністы ня могуць быць альтэрнатывай аўтарытарнай уладзе.

Насамрэч, прапанаваць выбар паміж пуцінцамі (як добра ўпісваецца прозьвішча расейскага прэзыдэнта ў трыяду: Ленін-Сталін-Пуцін!) і камуністамі. Гэта тое самае, калі б канібал спытаўся ў сваёй ахвяры – цябе як прыгатаваць? Засмажыць? Ці зьесьці сырым з цытрынай?

Як той казаў, абодва варыянты горш.

За дваццаць гадоў Беларусь, атрымаўшы незалежнасьць, так і ня вырвалася з палону камуністычных мітаў, савецкай ідэалёгіі, не разьлічылася з камуністамі за іх злачынствы супраць чалавечнасьці. І нават не асудзіла гэтыя злачынствы. Наадварот – мы зноў адкрыта ўкленчваем перад Сталіным.

У сувязі з 70-годзьдзем пачатку масавых расстрэлаў Эвангельская царква ў Беларусі моліцца за пакаяньне ў грахах камунізму: “Камунізм нагэтулькі глыбока пранік у наша грамадзтва, наш мэнталітэт, што толькі агульнанацыянальнае пакаяньне перад Богам можа прынесьці свабоду для нашага й наступных пакаленьняў”. Заклік да пакаяньня падтрымалі іншыя пратэстанцкія цэрквы. А што ж іншыя канфэсіі?

Пакуль не пазбавяцца ганебнай спадчыны камунізму, будуць ламаць крыжы ў Курапатах і зьдзеквацца з памяці нашых продкаў. А нам застанецца чакаць 100-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая, відаць, будзе адзначацца ў Менску пры поўным парадзе.

А. Уласаў

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.