Як у Беларусі будуць адзначаць 100-годзьдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі?
Юры Хашчавацкі, кінарэжысэр:
“БУДУЦЬ РАДАВАЦЦА, ШТО ВЫЗВАЛІЛІСЯ”
Я думаю, стагодзьдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 2017-м годзе будзе адзначана ўсенароднай радасьцю, танцамі і сьпевамі, што нарэшце ўсё гэта скончылася. З адыходам нашага першага і, спадзяюся, апошняга прэзыдэнта. Пасьля чаго ніякіх тут дыктатараў больш ня будзе. Савецкай улады тут ня будзе, нарэшце. Бальшавізму тут ня будзе. Я думаю, што да таго моманту краіна стане на нармальны шлях разьвіцьця.
Уладзімер, інжынэр:
“БУДУЦЬ МАСАВЫЯ ГУЛЯНЬНІ І КВЕТКІ АД ПІЯНЭРЫІ”
Лукашэнка у 2017-м годзе толькі ўвойдзе ў свой палітычны зэніт — я не сумняваюся ў гэтым. І дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі ён выкарыстае напоўніцу. Будуць і масавыя гуляньні, і кветкі ад піянэрыі да помніка Леніну, і ўрачысты канцэрт у Палацы Рэспублікі. І госьці з-за мяжы – ня толькі з Кубы і Паўночнай Карэі, але і камуністы з Францыі й Амэрыкі прыедуць. І, вядома, нас чакае які-небудзь новы манумэнт народу-працаўніку і новае эпахальнае перайменаваньне вуліцы ў гонар стагодзьдзя Кастрычніка.
Мікалай Статкевіч, лідэр БСДП “Народная грамада”:
“ПОМНІК ЛЕНІНУ БУДЗЕ СТАЯЦЬ У МУЗЭІ КАМУНІЗМУ”
Я выдатна ўяўляю сабе гэта. Помнік Леніну будзе стаяць у музэі камунізму дзе-небудзь на ўскраіне сталіцы, таму людзі не захочуць туды цягнуцца. І каля Доміка першага зьезда РСДРП, хаця ён ня мае адносінаў да гэтай рэвалюцыі, зьбярэцца некалькі дзясяткаў зусім старых людзей. Яны будуць трымаць некалькі чырвоных сьцягоў, партрэты Леніна і Сталіна. Яны будуць казаць доўгія прамовы адзін аднаму, пакладуць кветкі і разыйдуцца па хатах. І ўсё. Побач будуць туляцца некалькі паліцыянтаў, каб, крый Божа, старых ніхто не пакрыўдзіў. А большасьць мінакоў ня будуць разумець, чаго сабраліся гэтыя старыя, што за сьвята ў іх. Людзі проста забудуць.
Тацяна, хатняя гаспадыня:
“Я Б ВЯРНУЛАСЯ Ў ДЗЯЦІНСТВА”
Я б з задавальненьнем паўдзельнічала ў кастрычніцкім сьвяце. На дзянёк вярнулася б у дзяцінства. Узяць чырвоныя сьцяжкі, надзьмуць шарыкі, зрабіць пару транспарантаў, дастаць дзе-небудзь партрэт Брэжнева ці Машэрава і пайсьці на “дэманстрацыю”. Зь песенькамі пра Ільіча, з крыкамі “ура”. Безь ніякай ідэалёгіі. Проста вярнуцца у 70-я, калі мы былі маленькія і шчасьлівыя. Хай мы будзем выглядаць шызафрэнікамі для сваіх дзяцей. І добра, што яны ня ведаюць, хто такі Ленін. Але ж гэта пэрсанаж з нашага маленства.
Сяргей Калякін, лідэр Партыі камуністаў беларускай:
“ЗЬ ЛЮДЗЕЙ ВЫВЕТРЫЦЦА АНТЫКАМУНІСТЫЧНЫ ЎГАР”
Тое, што людзі будуць памятаць гэтую дату – гэта безумоўна. А якія будуць мерапрыемствы? Усё будзе залежаць ад палітычнага становішча, ад таго, хто будзе знаходзіцца ва ўладзе ў гэты час. Наколькі мне вядома, дзейная ўлада намагаецца скарыстаць гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі для таго, каб паказаць, што яна таксама выступае зь нейкіх сацыяльных пазыцый, што яна будуе сацыяльна арыентаваную дзяржаву. За наступныя дзесяць гадоў зь людзей выветрыцца антысацыялістычны, антыкамуністычны ўгар, які існуе ад 1990 году. І людзі будуць асэнсоўваць, што яны страцілі, а што набылі. І гэтая дата застанецца ў календары — і ўсясьветным, і беларускім. Таму што, і гэтага ніхто ня можа абвергнуць, Кастрычніцкая рэвалюцыя паклала пачатак станаўленьню беларускай дзяржаўнасьці.
Віктар Шалкевіч, бард:
“КАМУНІСТАЎ НЯ БУДЗЕ НА ЗЯМЛІ”
Ніяк ня будзе адзначацца. Час усё ставіць на свае месцы. І мне здаецца, што ніхто ня будзе памятаць пра Кастрычнік, бо камуністаў не застанецца на Зямлі. Гэта дастаткова сумная дата. І чым хутчэй мы пра яе забудземся, тым нам будзе лепей.
Валеры, пэнсіянэр:
“ДЛЯ МЯНЕ ГЭТА ЗАЎСЁДЫ БУДЗЕ СЬВЯТА”
Я ведаю, што калі я дажыву да 7 лістапада 2017 году, на маім стале будзе салат аліўе, гарэлка, добрая закуска і пара сяброў-аднагодкаў за сталом. Для мяне гэта сьвята. Не палітычнае, а традыцыйнае. Я ўсё жыцьцё яго адзначаю. Пры Сталіне ліманадам, пры Хрушчове і далей – больш моцнымі напоямі. Але безь ніякай ідэалёгіі. Колькі было гумару на дэманстрацыях! Як пасьля добра сядзелася й выпівалася! Дык чаму я павінен адмаўляцца ад такой цудоўнай нагоды сустрэцца і пасядзець?
Віктар Івашкевіч, адзін зь лідэраў БНФ:
“БОЛЬШАСЬЦЬ ПРА ГЭТА ДУМАЦЬ НЯ БУДЗЕ”
У той дзень да Доміка першага зьезду РСДРП перанясуць помнік Леніну з плошчы Незалежнасьці. Ён будзе ўзвышацца над гэтай хаткай, сваім памерам дэманструючы, ува што ўся гэтая гісторыя вылілася. А ў якасьці плота будуць выстаўлены Леніны, зьвезеныя з райцэнтраў. Туды прыйдуць людзі, якія заўсёды імкнуцца ўдзельнічаць у нейкіх нефармальных аб’яднаньнях. Яны заўсёды ёсьць. Моладзь, якая носіць партрэты Чэ Гевары, хоць ніхто ўжо ня памятае, хто гэта, носяць надпісы “СССР” на сабе. І будуць нейкія людзі, якія мараць пра камунізм. Але большасьць грамадзтва, натуральна, пра гэта ні чуць, ні ведаць, ні думаць ня будзе.
Валянцін Акудовіч, філёзаф:
“КАСТРЫЧНІЦКІ ПЕРАВАРОТ – ЧЫНЬНІК БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ”
Час ляціць імкліва. Настолькі рашуча мяняецца падыход у ацэнках мінулага, што ўсур’ёз настойваць, што гэта будзе так, а ня йнакш, наўрад ці хто адважыцца. Наступныя дзесяць гадоў яшчэ ня раз памяняюць нашы ацэнкі і падыходы як да мінулага, так і да таго, што з гэтага мінулага ўшаноўваць. Я думаю, што да таго часу адыйдзе антыкамуністычная тэндэнцыя, якая дамінавала пасьля краху камуністычнай ідэалёгіі. І на гэтую падзею будуць глядзець так, як мы глядзім на вайну 1812 году. Гэта будзе проста гістарычны факт, які будуць адзначаць прыхільнікі левых партый і рухаў. Для іх гэта бясспрэчна гістарычная падзея. Што да Беларусі, то яна, хутчэй за ўсё, гэтае сьвята проста не заўважыць. Хочацца спадзявацца, што да гэтага часу тып улады зьменіцца, будуць іншыя падыходы да розных падзеяў і асаблівага месца для Кастрычніцкай рэвалюцыі ўжо ня будзе ў той сыстэме поглядаў, якія задамінуюць у Беларусі. Разам з тым, я не выключаю, што нарэшце будзе заўважаны дэмакратычнымі ўладамі адзін досыць цікавы момант. Пры ўсёй нашай нелюбові да камуністычнай ідэалёгіі і да гэтага перавароту, мы не заўважаем, што безь яго гісторыя наша, хутчэй за ўсё, выглядала б радыкальна іншай. І зусім не напэўна, што лепшай. Без Кастрычніцкага перавароту не было б БССР. Без бальшавіцкага панаваньня наўрад ці аб’ядналіся б Усходняя і Заходняя Беларусь. Без БССР мы б наўрад ці мелі тое, што зараз маем. І я не выключаю, што ў 2017-м годзе, магчыма, ня надта шумна, але будуць ладзіцца навуковыя канфэрэнцыі, сэмінары, круглыя сталы. На тэму “Кастрычніцкая рэвалюцыя – базавы чыньнік утварэньня беларускай дзяржавы”.
Пытаньне наступнага тыдня: Што б вы зрабілі сёньня на месцы лідэра БНФ?