Ад рэдакцыі

З адказаў нашага сёньняшняга апытаньня вынікае, што візіі будучыні ў Беларусі самыя розныя, нават супрацьлеглыя. У цэлым жа будучыня выглядае непрадказальна. Чаго нельга сказаць пра мінуўшчыну, якую мы маем як дадзенасьць. Тут разыходжаньні ўзьнікаюць толькі ў выніку сутыкненьня фактаў са стэрэатыпамі грамадзкай сьвядомасьці і мітамі. Адзін з такіх мітаў кажа, што Кастрычніцкая рэвалюцыя станоўча паўплывала на беларускую дзяржаўнасьць. Насамрэч гэта ня так.

Мы ведаем, што БССР была створана як адказ на абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі. Між тым, ідэя, зародак і імпульс стварэньня беларускай дзяржавы сыходзіў ня зь Менску (БНР) і не са Смаленску (БССР). Ён сыходзіў зь Вільні, адкуль у 1918 годзе ідэя БНР была прывезена ў Менск на Ўсебеларускі кангрэс і прапанаваная дэпутатам, якія гатовыя былі здаволіцца аўтаноміяй у складзе Расеі.

У Вільні, пачынаючы з 1915 году беларускім актывам распрацоўвалася ідэя аднаўленьня Вялікага Княства Літоўскага – разам зь літоўцамі і ўкраінцамі. І менавіта Кастрычніцкая рэвалюцыя прымусіла літоўцаў ратавацца самастойна, а не будаваць дзяржаву разам з намі. На цэлых 20 гадоў яны ад рэвалюцыі ўцяклі. Калі б не рэвалюцыя, не было б гэтых уцёкаў, і пасьляваенная Расея проста не ўтрымала б, калі б і хацела, волі народаў да аднаўленьня ВКЛ, што, у сваю чаргу, і беларусам дало б дзяржаўнасьць, і гісторыя Эўропы пайшла б зусім іншым чынам. Гэта першае.

Пасьля рэвалюцыі менавіта ў Вільні – несавецкай Вільні — перахоўваліся праўдзівыя беларускія сьцягі — партыі, газэты, сыстэма адукацыі, музэй, царква… Іх сфэрай уплыву была несавецкая Заходняя Беларусь. Ня будзь у нацыі гэтага заплечча, пасьля сталінскага тэрору ад Беларусі як такой засталіся б рожкі ды ножкі. Гэта другое.

Нарэшце, трэцяе. “Дзякуючы” рэвалюцыі, Беларусь канчаткова страціла Вільню – сваю 500-гадовую сталіцу, адкуль заўсёды ішоў імпульс беларускай дзяржаўнасьці.

Ужо гэтых трох фактаў дастаткова, каб зрабіць выснову, што беларуская дзяржава як ідэя і як рэальнасьць узьнікла не на “тэрыторыі” Кастрычніцкай рэвалюцыі, а выжыла і зьдзейсьнілася насуперак ёй – толькі тады, калі скончылася эпоха камунізму.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.