“КАМПЭНСАЦЫЯ” ЗА ЛЬГОТЫ

Як пражыць на сто даляраў у месяц?

Урад РБ зацьвердзіў новы бюджэт пражытковага мінімуму – БПМ, які пачне дзейнічаць ад 1 лістапада.

Згодна з законам, гэты сацыяльны нарматыў штоквартальна вызначаецца ўрадам паводле цэнаў апошняга кварталу. У дадзеным выпадку – з 1 жніўня па 31 кастрычніка. На падставе БПМ (ня блытаць з БМП!) вылічваюцца мінімальная зарплата, пэнсіі, сацыяльная дапамога й іншыя сацыяльныя выплаты. Пры гэтым улічваюцца цэны на прадукты харчаваньня, адзеньне, абутак, лекі, прадметы гігіены, а таксама на грамадзкі транспарт, жыльлёва-камунальныя паслугі, паслугі дзіцячых дашкольных установаў і г.д.

Дык вось, да заканчэньня сёлетняга году ў Беларусі афіцыйны пражытковы мінімум для тых, хто працуе, складзе 206 тысяч 160 рублёў, для пэнсіянэраў —165 тысяч 400 рублёў, для студэнтаў —197 тысяч 560, для дзяцей ва ўзросьце да 3-х гадоў — 157 тысяч 890  і для дзяцей да 16-ці гадоў—219 тысяч 80 рублёў.

Ня можа не ўражваць аптэкарская дакладнасьць у разьліку мінімальна патрэбных нам даходаў.

Начальніца ўпраўленьня комплексных праблем разьвіцьця сацыяльна-працоўнай сфэры Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Тамара Рак паведаміла, што новы БПМ на дзьве дзясятыя працэнта большы, чым папярэдні. Менавіта на столькі вырастуць памеры сацыяльных пэнсіяў і дапамогі.

А цяпер уявіце сабе – ці можа дарослы чалавек пражыць на 206 тысяч рублёў у месяц? На фоне павышэньня цэнаў амаль на ўсе прадукты павелічэньне даходаў на 0,2% выглядае як кепскі жарт.

Прадукты ў Беларусі даражэюць практычна штодня. А ў кастрычніку адзначаўся асабліва імклівы рост цэнаў. Гэта зьвязана з тым, што міністэрства эканомікі адпусьціла цэны на малочныя прадукты. Істотна ўздаражэлі і мясныя прадукты, асабліва мяса курэй.

У кастрычніку павысіліся цэны на хлеб, макароны, малако, кефір, тварог, сьмятану, сыр, маянэз, каўбасу. Пры гэтым ніводзін прадукт за гэты месяц таньней ня стаў. Прадаўцы скардзяцца, што яны не пасьпяваюць мяняць цэньнікі ў крамах.

Тое самае назіралася і ў іншых сфэрах паўсядзённага жыцьця – напрыклад, цэны на бэнзін ад пачатку сёлетняга году ўзрасьлі на 15%!

Паводле афіцыйных зьвестак, інфляцыя ў верасьні склала 0,9% (зьвестак за кастрычнік пакуль няма, а ў студзені-верасьні 2007 году — 5,4%). А БПМ за гэты час павялічыўся толькі на 0,2%.

Праўда, некаторыя экспэрты сумняваюцца ў сапраўднасьці афіцыйных паказчыкаў інфляцыі. Эканаміст Яраслаў Раманчук, напрыклад, зьвяртае ўвагу на тое, што праверыць зьвесткі Міністэрства статыстыкі й аналізу даволі складана. Справа ў тым, што адкрытага доступу да сьпісу тавараў і паслуг, якія складаюць так званы спажывецкі кошык, няма. Акрамя таго, гэты сьпіс увесь час зьмяняецца.

Ды Бог зь ёй, з інфляцыяй. Гэты паказчык важны для эканамістаў, якія ім карыстаюцца ў сваёй працы.

Справа ў іншым – пазбавіўшы насельніцтва льготаў, дзяржава абавязаная была вярнуць гэтыя сродкі праз павелічэньне даходаў. Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з расейскімі журналістамі казаў, што менавіта так робіцца – маўляў, за кошт ліквідацыі льготаў палепшылася мэню ў школьных сталоўках, стыпэндыі ў студэнтаў і г.д. Наконт мэню лепей запытацца ў саміх дзяцей і іх бацькоў.

Але цяпер мы ведаем – рэальнае павелічэньне бюджэту пражытковага мінімуму (бюджэтныя заробкі, пэнсіі, сацыяльныя выплаты) пакуль што склала 0,2%. Ці гэта і ёсьць праява “сацыяльна арыентаванай” эканомікі і клопату ўладаў РБ аб простых людзях?

Алег Ман

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.