ДЭМАКРАТ АПАПТОЗ
Супраць яго бясьсільныя спэцназ і КГБ
Фэльетон
Тое, што цяпер адбылося ў Польшчы, павінна ўвайсьці ў падручнікі паліталёгіі. Як прыклад, што паказвае здольнасьць дэмакратыі да самаачышчэньня.
Неадэкватны лідэр дэмакратычным шляхам прыйсьці да ўлады можа. Але калі яму ня ўдасца зламаць сам дэмакратычны мэханізм, то доўга ён не ўтрымаецца.
На дэмакратычных выбарах у Польшчы перамаглі сілы, якія не хацелі ператварэньня сваёй краіны ў каталіцкі Талібан, што сварыцца з усімі суседзямі.
Браты Качыньскія за два гады здолелі сапсаваць адносіны ня толькі зь іншымі ўрадамі, але і са сваімі элітамі – культурнымі, бізнэсовымі, мэдычнымі.
І ўсё ж хацелася б зьвярнуць увагу і на добрыя справы гэтых палітыкаў.
У часы “Салідарнасьці” міліцыянты ў Польшчы любілі такія забавы: у пастарунках абапал лесьвіцы станавіліся “мундуровыя” з гумовымі дручкамі. А затрыманыя “салідарухі” павінны былі бегаць па прыступках уверх уніз пад градам удараў дубінкамі. Гэта называлася “сьцежка здароўя”.
Дык вось, пры Квасьнеўскім тыя, што насілі мундзіры, атрымлівалі ўдвая-ўтрая большыя пэнсіі, чым тыя, хто бегаў па “сьцежках”. Браты Качыньскія ліквідавалі гэтую несправядлівасьць.
А якія пэнсіі ў Беларусі атрымаюць некалі Казулін, Клімаў – і тыя, хто пасадзіў іх за краты? Вядома, якія – бо ў Беларусі перамены вызначаюцца не дэмакратычнымі выбарамі, а – апаптозам.
Апаптоз – гэта незваротнае разбурэньне, распад клетак у арганізме чалавека. Ён незаўважальны, павольны, але бескампрамісны. Супраць яго бясьсільны спэцназ і КГБ. Зрэшты, перад ім безабаронныя мы ўсе – апаптоз не глядзіць, хто правы, хто левы, хто пры ўладзе, а хто ў апазыцыі.
Апаптоз бязьлітасна зьвёў са сцэны Сталіна, Франка, Мао Цзэ-Дуна. Ужо каторы год бязьлітасна супраціўляецца яму магутны арганізм Фідэля Кастра. Аднак і тут фінал перадвызначаны.
Арганізм беларускага адпаведніка – не слабейшы. Таму пераменаў у нашай краіне трэба чакаць не раней за 2050 год. А ўлічваючы мэдычны прагрэс, мо і 2054-ты.
Пра падабенства Беларусі і Кубы мы ўжо калісь разважалі. Хто яшчэ нагадвае нашу краіну?
Карэя.
Як і Беларусь, у свой час разарваная напалам варожымі сіламі. Дзьве Карэі дагэтуль не злучыліся, дзьве Беларусі дагэтуль адрозьніваюцца.
Аднак РБ Карэі – ня будзе.
На паўднёвую Карэю зь яе “LG”, “Samsung”, “Daewoo” мы ніяк не пацягнем.
Паўночная – бліжэй. І па стылі кіраўніцтва, і па ідэях. Ідэі чучхе маглі б стаць пуцяводнай зоркаю і беларускаму рэжыму. Сутнасьць іх – мы самыя лепшыя, і ніякія чужыя нормы нам ня ўказ.
Але галоўная перашкода – у іншым.
Бач, паўночныя карэйцы ўжо ядуць траву. Беларус траву есьці ня будзе. Беларусу патрэбна чарка і скварка. Чарка і скварка – вось краевугольныя, асноўныя беларускія сьвятыні.
Беларус зь лёгкасьцю адмовіцца ад сваёй мовы, сваіх песень і строяў, сваёй дзяржавы, — але не ад чаркі й скваркі. За чарку й скварку ён будзе стаяць да апошняга.
Чарка і скварка – гэта нашы Фэрмапілы, наш Сталінград. Калі б “Пагоня” ўяўляла сабой вершніка, які трымае ў руках ня шчыт і корд, а чарку і скварку, беларусы ніколі б ня здрадзілі такому гербу. Яны й цяперашні герб церпяць толькі таму, што ён нагадвае капусту, а гэта таксама – закусь. Ад капусты хлопцы тлусты, ад бацьвіньня хлопцы сьвіньні.
То вып’ем, хлопцы.
Але ня ведаю, як вам, а я ня буду піць за апаптоз, які б справядлівы ён ні быў.
Дык вып’ем – за сябе.