ДАЙЦЕ НАМ ДЭБАТАЎ!

Альбо трэба вучыцца дэмакратыі

Віктар Івашкевіч заявіў, што выстаўляе сваю кандыдатуру на пасаду старшыні Беларускага Народнага Фронту. Пра гэта паведамілі ўсе радыёстанцыі. Але толькі на Радыё Палёнія Ўладзімер Падгол пераказаў сэнсацыйную прапанову, што прагучала з вуснаў Івашкевіча. А менавіта – напярэдадні зьезду БНФ правесьці дэбаты прэтэндэнтаў на пасаду старшыні з удзелам партыйцаў і журналістаў. Гэта навіна. Толькі вось ці пачуюць яе?

У Беларусі няма свабоды слова, няма парлямэнту. Але ж трэба неяк вучыцца. Дык чаму б нашым партыям не “пагуляць” у дэбаты, сумленныя выбары, парлямэнт? У нас як дагэтуль было? Кагосьці выбралі ў кіраўнікі, а тыя, каго ня выбралі, ня бачылі для сябе пэрспэктывы й выходзілі з арганізацыі, стваралі новую. Вось і маем некалькі Франтоў, некалькі Грамадаў… А як у нармальнай дэмакратычнай краіне? Апазыцыя не ўцякае за мяжу, не стварае новы парлямэнт, не разьвязвае грамадзянскай вайны. Апазыцыя мае законам замацаваныя правы і паводле гэтага закону ў гэтым парлямэнце дзейнічае. Бярэ ўдзел у абмеркаваньні ўсіх пытаньняў, па нейкіх пытаньнях могуць быць прыняты іх прапановы, а прыходзяць часы і былых апазыцыянэраў узносяць наверх. Карацей, трэба вучыцца дэмакратыі. Дайце нам дэбатаў!

Сяржук Вітушка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.