ЁН НІКОГА НЕ ХАЦЕЎ ПАКРЫЎДЗІЦЬ

Пра “ворагаў Беларусі” і “сьвятую зямлю”

Лукашэнка рэальна спалохаўся. Кіраўнік Беларусі шукае магчымасьці, каб супакоіць абурэньне ягонымі заявамі на адрас габрэяў. Але наўрад ці з гэтага што атрымаецца.

Нагадаем, што 12 кастрычніка на прэс-канфэрэнцыі ў Менску Лукашэнка заявіў літаральна наступнае (цытата – на мове арыгіналу, каб пазбавіць уладу магчымасьці спасылацца на “недакладнасьці перакладу”): «Если вы были в Бобруйске, вы видели, в каком состоянии город? Страшно было зайти, свинушник был. Это в основном еврейский был город, вы знаете, как евреи относятся к месту, где они живут. Посмотрите в Израиле, я вот был… Я ни в коем случае не хочу их обидеть, но они не очень заботятся, чтобы подстрижена трава была, как в Москве, у россиян, белорусов”.

Зразумела, замежныя СМІ, асабліва ў Ізраілі гэтага не прапусьцілі. Як мы паведамлялі раней, пасол Ізраіля ў Беларусі Зэеў Бен-Ар’е таксама не змаўчаў, пажадаўшы Беларусі калі-небудзь дасягнуць узроўню ягонай краіны, што тычыцца чысьціні і сацыяльнай абароны насельніцтва. Сваё абурэньне выказала міністар замежных справаў Ізраіля Цыпі Ліўні.

Усё гэта былі толькі зьнешнія наступствы недарэчных заяваў. Калі б справа тычылася выключна Ізраіля, Лукашэнка наўрад ці нэрваваўся б. Але цяжка мець, напрыклад, агульны бізнэс з Раманам Абрамовічам, калі абражаеш ягоную нацыянальнасьць.

У выніку кіраўнік дзяржавы мусіў апраўдвацца. «Если кто-то скажет, что в Беларуси процветает то ли антисемитизм, то ли мы угнетаем здесь мусульманское население, вы этому не верьте. Это недруги, враги Беларуси. Только они могут говорить об этой святой земле, этом святом государстве, этом святом народе такие вещи», — заявіў ён падчас сустрэчы з удзельнікамі міжнароднай канфэрэнцыі «Дыялёг хрысьціянства і іслама ва ўмовах глябалізацыі».

Акрамя таго, у Ізраіль быў тэрмінова камандзіраваны рэдактар “Советской Белоруссии” Павел Якубовіч – з мэтай давесьці, як добра ставіцца ягоны патрон да габрэяў. Але што ён можа сказаць: “Лукашэнка меў на ўвазе, што сьвіньні вельмі ахайныя жывёлы, якія вызначаюцца чысьцінёй. Таму фактычна гэта быў камплімэнт, які вы не зразумелі…”?

Ці другі  варыянт. “Кіраўнік дзяржавы сказаў глупства. Але не таму, што ён асабіста мае нешта супраць габрэяў. Проста, ведаеце, ён жа паходзіць з правінцыі, дзе на ягоную сьвядомасьць аказаў пэўны ўплыў местачковы антысэмітызм. Натуральна, ён ня вораг габрэяў (бачыце, прызначыў мяне на адказную пасаду!), але выпадкова пакрыўдзіў нас, сам таго не жадаючы. Ну, вы ж ведаеце, як гэта здараецца з палітыкамі…”

Аднак якімі б ні былі тлумачэньні й прабачэньні, запомняцца не яны, а першае слова, што, як вядома зь дзяцінства, значна даражэйшае за ўсе астатнія. Слова не верабей!

Дарэчы, кіраўнік дзяржавы, гаворачы пра тое, што ў Беларусі няма падставаў для канфліктаў на нацыянальнай глебе, згадаў і польскую дыяспару ў Беларусі, зь якой у яго, аказваецца, цудоўныя дачыненьні. “Мае палякі”, — з замілаваньнем сказаў пра іх Лукашэнка. Прагучала амаль як “мае прыгонныя”.

Але што там іншыя народы, калі й сьвядомых беларусаў ён кляйміць як “нацыяналістаў”.

На жаль, усе гэтыя заявы адбіваюцца ня толькі на рэпутацыі Лукашэнкі, але й на іміджы краіны. Бо народ, нават самы сьвяты, заўсёды адказны за свайго кіраўніка, якога ён выбраў.

Валеры Філін

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.