Што, на вашу думку, сказаў бы Якуб Колас пра сёньняшнюю Беларусь?

Генадзь Бураўкін, паэт:
“ЯГО СЭРЦА НЯ ВЫТРЫМАЛА Б”
Якуб Колас – геній. А гаварыць за генія нават генію не дазваляецца.А па-другое, Колас жыў у настолькі іншы час – і па атмасфэры ў грамадзтве, і па народу, што мне цяжка меркаваць. Я зараз, думаючы над адказам, успамінаю апошнія дні Канстанціна Міхайлавіча, апошні яго вельмі сур’ёзны крок, які, на жаль, мне здаецца, народ наш да гэтага часу не зразумеў. Я маю на ўвазе тое, што перад сваёй сьмерцю ён аднёс пісьмо ў ЦК КПБ аб становішчы зь беларускай мовай. Ня ведаю, ці напісаў бы Якуб Колас у наш час яшчэ адно пісьмо, але тое, што ў душы яго была б гаркота ад таго, што робіцца зь яго роднай мовай, якой ён служыў, зь якой увайшоў у сусьветную літаратуру, на якой напісаў свае геніяльныя творы… Я думаю, сэрца яго ня вытрымала б.

Вераніка, настаўніца:
“ЯГО МАРА НЕ НАБЛІЗІЛАСЯ”
Баюся, ён быў бы страшэнна расчараваны сваёй краінай. Бо тая ідэальная Беларусь, пра якую яны марылі ў “нашаніўскую пару”, ня толькі не наблізілася, а наадварот, за гэтыя гады толькі аддалілася.

Алесь Анціпенка, культуроляг:
“ЁН БЫ ЗЬДЗІВІЎСЯ АКТУАЛЬНАСЬЦІ “НОВАЙ ЗЯМЛІ”
Я думаю, што ён бы зьдзівіўся, наколькі актуальная ягоная паэма “Новая зямля”. Тыя ж самыя праблемы. Беларусы па-ранейшаму езьдзяць, як той дзядзька, у Вільню, у розныя банкі. Сяляне, як зямлі ня мелі, так і ня маюць. Беларусь ізноў стаіць перад вельмі сур’ёзнымі сацыяльнымі праблемамі. Вельмі шмат аналёгіяў, вельмі шмат такіх асацыятыўных працягаў тых тэмаў беларускай экзыстэнцыі, якія Колас выпісаў ці закрануў у сваёй паэме. Беларусы па-ранейшаму не зьяўляюцца напоўніцу гаспадарамі на сваёй зямлі. Яго гэта не магло б узрадаваць. Галоўная праблема ў коласавай паэме – тое, што беларус ня мае сваёй краіны. І гэтая праблема застаецца галоўнай і сёньня.

Васіль, прадпрымальнік:
“ЛЕПШ НЯ СТАЛА ЗА ЧАС ПА ЯГОНАЙ СЬМЕРЦІ”
Як чалавек разумны, ён бы ўспрыняў гэты час такім, які ён ёсьць. І адпаведна заўважыў бы і кепскія, і добрыя бакі. Бо ўлада лепшай ня стала за час па ягонай сьмерці. Усё той жа бальшавізм і культ асобы. Усё тое ж вытручваньне ўсяго нацыянальнага. Але, нягледзячы на ўсё, беларуская мова жыве. Яна патрэбная людзям. І такіх людзей ня мала. А значыць, жыцьцё яго прайшло не дарэмна.

Валянцін Акудовіч, філёзаф:
“БЫЛІ Б І РАДАСЬЦЬ, І РАСЧАРАВАНЬНЕ”
Якую б вэрсію мы ні высунулі, гэта ўсё будуць нашы вольныя фантазіі. Любы чалавек, які б вярнуўся ў гэты сьвет праз паўстагодзьдзя, асабліва, калі ўсё кардынальна мяняецца кожнае дзесяцігодзьдзе, найперш, ён бы зважаў не на Беларусь. А задумаўся б над тымі цывілізацыйнымі пераменамі, якія адбыліся. А яны радыкальныя. У 1956-м у нас толькі лямпачкі ставілі, а сёньня я сяджу ў Інтэрнэце, пра які тады ніхто ня чуў. Я думаю, што ён сёньня адначасова б і ўсьцешыўся, і засмуціўся. Бо калі ён сыходзіў з жыцьця, у яго была надзея, што беларуская мова, беларуская культура праз пэўны этап расквітнее. Хоць сыходзіў ён у час досыць цяжкі для беларушчыны. Але чалавек, які аддаў усё сваё жыцьцё на беларушчыну, канечне, паміраючы, верыў, што абернецца да лепшага. І з гэтага ён, канечне б, меў шмат смутку. Што б яго ўсьцешыла? Усьцешыла б незалежнасьць. Чаго тады, ясна, не было і чаго ён ня мог прадбачыць. Ён мог пра яе марыць, але прадбачыць, што распадзецца камуністычная імпэрыя і Беларусь будзе незалежнай, ніхто ня мог. Бо савецкая імпэрыя і камуністычная ідэалёгія, як ніколі, былі моцныя. Хутчэй за ўсё, гэта было б пачуцьцё і радасьці, і вялікага расчараваньня.

Тацяна, студэнтка:
“ЯГО ТВОРЫ ПА-РАНЕЙШАМУ ХВАЛЮЮЦЬ”
Ён быў бы вельмі задаволены тым, што яго імя не забытае. Што ягоныя творы працягваюць чытацца і вывучацца. Па іх ставяцца спэктаклі. Яны па-ранейшаму хвалююць людзей. І што сваю місію на зямлі ён выканаў.

Генік Лойка, мастак:
“ЁН БЫ ЗАНЯЎ ПАЗЫЦЫЮ ЛУКАШЭНКІ”
Калі б ён уваскрос чалавекам старым, сталінскім ляўрэатам і аблашчаным уладамі паэтам, ён бы заняў, я думаю, пазыцыю Лукашэнкі. Яго б гэтая Беларусь цалкам задаволіла. Нават па моўным пытаньні яны б з кіраўніком дзяржавы паразумеліся б. Маўляў, дастаткова таго, што мова вывучаецца ў школе, ёсьць філфак, кніжкі выдаюцца. Але той факт, што ён сядзеў у турме ў маладыя гады, кажа пра тое, што ён быў тады іншым чалавекам. Калі б ён уваскрос маладым, ён быў бы адным зь лідэраў супраціву.

Уладзімер, інжынэр:
“ЦІ БЫЛО Б ЯМУ З КІМ ПЕРАКІНУЦЦА ПАРАЙ СЛОВАЎ?”
У яго не было б словаў. У яго адняло б мову ад таго, у што ператварылася ягоная Беларусь. З кім яму было б перакінуцца парай словаў на роднай мове?

Валянцін Тарас, пісьменьнік:
“СТРЭЛЬБЫ, ХЛОПЧЫКІ, БЯРЫЦЕ”
Першае, што прыходзіць у галаву, гэта коласаўскія радкі: “Стрэльбы, хлопчыкі, бярыце”. А так… Адказваць за яго я не бяруся. Адно скажу, што ў тым Коласе, сталінскім ляўрэаце, як у вязьніцы, жыў той малады Колас, які ў свой час бунтаваў і сядзеў за палітыку. І, хутчэй за ўсё, сёньня той малады Колас вырваўся б са сваёй унутранай вязьніцы. І быў бы побач з намі і на “Чарнобыльскім шляху”, і ў Курапатах.

Пытаньне наступнага тыдня: Як у Беларусі будуць адзначаць 100 гадоў Кастрычніцкай рэвалюцыі?

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.