ЗАДАЧА З ТРУБАМІ
Каб нешта з газаправоду атрымаць, трэба яго напоўніць
«Расея можа вярнуцца да пытаньня будаўніцтва другой ніткі газаправоду “Ямал-Эўропа”, - заявіў кіраўнік ураду Расеі Віктар Зубкоў у Менску на пасяджэньні так званага саюзнага Савету міністраў Беларусі й Расеі. Некаторыя журналісты пасьпяшаліся назваць гэтую заяву “сэнсацыяй”. Але з высновамі, як заўсёды, варта пачакаць.
Нагадаем, што прапанову пабудаваць другую нітку перад гэтым вылучыў Аляксандар Лукашэнка. У абмен ён паабяцаў Газпрому магчымасьць бясплатнага, цягам двух гадоў, перапампоўваньня газу праз тэрыторыю Беларусі.
Беларусі гэтая другая нітка ня тое, каб надта патрэбная, але й не зашкодзіла б. Па-першае, гэта ў будучыні дадатковыя грошы ў дзяржаўны бюджэт за транзыт. Па-другое, седзячы “на трубе”, лягчэй гандлявацца з Расеяй наконт цаны газу для беларусаў. Ціск у трубе расейскі бок панізіць ня можа, каб не ўступаць у канфлікт з эўрапейскімі спажыўцамі (а так не аднойчы здаралася ў мінулым). Так што сытуацыя для кіраўніцтва РБ спрыяльная.
Таму РБ і выступае актыўна за будаўніцтва другой ніткі газаправоду “Ямал-Эўропа”. Менавіта таму, а не зь любові да Расеі, кіраўнік Беларусі ўзмоцнена крытыкуе праект будаўніцтва Паўночна-Эўрапейскага газаправоду па дне Балтыйскага мора. І менавіта таму ў Расеі, наадварот, гэтак зацікаўленыя ў яго будаўніцтве – каб не залежаць ад прыхамацяў Лукашэнкі.
Праект Ямал-Эўропа яшчэ нядаўна называлі стратэгічным. Працягласьць маршруту – 4,1 тысячы кілямэтраў, ад радовішчаў Ямала праз Ухту і Таржок, потым па тэрыторыі Беларусі й Польшчы ў Нямеччыну. Магутнасьць газаправоду да 2010 году плянавалася вывесьці на 65,7 мільярда кубамэтраў за год. Меркаваны кошт праекту ў 1994 годзе ацэньваўся ў 2 мільярды даляраў.
Да 1999 году былі ўведзеныя ў эксплюатацыю ўчасткі першай ніткі газаправоду на тэрыторыі Беларусі, Польшчы і Нямеччыны. Заставалася толькі злучыць пабудаваную сыстэму з газавымі палямі на Ямале. І вось тут пачаліся праблемы. З-за дэфіцыту інвэстыцыйных сродкаў у Газпрома асвойваньне радовішчаў Ямала было адкладзена. Першы газ з радовішча Баваненкаўскае плянавалася атрымаць яшчэ ў 2005 годзе. Цяпер гэтая дата адсунулася на 2011 год. Але ж і новы тэрмін расейскім экспэртам падаецца нерэальным.
Разам з тым, здабыча на іншых радовішчах Газпрома – Урэнгойскім і Ямбурскім –зьніжаецца на 25-30 мільярдаў кубамэтраў (на 5%) штогод.
Зразумела, калі газу не хапае, дык і ў трубу пампаваць няма чаго. У такіх умовах Газпрому другая нітка газаправоду ў Эўропу цяпер непатрэбная. А значыць, і пра яе будаўніцтва гаварыць няма сэнсу.
Дык хто ж тады цягнуў Віктара Зубкова за язык у Менску?
Адказ на гэтае пытаньне ёсьць. Тэма другой ніткі газаправоду падчас перамоваў кіраўнікоў урадаў Беларусі й Расеі ўсплыла невыпадкова. Расея зацікаўленая ў тым, каб яе спэцыялісты будавалі Атамную электрастанцыю ў Беларусі (пра што ўжо абвешчана ўладамі РБ як пра справу вырашаную). Тэндэр на яе будаўніцтва будзе абвешчаны, як чакаецца, у 2008 годзе. Гэта вельмі прывабны праект і канкурэнцыя ў гэтай галіне вельмі вострая. Тут і французы, і немцы, і шмат хто яшчэ прапануе свае паслугі. А нядаўна ў інтэрвію японскаму агенцтву “Кіода Цусін” Лукашэнка прапанаваў паўдзельнічаць у тэндэры на права будаваць беларускую АЭС яшчэ й японскім спэцыялістам.
А пасьля гэтага ён даў зразумець расейскаму боку: хочаце ўдзельнічаць у будаўніцтве нашай атамнай станцыі – пачынайце будаваць другую нітку газаправоду празь Беларусь. Тады, можа, пытаньне будзе вырашана на карысьць расейскага ўдзелу ў выгадным праекце. Адказваючы на гэтую ініцыятыву, Зубкоў і сказаў, што Расея “разгледзіць такую магчымасьць”. Але расейскі прэм’ер ведае пра зьніжэньне тэмпаў здабычы расейскага газу. Таму ён і дадаў адразу наконт газаправоду: «Збудаваць – вялікай праблемы няма. Толькі трэба чымсьці яго запоўніць».
Узьнікае пытаньне – ці можа Расея саступіць шантажу і ўзамен на ўдзел у бадаўніцтве АЭС пачаць будаваць новую нітку газаправоду “Ямал-Эўропа”? На наш погляд – наўрад ці. Па-першае, хоць праект будаўніцтва станцыі прыбытковы, але ён абмежаваны ў часе. Пабудаваў, атрымаў грошы і на гэтым усё. А вось “Ямал-Эўропа” праект сапраўды стратэгічны. Ад яго залежыць у многім экспарт расейскага газу. Мяняць адно на другое – бяз сэнсу, стаўкі не сувымерныя.
Па-другое, Расея зацікаўленая ў тым, каб пазбавіцца залежнасьці ў транспартоўцы газу ад такіх краінаў, як Україна, Беларусь і асабліва – Польшча. Дарэчы, гэта ў Варшавы ў першую чаргу трэба было б спытаць – ці згодная яна на будаўніцтва другой ніткі газаправоду і на якіх умовах? Так што дадатковыя магутнасьці калі Газпром і будзе нарошчваць, дык у разьліку на Паўночна-Эўрапейскі газаправод.
Што да будаўніцтва АЭС у Беларусі, дык у Расеі хапае рычагоў націснуць. Выбіць тэндэр нахрапам у Масквы, праўда, не атрымалася. Цяпер яна будзе шукаць шляхі ў абыход. Але гэта яўна ня будзе другая нітка трубаправоду «Ямал-Эўропа».
Вельмі балючым для Беларусі застаецца пытаньне цаны на расейскі газ.
У кастрычніку Беларусь і Газпром пацьвердзілі дасягнутыя прыканцы мінулага году дамоўленасьці, паводле якіх цана на газ у 2008 годзе складзе 67% ад сярэднеэўрапейскага. Але сама формула, на падставе якой гэтая сярэдняя цана вылічваецца, дагэтуль няясная. Паводле прагнозаў расейскіх экспэртаў, для Беларусі цана газу складзе ад 108 да 168 даляраў. Так, згодна з прагнозам Міністэрства эканамічнага разьвіцьця РФ, газ для Беларусі будзе каштаваць 168 даляраў за тысячу кубамэтраў пры сёньняшняй цане 100.
Да чаго бакі дамовяцца ў выніку – пакуль сказаць цяжка. Шмат залежыць ад таго, чым пагодзіцца паступіцца кіраўнік РБ.