НЕ ЗА МАРАМІ, НЕ ЗА ГАРАМІ
Альбо Катастрофа з удзелам верталёта
У суседняй Польшчы адбыліся парлямэнцкія выбары. Усе радыёстанцыі пра гэта спраўна паведамлялі. Усьлед за фактам пайшла аналітыка. І чамусьці, як згаварыўшыся, усе радыёжурналісты задавалі палітыкам ды палітолягам толькі адно пытаньне – як зьменяцца паводзіны новага польскага ўраду адносна афіцыйнай Беларусі й дэмакратычнай апазыцыі? Адказы былі таксама дружныя й ляканічныя – ніяк. А я б задаў іншае пытаньне й задумаўся над іншым фэномэнам. Не за морамі й не за горамі, а ў суседняй краіне жылі-былі сабе грамадзяне. Выбралі яны ўладу, але не спадабалася ім, як тая ўлада пачала кіраваць. Тады зладзілі яны новыя выбары й выбралі сабе новую ўладу. А чаму мы, беларусы, так ня можам? Каб у гэтую казку паверыць, яе трэба часьцей і больш падрабязна расказваць.
Моўная заўвага. 16 кастрычніка на Радыё Рацыя Ігнат Субач рабіў анонс навінаў і закруціў такую вось фразу: “У Гомелі адбылася авіякатастрофа з удзелам верталёта”. Жыцьцё нашае і так складанае. Давайце будзем гаварыць пра яго прасьцей. Будзе больш зразумела.