СОК З МАЛАКОМ

Эканоміка Беларусі вяртаецца ў 1990-ы год

Наша газэта ў №87 пісала пра пагрозу дэфіцыту малака і яго прычыны. Ён узьнік, у прыватнасьці, з-за таго, што калгасы масавым парадкам прадаюць малако ў Расею, дзе яно каштуе даражэй. Дэфіцыт некаторых малочных прадуктаў стаўся рэальнасьцю. Але сапраўдная яго прычына не ў Расеі (дзе цэны на ўсе прадукты імкліва растуць), а ў рэцыдывах камандава-адміністрацыйнай гаспадаркі савецкага часу. У працяг тэмы друкуем артыкул нашага аглядальніка.

Як паведаміў Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў, даяркі ў Беларусі нібыта зарабляюць па 700-800 даляраў. Пакінем у баку сьмешнае пытаньне пра тое, ці адпавядае гэтая інфармацыя сапраўднасьці. У кожным выпадку, такое было б магчыма толькі пры выдатных надоях. А значыць, дэфіцыт малака Беларусі, здавалася б, не павінен пагражаць.

Аднак ужо са жніўня прадпрыемствы, якія перапрацоўваюць малако, паступова пачалі адчуваць недахоп сыравіны: спачатку нязначны, а потым усё болей і болей сур’ёзны. На паліцах крамаў паціху пачаў скарачацца асартымэнт малочных прадуктаў. У верасьні гэты працэс набраў хуткасьць, і напрыканцы месяца праблемы сталі відавочныя нават шараговым спажыўцам.

Сытуацыя тлумачылася проста. У Расеі ўзьняліся кошты на закупку малака. Калі яны амаль у два з паловай разы перавысілі беларускія, калгасы ў Беларусі наплявалі на харчовую бясьпеку, пра якую так шмат гаворыць кіраўнік краіны, і пагналі малако ў Расею.

Аднак, калі пра гэта напісалі незалежныя СМІ, загадчык аднаго з упраўленьняў міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Ўладзімер Кашнікаў з абурэньнем абверг “чуткі, якія немаведама дзеля чаго распускаюцца”. Чыноўнік заявіў, што “ніякага дэфіцыту няма й ня будзе”. Гэта было 3 кастрычніка.

Але ж Кашнікаў – не Кашпяроўскі. Пасьля ягоных заяваў прадукцыя беларускіх сыравараў ня толькі не зьявілася на паліцах, а, наадварот, наогул зьнікла, саступіўшы месца дарагім імпартным гатункам. І ўжо празь некалькі дзён урад мусіў прызнаць наяўнасьць праблемы. І нават прыняць “рашучыя захады”: з 10 кастрычніка цэны на закупку малака ўзьняліся ажно на 10%. Прычым, што характэрна, Саўмін зрабіў такую ласку за кошт перапрацоўчых прадпрыемстваў.

Натуральна, што становішча толькі пагоршылася, бо ў Расеі малако па-ранейшаму ў два з гакам разы даражэй. Таму нашы калгасы па-ранейшаму арыентаваныя “на ўсход”. А за тую сыравіну, што яны пагадзіліся паставіць на беларускія малаказаводы, тыя мусяць даплочваць з уласнай кішэні, што, мякка кажучы, ня лепшым чынам адбіваецца на прадпрыемствах і заробках рабочых.

І вось тут з усіх шчылінаў палезла “савеччына”. Краіна з нармальнай эканомікай павінна толькі радавацца павелічэньню свайго экспарту. Але ў сучаснай Беларусі гэта ператварылася ў праблему. “Дэфіцыт стварыўся штучна – зьявілася шмат жадаючых зарабіць грошы на экспарце”, – абвінавачвае немаведама каго Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня.

Праўда, гэтая ўстанова хаця б прапанавала рэалістычны шлях: яшчэ больш падвысіць закупачныя й раздробныя цэны на малако. Аднак у Саўміне гэтая ідэя разуменьня не знайшла. Міністэрства гандлю прапанавала іншы варыянт: абмежаваць экспарт масла і сыру.

Прывітаньне, 1990 год! Менавіта тады быў упершыню прыняты закон пра абарону спажывецкага рынку, паводле якога вытворцам у Беларусі забаранялася вывозіць прадукты ў колькі-небудзь значных памерах. Тое самае прапануецца зрабіць і ў 2007-м годзе.

Такім чынам, з аднаго боку, улада прымушае сельгаспрадпрыемствы зарабляць як мага больш грошай наогул і валюты ў прыватнасьці. Але як толькі яны, карыстаючыся гандлёвай кан’юнктурай, пачынаюць гэта рабіць, узьнікаюць праблемы на ўнутраным рынку. І тады адразу гучаць адваротныя патрабаваньні кшталту “не пускаць наша малако ў Расею!”.

І яшчэ адзін штрых. Як распавёў агенцтву “Інтэрфакс” дырэктар менскага ўнівэрсама “Юбілейны-92” Уладзімір Нярозя, апошнім часам усе пастаўнікі малочных прадуктаў выконваюць заяўкі толькі на 50-70%. А шэраг зь іх наогул прадаюць сваю прадукцыю толькі з “нагрузкай”.

Вы забыліся ці наогул ня ведаеце, што гэта такое? О-о-о! За савецкім часам існавала практыка: хочаш набыць кавалак кілбасы – купляй яе разам зь нейкімі заляжалымі кансэрвамі з кабачкоў. Вось і цяпер, гаворыць Нярозя, “даюць сыры толькі пры ўмове, што мы будзем браць іхныя сокі”. Папросту навязваюць тавар спажыўцу. А не жадаеце соку – сядзіце бяз сыру!

Бясплатны сыр, кажуць, бывае толькі ў пастцы. А калі ўвесь айчынны сыр прадалі за кардон? Пакупнікам застаецца раскашэльвацца на імпартны і рыхтавацца да новага павышэньня цэнаў.

Валеры Філін

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.