Якія вуліцы вы перайменавалі б у вашым горадзе найперш і чаму?
Захар Шыбека, гісторык:
“ТРЭБА АДКІНУЦЬ НАЗВЫ, ЯКІЯ ЎСЛАЎЛЯЮЦЬ КАТАЎ”
Найперш я б пайшоў далей тым шляхам, які распачаў наш прэзыдэнт і перайменаваў бы вуліцу ў нашай сталіцы, якая зараз называецца праспэкт Незалежнасьці. Назваў бы яе Новы Горад. Таму што гэтая назва паходзіць этымалягічна ад месца, якое называлася Новым горадам. Тады б канчаткова была б зьнятая гэтая ідэалягічная падкладка назвы праспэкта. Наша бяда ў тым, што назвы вуліц спрэс маюць ідэалягічны сэнс. Ну, і, натуральна, перайменаваў бы ўсе гэтыя “камуністычныя”. Можа, пакінуў бы адзін дом на вуліцы Камуністычнай. Каб людзі ў будучыні ведалі, як вуліцы называлі раней. Трэба таксама адкінуць усе назвы, якія ўслаўляюць катаў беларускага народа. Бальшавіцкіх кіраўнікоў, якія наладжвалі рэпрэсіі.
Канстанцін, мэнэджэр:
“ЗАГАРНУЦЬ УСЮ ГЭТУЮ САВЕЧЧЫНУ Ў ЧЫРВОНА-ЗЯЛЁНАЕ”
Сёньня я б нічога не мяняў. Пакінуў бы і праспэкт Дзяржынскага і вуліцу Ваўпшасава. Бо яны вельмі адпавядаюць сёньняшняй рэспубліцы. Яны вельмі арганічныя і натуральныя для большасьці насельнікаў РБ і стану іхных мазгоў. Дзякуй Богу, што Лукашэнка ў свой час памяняў бел-чырвона-белы сьцяг на савецкі. Калі б тое, што адбываецца зараз, рабілася б пад нацыянальным сьцягам на плошчы Каліноўскага, нам бы прыйшлося потым доўга адмываць той сьцяг. А так… Мы можам адным махам усю гэтую савеччыну загарнуць у чырвона-зялёнае ды выкінуць на сьметнік. У свой час. А ён прыйдзе. Праз тры гады ці праз трыццаць. І ня трэба з гэтай нагоды сумаваць.
Віталь Тарас, карэнны мянчук:
“ВАЛАДАРСКІ З УРЫЦКІМ НЯ МАЮЦЬ ДАЧЫНЕНЬНЯ ДА БЕЛАРУСІ”
Найперш я б пераназваў вуліцы Валадарскага і Ўрыцкага ў цэнтры Менску. В.Валадарскі (партыйны псэўданім Майсея Гальдштэйна) быў да рэвалюцыі нейкі час у Бундзе, потым стаў меншавіком, у 1917-м перайшоў да бальшавікоў. Быў членам ВЦІК, узначальваў “Красную газету”. У ліпені 18-га быў забіты ў Петраградзе пры нявысьветленых абставінах. Вядомы рэвалюцыянэр Фёдар Раскольнікаў пісаў, што Валадарскага, хутчэй за ўсё, забілі бальшавікі – за тое, што ён пусьціў партыйныя грошы “налева”. А звалілі ўсё на эсэраў. Майсей Урыцкі быў адным з ініцыятараў “чырвонага тэрору” ў Расеі. Ягонае забойства ў 1918 годзе стала помстай за гэты тэрор. У адказ бальшавікі разьвязалі яшчэ больш масавыя рэпрэсіі. Але галоўнае нават ня ў тым, што абодва гэтыя чалавекі – Урыцкі і Валадарскі – злачынцы, па-сутнасьці. Яны проста ня маюць дачыненьня да гісторыі Беларусі.
Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы:
“У НАС ХАПАЕ ЗНАКАМІТЫХ АСОБ”
У мяне ёсьць ідэя праспэкт Дзяржынскага перайменаваць у праспэкт Быкава. Гэта мая ідэя, за якую я даўно выступаю. Дай Бог гэта зрабіць, астатняе потым. Вуліцам у гістарычным цэнтры трэба вярнуць гістарычныя назвы. А новым вуліцам, такім, як Куйбышава, трэба даваць новыя імёны. У нас хапае знакамітых асоб. Напрыклад, вуліцу Вацлава Ластоўскага зрабіць замест Куйбышава. Тым больш, што Ластоўскі скончыў сваё жыцьцё ў Менску. Перад тым, як яго арыштавалі, ён быў дырэктарам нашага гістарычнага музэя.
Васіль, беспрацоўны:
“НЯ ТРЭБА ЗАЙМАЦЦА ГЭТЫМ ЗАРАЗ”
Я б вярнуў усе гістарычныя назвы. Не дарэвалюцыйныя, а дарасейскія. І памяняў бы бальшавіцкія назвы на беларускія. Але ня трэба займацца гэтым зараз. Бо вялікія імёны зьяўляюцца на ўскраінах. І тым самым яны дыскрэдытуюцца. А цэнтар па-ранейшаму камуністычны. Да чаго вуліца імя Янкі Лучыны ў Лошыцы? Гэта беларускі паэт, карэнны мянчук, яго імя павінна быць замест Валадарскага. Ці Ваньковічу месца ў Сьляпянцы?..
Уладзімер Арлоў, пісьменьнік:
“ФРУНЗЭ ЯНЫ НЕ АДДАДУЦЬ”
Я перайменаваў бы абсалютную большасьць цэнтральных вуліц Полацка. Гэтыя вуліцы цяпер маюць імёны Карла Маркса, Фрыдрыха Энгельса, Уладзімера Леніна і розных іншых дзеячоў, якія “нарадзіліся й вырасьлі ў Полацку”. Ёсьць у Полацку вуліцы Горкага, Сьвярдлова і вельмі доўгі час ад Сафійскага сабора да Спаса-Эўфрасінеўскага манастыра вяла вуліца Фрунзэ. І калі ў 1992-м годзе адзначалася 1000-годзьдзе хрысьціянства ў Беларусі, то зь Менску Полацкаму гарсавету рэкамэндавалі перайменаваць гэтую вуліцу, надаць ёй імя Эўфрасіні. І калі паставілі гэтую прапанову на галасаваньне, дэпутат ад камуністаў сказаў: “Фрунзэ мы ім не аддамо”. Тады ўдалося толькі кавалачак вуліцы назваць імем Эўфрасіні. Але ўрэшце вуліца Эўфрасіні вядзе да манастыра. Калі такімі тэмпамі ў нас будзе ісьці перайменаваньне, то хопіць на ўсё ХХІ стагодзьдзе.
Павал Севярынец, палітык:
“ПЕРАЙМЕНАВАНЬНІ ТЫЧЫЛІСЯ Б БОЛЬШАСЬЦІ ВІЦЕБСКІХ ВУЛІЦ”
Такіх вуліц у Віцебску вельмі шмат. Натуральна, што ў першую чаргу пераназваў бы цэнтральную вуліцу Леніна. Бо гэты чалавек прынес столькі зла на нашу зямлю, што нават Гітлер ня можа зь ім параўнацца. Безумоўна, я перайменаваў бы вуліцу Суворава. Таму што гэта акупант. Перайменаваў бы вуліцу Чкалава, праспэкт Будаўнікоў, абсалютна безасабовы. Перайменаваў бы 5-ты і 37-мы завулкі Шчорса. Усе гэтыя людзі ўсталёўвалі ў Беларусі крывавы рэжым. Няма ў Віцебску ані вуліцы Караткевіча, ані вуліцы Быкава, ані вуліцы Альгерда, які быў віцебскім князем, ані вуліцы княгіні Вольгі, хрысьціянкі, якая заснавала Віцебск. Перайменаваньне тычылася б большасьці віцебскіх вуліц.
Сяргей Харэўскі, мастацтвазнаўца:
“НАЗВЫ ТРЭБА МЯНЯЦЬ ПА ЎСЁЙ КРАІНЕ”
Назвы вуліц трэба мяняць па ўсёй краіне, у гістарычных цэнтрах гарадоў. Адназначна разам. Без усялякіх рэфэрэндумаў, без дыскусіяў вярнуць самыя старажытныя, вядомыя нам зь пісьмовых крыніцаў назвы вуліц. Нагадаю, стары горад у Менску – гэта ўсяго тузін вуліц. Такім чынам, размовы пра эканамічныя праблемы адпадаюць самі сабой. На прыкладзе таго, як воляю аднаго чалавека былі перайменаваныя два цэнтральныя праспэкты. І нічога, небасхіл у Сьвіслач ня ўпаў. А калі гаворка заходзіць пра Гандлёвую, былую Зыбіцкую, на якой тры нежылыя дамы, пачынаюцца “эканамічныя праблемы”. Павінны вярнуцца Фэліцыянаўская, Францішканская, Койданаўская, Зборавая. Вуліца Маркса ўжо даўно просіцца на Падгорную. Кірава павінна стаць ізноў Віленскай, бо вяла да Віленскага вакзала. Абсалютна дэбільная назва – вуліца Дзімітрава ў Ракаўскім прадмесьці. Хто ў Менску памятае, хто такі Дзімітраў? Спрадвеку яе называлі Вялікая Татарская. Безумоўна, ад аднаго перайменаваньня вуліца Леніна Францішканскай ня стане. На месцы кляштара павінен быць, напрыклад, мэмарыяльны знак. Пераймяноўваць трэба абавязкова. Тапаніміка ўплывае на падсьвядомасьць. Паранаідальна выглядае процьма вуліц, названых у гонар сібірскіх рэк і гарадоў: Ілімская, Ангарская і г.д. Яны не прышчапляюць ані любові да Расеі, ані веданьня геаграфіі. І ў кожным райцэнтры адны й тыя ж вуліцы Савецкія, Леніна ды Дзяржынскага. Нічога, апроч адчуваньня дэградацыі і дэпрэсіі, гэта выклікаць ня можа. Але нельга падыходзіць да гэтай справы фармальна. Звышзадача павінна быць адна – умацаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці.
З РЭДАКЦЫЙНАЕ ПОШТЫ
Найперш я б зьмяніў такія назвы вуліц як Ленінская (добра што хоць Сталінскіх няма, але пры цяперашняй уладзе калі зьявяцца, дык гэта будзе лягічна. Лукашэнка з гонарам і павагай вымаўляе: Іосіф Вісарыёнавіч), Дзяржынскага, Урыцкага, Калініна і г. д. Дакладней, усе чэкісцкія, кадэбэшніцкія і камуністычныя замяніў бы на якія-небудзь “камяністыя”, “зялёныя” ці яшчэ якія іншыя (проста, каб было хораша). Але не называў бы іх прозьвішчамі вядомых беларускіх нацыянальных дзеячоў – пісьменьнікаў, гісторыкаў, дзяржаўных дзеячоў і інш., каб не атаясамліваліся ў галовах гэтыя назвы з ранейшымі, не апаганьваліся. Яшчэ можна было б вярнуць ранейшыя назвы, але не часоў Расейскай імпэрыі. Новым вуліцам я б даваў назвы ў гонар вядомых нацыянальных дзеячоў. Хацелася б дадаць, што вельмі непрыемна іншым разам чуць: “Ленінская раённая арганізацыя БНФ альбо АГП, БСДП”. Можна ж сказаць: арганізацыя таго або іншага раёну.
Юрый, інжынэр
* * *
Найперш я б зьмяніў у Менску назву мэтро “Плошча Леніна” на “Плошча Незалежнасьці”, а таксама Кастрычніцкую плошчу — на Каліноўскага.
Віталь, Наваполацак
* * *
Хочацца, каб назву маёй вуліцы – Карла Лібкнехта – зьмянілі на Вацлава Ластоўскага.
У наступным нумары мы зьмесьцім адказы на пытаньне: “Што б сказаў Якуб Колас пра сёньняшнюю Беларусь?” – да юбілею вялікага паэта. Дасылайце вашы думкі на адрасы “Свабоды”.