ЯК ГЭТА – МОВЫ НЯМА?

Альбо Руднік, Капач, Грабар…

На Радыё Свабода Аляксандар Памідораў вядзе музычную праграму. На гэтым тыдні ўзяўся расказаць пра Менскую капэлу, што грае габрэйскую музыку. Файна! Гэта ж таксама наша беларуская музыка. У працяг гэтай тэмы маю да спадара Аляксандра прапанову. На Віленшчыне ёсьць сьпявачка Марыя Крупавес, якая сьпявае песьні на розных мовах – па-польску, беларуску, літоўску, жыдоўску, цыганску. Дык добра было б, каб прагучаў расказ і пра гэтую выдатную сьпявачку, якую мы, беларусы, з гонарам можам таксама назваць нашай беларускай артысткай. І ўвогуле хацелася б, каб на нашых радыёстанцыях не забываліся пра музыку Заходняй Беларусі. Тое-сёе можна пачуць на Рацыі, але хацелася б больш.

На Радыё Свабода ў перадачы “Агляд пошты” прагучаў допіс спадара Юрая Шпак-Рыжкава, які прачытаў адзін з маіх папярэдніх аглядаў і са мной дыскутуе. Кажа, што беларускай мовы яшчэ няма, дык няма чаго і крытыкаваць. “Хаты не збудавалі, а ўжо месьці пачынаем”. Як гэта мовы – няма?! Пакуль ёсьць народ, мова была, ёсьць і будзе. І правілы сучаснай літаратурнай мовы таксама існуюць цэлае стагодзьдзе, іх трэба шанаваць. Калі я крытыкаваў пераробшчыкаў слова “шахцёр”, дык выступаў супраць кабінэтнага прынцыпу, а заклікаў слухаць жывую, рэальную мову. Кабінэтныя рэфарматары спрабуюць максымальна адыйсьці ад расейскай мовы. На мой погляд, лепей не прыдумляць фантастычныя формы словаў, а пакапацца і знайсьці старажытныя беларускія тэрміны. Продкі беларусаў і тысячу гадоў назад капаліся ў зямлі й шукалі там розныя карысныя выкапні. Сёньня назвы гэтых прафэсіяў захаваліся ў прозьвішчах – Руднік, Капач, Грабар. Можа гэтыя словы маглі б быць праўдзівымі адпаведнікамі слову “шахцёр”?

Сяржук Вітушка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.