І АПОШНІЯ МОГУЦЬ СТАЦЬ ПЕРШЫМІ
Беларусі трэба браць прыклад з Бэніна
Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў”, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Францыі, апублікавала штогадовы рэйтынг свабоды прэсы ў сьвеце. У адрозьненьне ад іншых рэйтынгаў, у якіх ацэньваюцца сацыяльна-эканамічны стан грамадзтва, узровень карупцыі, альбо, напрыклад, “узровень шчасьця”, у галіне свабоды прэсы ёсьць зразумелыя і аб’ектыўныя паказчыкі. Тут улічваюцца выпадкі цэнзуры, закрыцьця СМІ, затрыманьні і забойствы журналістаў, факты звальненьня або ціску на іх з боку дзяржавы ў розных краінах. Расповеды пра тое, што ў кіёсках Саюздруку ў Беларусі можна бачыць дзясяткі найменаваньняў газэт, замежных рэпартэраў не кранаюць.
Беларусь сёлета заняла ў гэтым рэйтынгу 151-е месца, як і летась. А вось яе бліжэйшыя суседзі ў рэйтынгу – Эфіопія (150) і Пакістан (152) свае леташнія паказчыкі палепшылі. Расея (144) недалёка адарвалася ад нас у свабодзе слова. А вось Україна апынулася на 92-м месцы.
Што тычыцца краінаў Эўразьвязу, дык амаль усе яны, улучна з нашымі суседзямі, увайшлі ў лік 50-ці найлепшых. Першае-другое месца дзеляць Ісляндыя з Нарвэгіяй, трэцяе-чацьвёртае ў Эстоніі і Славакіі. Недарэкамі ў зьвязе выглядаюць толькі Баўгарыя (51) і Польшча (56). У дакладзе адзначаецца, што за часам ураду Яраслава Качыньскага былі выпадкі цэнзуры ў інфармацыйных праграмах на польскім тэлебачаньні й радыё.
Цікава, што ў лік найлепшых увайшлі як афрыканскія Маўрытанія, Малі і Бэнін (50 і 52- 53), гэтак Нікарагуа (47) і Ўругвай (37) з Лацінскай Амэрыкі. Краіны, якія яшчэ нядаўна былі дыктатарскімі, а ў эканамічным пляне па-ранейшаму належаць да так званага трэцяга сьвету, у пабудове дэмакратыі ў дадзеным выпадку даюць шмат ачкоў наперад у параўнаньні з Турцыяй (101), якая прэтэндуе на ўступленьне ў Эўразьвяз, альбо ЗША (111).
Асобна адзначаецца ў дакладзе “Рэпартэраў бязь межаў” трагічная сытуацыя ў М’янме (Бірме), дзе пры разгоне мірнай дэманстрацыі, сярод іншых, быў забіты японскі журналіст. Разам зь Бірмай 164-е месца дзеліць камуністычны Кітай. Наступныя месцы занялі Куба, Іран, Туркмэністан і Паўночная Карэя. Замыкае табліцу Эрытрэя, дзе каторы год не спыняецца грамадзянская вайна.
Значны фрагмэнт дакладу прысьвечаны сытуацыі ў інтэрнэце, у прыватнасьці – блогерам (аўтарам прыватных інтэрнэт-дзёньнікаў), якія становяцца ўсё больш заўважнай сілай у інфармацыйнай прасторы. Гэты факт ацанілі ўлады некаторых краінаў, якія абрынулі на блогераў жорсткія рэпрэсіі. У Малайзіі (124), Тайландзе (135), Эгіпце (146) і Віетнаме (162) адбываліся затрыманьні і арышты аўтараў тэкстаў у блогах.
Варта нагадаць, што беларускі палітык Андрэй Клімаў, які зараз адбывае тэрмін у калёніі, быў асуджаны на падставе публікацыі свайго артыкулу ў інтэрнэце. Відаць, у кіраўніцтва Беларусі і Віетнама будзе магчымасьць падзяліцца досьведам у галіне свабоды слова падчас візыту туды Аляксандра Лукашэнкі.