КРЫЖ ПАКУТАЎ

Створаны грамадзкі камітэт дзеля аднаўленьня Крыжа пакутаў у Курапатах. Гэта адбылося ў той жа дзень, калі стала вядома пра чарговы акт вандалізму на мэмарыяле – у панядзелак увечары. Узначаліў камітэт Зянон Пазьняк.

“На Дзяды гэты крыж будзе адноўлены. Гэта вайна супраць беларускай культуры й беларускай нацыі. Зразумела, што гэта ня проста крымінальнікі робяць, а людзі, якіх накіроўваюць. У гэтай справе вельмі важная ініцыятыва грамадзкасьці. Дзяржаўныя ворганы фактычна адмовіліся выконваць свае функцыі для аховы гэтай тэрыторыі, аховы магілаў. Ніхто так не абароніць сябе, як сам народ”, – заявіў лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.

Крыж быў усталяваны ў Курапатах, на месцы масавых расстрэлаў у сталінскія гады, 29 кастрычніка 1989 году. Праўда пра Курапаты стала вядомая за год да гэтага, дзякуючы Пазьняку, які абнародаваў вынікі археалягічных раскопак ва ўрочышчы.

Паводле Радыё Свабода

Ад рэдакцыі

Сёлета гэта ўжо другі ці трэці выпадак вандалізму ў Курапатах. (Перад тым зламалі “лаву Клінтана”, апаганілі крыжы). Усяго такіх выпадкаў было шмат. А калі ўспомніць яшчэ фашысцкія свастыкі на мэмарыяле “Яма” й на ўваходзе ў штаб-кватэру партыі БНФ, чорныя плямы на сьценах консульства Эстоніі…І ніводнага разу міліцыя не затрымала нікога ў сувязі з гэтымі акцыямі. Хоць часам іх арганізатары пакідалі свае “візыткі” на месцы злачынства – улёткі за подпісам НБП, напрыклад.

Мы ня ведаем, ці маюць дачыненьне да ўсіх гэтых акцыяў расейскія нацыянал-бальшавікі або нацыянал-патрыёты. Вядома, аднак, што нядаўна група юнакоў ладзіла пікет каля расейскага пасольства ў Менску, пратэстуючы супраць забойстваў актывістаў антыфашысцкага руху ў Расеі. (Такіх выпадкаў там становіцца ўсё больш). Пікет працягваўся ўсяго 10 хвілінаў, пасьля чаго маладзёны разьбегліся, але былі вельмі хутка й апэратыўна злоўленыя міліцыяй.

КДБ Беларусі на сваім сайце распавядае пра тое, як моцна пацярпелі “чэкісты” ад рэпрэсіяў 1930-х гадоў. У сувязі з 70-й гадавінай пачатку масавых расстрэлаў у Беларусі праваахоўныя ворганы маглі б паклапаціцца і аб тым, каб памяць аб расстраляных у Курапатах (ня толькі чэкістах) ахоўвалася належным чынам. Было б жаданьне.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.