СКОКІ ЗЬ МЯДЗЬВЕДЗЕМ

Лукашэнка стаў напалову “каляровым”

Палітыка

Расея імкнецца адбудаваць вэртыкальную структуру на прасторах СНД. Дзеля гэтага яна гатовая рабіць саступкі сваім васалам. Але кошт гэтых саступак можа быць занадта дарагім.

У мінулыя выходныя ў сталіцы Таджыкістану Душанбэ адбыўся чарговы сход кіраўнікоў краінаў СНД. Гэтым разам яны таксама абмяркоўвалі пытаньні, зьвязаныя з Эўразійскім эканамічным супольніцтвам (ЭўрАзЭс) і Арганізацыяй дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).

Абедзьве гэтыя інтэграцыйныя структуры збольшага йснавалі на паперы. Аднак цяпер Расея імкнецца напоўніць іх рэальным зьместам. Натуральна, кіраўніком ЭўрАзЭс і АДКБ Крэмль бачыць сябе, хоць фармальна першую структуру ўзначаліў на бліжэйшы год Казахстан, а другую – Арменія. У СНД да наступнага саміту будзе старшыняваць Кіргізстан. Так бы мовіць – кожнай сястрыцы па завушніцы…

Дарэчы, выканаўчым сакратаром СНД стаў не Вешнякоў, супраць кандыдатуры якога катэгарычна выступаў Лукашэнка, а Лебедзеў, які да гэтага ўзначальваў Службу зьнешняй разьведкі РФ. (На ягонае месца Пуцін прызначыў экс-прэм’ера Фрадкова.) Галоўны сэнс гэтай “ракіроўкі” бачыцца ў тым, што Крэмль імкнецца паўсюль ставіць сваіх людзей, каб кантраляваць сваіх партнэраў.

А каб зрабіць “калектыўныя структуры” больш прывабнымі для іх, Масква абяцае ўдзельнікам інтэграцыйных праектаў шэраг прывілеяў. У прыватнасьці, яны змогуць набываць расейскую зброю па ўнутраных цэнах. Гэта прывабная пэрспэктыва для некаторых кіраўнікоў дзяржаваў. Аднак самім дзяржавам гэта можа каштаваць занадта дорага.

Некаторыя ўжо пасьпелі ахрысьціць АДКБ ў “АнтыНАТА”. Аднак выглядае, што сэнс гэтай арганізацыі — у іншым. Усур’ёз цягацца з Паўночна-Атлянтычным альянсам АДКБ ня ў стане. Яна вырашае іншыя задачы, у прыватнасьці, забесьпячэньне расейскага ўплыву на постсавецкай прасторы, у тым ліку, праз вайсковыя магчымасьці.

Справа ў тым, што цяпер у АДКБ будуць стварацца свае “міратворчыя” сілы. І тэарэтычна яны ўжо маюць магчымасьць умешвацца ў падзеі, якія адбываюцца на тэрыторыях дзяржаваў-удзельніц Дамовы.

“Галоўнае, што ў выпадку ўзьнікненьня сытуацыі, якая пагражае стабільнасьці і ўнутранай бясьпецы адной зь дзяржаваў АДКБ, наша арганізацыя здольная абысьціся ўласнымі сіламі, без усялякага зьнешняга ўмяшальніцтва” – патлумачылі маскоўскай газэце «Коммерсантъ» у маскоўскай штаб-кватэры арганізацыі.

“Бязь зьнешняга ўмяшальніцтва” – гучыць прыгожа. Але на практыцы гэта азначае — бяз санкцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

У Масквы багаты досьвед “міратворчых” апэрацыяў. Дастаткова ўзгадаць Венгрыю ў 1956-м годзе, Чэхію ў 1968-м… Грамадзяне гэтых краін дагэтуль “удзячныя” за “братэрскую дапамогу”.

Галоўны клопат Крамля, які ён не сароміцца агучваць, — гэта не дапусьціць новых “каляровых рэвалюцыяў” у краінах СНД. Гэты тэрмін ужо так зацяганы прапагандай, што варта нагадаць яго пачатковы сэнс.

У 2004 годзе ва Ўкраіне, нягледзячы на шалёны прапагандысцкі ціск з боку Масквы й спробу забіць дэмакратычнага кандыдата Віктара Юшчанку, на выбарах перамагла апазыцыя. Падкантрольны тагачасным уладам Цэнтарвыбаркам паспрабаваў сфальшаваць вынікі галасаваньня і абвесьціў пераможцам прэм’ер-міністра Віктара Януковіча. Але грамадзяне Ўкраіны не пагадзіліся з такім падманам. Сотні тысяч выбарцаў выйшлі на вуліцы Кіева й заставаліся на знакамітым Майдане на працягу месяца – пакуль улады не саступілі. Былі прызначаныя перавыбары, дзе галасы лічылі ўжо сумленна. У выніку перамог Віктар Юшчанка.

Вось і ўсё. Такім чынам, Масква, заяўляючы, што яна супраць “каляровых рэвалюцыяў”, фактычна расьпісваецца ў тым, што яна супраць дэмакратычных выбараў у суседніх дзяржавах.

Любую перамогу апазыцыйных сілаў у любой краіне крамлёўскія стратэгі здольныя палічыць “каляровай рэвалюцыяй”. І задзейнічаць “міратворчы” кантынгент АДКБ. Вельмі небясьпечная пэрспэктыва.

Дык навошта гэта кіраўнікам іншых краінаў? Яны бачаць, што выгаду ад Дамовы ў выглядзе таннай расейскай зброі можна атрымаць ужо цяпер. А Таварыш Мядзьведзь можа й ня прыйдзе.

У прыватнасьці, беларускае кіраўніцтва ўжо пачало раскручваць Расею на дадатковыя прывілеі. Ужо пасля саміту памочнік прэзыдэнта Беларусі Валеры Рыбакоў заявіў “Інтэрфаксу”, што адсутнасьць узгодненых пазыцыяў у фармаваньні цэнаў на энэргарэсурсы можа стаць перашкодай на шляху стварэньня паўнавартаснага мытнага саюзу ў межах Эўразійскай эканамічнай супольнасьці. Маўляў, давайце нафту й газ па ўнутрырасейскіх коштах, альбо застанецца ваш ЭўрАзЭс на паперы, як і раней.

Але гэтыя гульні зь мядзьведзем надта небясьпечныя. Крэмль – не дабрачынная арганізацыя. Яго цяперашнія гаспадары атабарыліся там надоўга й маюць досыць агрэсіўныя пляны на будучыню. Між іншым, і сам Лукашэнка для іх ужо напалову “каляровы”. Таму ў пэрспэктыве новыя функцыі АДКБ могуць быць скіраваныя ня толькі на абарону яго ўлады, але й наадварот. Хто ў гэтым сумняецца, хай перачытае падручнік гісторыі сярэдзіны ХХ стагодзьдзя.

Валеры Філін

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.