АБРАМОВІЧ І ЛІТВА: ХТО ДАСЬЦЬ БОЛЬШ?
Суседзі
У мінулым нумары мы паведамлялі пра таямнічы візыт расейскага алігарха Рамана Абрамовіча ў Беларусь. 25 верасьня ён прыляцеў зь Лёндана ў Менск на ўласным самалёце і правёў у беларускай сталіцы тры з паловай гадзіны. Пра мэты візыту нідзе не паведамлялася.
Але, як пазьней прызнаўся “Комсомольской правде” в Беларуси” дырэктар прадстаўніцтва кампаніі “Славнефть” у Менску Сяргей Шаўчэнка, Раман Абрамовіч абмяркоўваў з Аляксандрам Лукашэнкам пэрспэктывы інвэстыцыйнай дзейнасьці ў РБ. Паводле словаў Шаўчэнкі, Абрамовіч гатовы “выгадна ўкласьці свой капітал”. Гаворка, верагодна, ідзе пра мільярды даляраў. Падрабязнасьці перамоваў у афіцыйным друку не паведамляюцца.
Ясна, што расейскі алігарх ня мог зьдзейсьніць падобны візыт без дазволу Крамля. Вядома таксама, што Масква зацікаўленая ў набыцьці расейскім капіталам шэрагу важных беларускіх прадпрыемстваў – такіх, як НПЗ у Мазыры і Полацку, ці Белтрансгаз.
Але варта адзначыць яшчэ адну акалічнасьць, на якую мала хто зьвярнуў увагу. 20 верасьня кіраўнік Беларусі падпісаў указ № 442, які дае права літоўскаму АТ “Ханер” выступіць інвэстарам. Указ тычыцца праекту рэканструкцыі кінастудыі “Беларусьфільм” і стварэньня вакол яе архітэктурнага комплексу. Як піша агенцтва АФН, праектаваньне й будаўніцтва аб’ектаў на плошчы ў некалькі гектараў, у тым ліку на тэрыторыі вайсковага гарадка ў Калодзішчах (куды выносіцца аўтабаза кінастудыі) будзе весьціся за кошт сродкаў літоўскага інвэстара. Каштарыс, як і іншыя падрабязнасьці праекту, не раскрываюцца. Ды й пра сам праект у прэсе пісалася вельмі скупа. Інвэстара ж, як заўсёды, выбралі ў адміністрацыі прэзыдэнта, а ня ў выніку адкрытага конкурсу.
Варта дадаць, што курыраваць праект даверана новаму дырэктару кінастудыі, даўняму паплечніку Лукашэнкі Ўладзімеру Замяталіну, што гаворыць аб важнасьці зьдзелкі.
Важна, аднак, і тое, што цяперашняй уладзе, выглядае, абсалютна ўсё адно, адкуль прыйдуць грошы ў Беларусь – з Усходу ці з Захаду.
І нядаўні візыт прэм’ер-міністра Сідорскага ў Літву сьведчыць аб тым, што пошук замежных інвэстыцыяў і інвэстараў працягваецца.