ТРЭБА ЕХАЦЬ У ЛЫНТУПЫ
або Не падавайце аджыкі да вінаграду
Агляд радыё
На Радыё Свабода ў перадачы “Вольная студыя” паэт Дранько-Майсюк сказаў з гонарам прыблізна так: “Раней я пісаў сам для сябе. А цяпер я ведаю, што ў мяне ёсьць мае чытачы, якія чакаюць менавіта маіх вершаў і для іх я пішу”. Гэтаксама можа пахваліцца і Радыё Свабода – зь яго праграм выразна відаць, што радыё мае сваіх слухачоў і для іх працуе. Вось на мінулым тыдні запусьцілі новы праект – “Народны рэдактар”. Слухач выбірае тэму, ацэньвае праграмы, дае заданьні. Думаю, што гэта будзе ня толькі цікава слухачам, але й карысна грамадзкім дзеячам. Сёньня такі сьвет, што трэба ўмець ня толькі добра зрабіць, але й расказаць усім пра гэта. Дык вось, працуючы на радыё народным рэдактарам, можна і падвучыцца правілам журналістыкі, і ведаць, як трэба сказаць, каб было ўцямна й прыгожа.
А што на іншых радыёстанцыях, якая зваротная сувязь са сваім слухачом? На Радыё Палёнія ёсьць дзьве перадачы – ліставаньне са слухачамі ды канцэрт па заяўках. А вось у Рацыі ды Эўрарадыё, прынамсі, па тых праграмах, што гучаць на частаце 612 Kh, не зразумела, ці маюць яны слухачоў. Можа, я адзін іх слухаю?
На Эўрарадыё па суботах ёсьць праграма “Аджыка-шоў”. Аўтар – Дзяніс Дзюба. Ідэя вельмі добрая – дадаць да нашай ня вельмі смачнай рэчаіснасьці трохі гумарыстычнага перцу ды сатырычнага часныку. Але як аджыку не падаюць да вінаграду, так і жартаваць не з усяго можна. Вось прыклад. Пачалі на Эўрарадыё, калі чытаюць прагноз надвор’я, называць ня толькі вялікія гарады, але й меншыя – Ашмяны, Ліда, Пінск. А Дзяніс Дзюба самастойна паглядзеў на карту Беларусі, знайшоў там мястэчка Лынтупы і давай прыкалвацца: “У Менску – столькі і столькі паводле таварыша Цэльсія, у абласных гарадах столькі, а ў Лынтупах…” Дзяніс, хлопцы мясцовыя могуць не ўпадабаць такога жарту, прыедуць у сталіцу ды так уваляць, што адразу захочацца ў Рыгу.
А што да мястэчка Лынтупы, дык ня ўсё так проста. Ляжыць яно на беларуска-літоўскай мяжы і ў назве сваёй хавае балтыйскія карані: Lynas — 1. вяроўка, шнур. 2. рыба лін. Tupas – сьлед, адбітак. Так што сьмяяцца тут няма з чаго. А трэба ехаць у Лынтупы і зрабіць пра іх цікавы краязнаўчы нарыс.
October 12, 2007 у 08:22
У Лынтупах стаіць мэтэастанцыя, і прагноз на Лынтупы разыходзіцца па ўсіх сусьветных мэтэасайтах. Сьпіс паселішчаў, якія маніторацца мэтэасайтамі, не такі і вялікі. Таму ў пераказе прагнозу на Лынтупы ня бачу нічога дзіўнага. Хутчэй наадварот. Тым больш што прагноз па Віцебску, што па Менску, што па Горадні, які выдае наш гідрамэт, ня мае да Лынтупаў ніякага дачыненьня.