НАМ ЗАСТАЛАСЯ СПАДЧЫНА

Разьвітаньне зь Яўгенам Будзінасам

4-га кастрычніка ня стала Яўгена Будзінаса – пісьменьніка, выдаўца, стваральніка знакамітага музэя “Дудуткі” ў вёсцы Дудзічы Пухавіцкага раёну.

Тут, у Дудутках, дзе жыў пісьменьнік у апошнія гады, адбылося разьвітаньне. Згодна з воляй нябожчыка труна на нейкі час была ўсталяваная на расколатых жаронцах каля старога млына, галоўнага “музэйнага экспаната”. Рэшткі яго Будзінас некалі разам зь сябрам-мастаком уласнымі рукамі аднавіў па дошчачцы. Потым на гэтым млыне пабывае шмат людзей, якія будуць прыяжджаць у Дудуткі зь Беларусі і з-за мяжы, сярод іх будуць пісьменьнікі і мастакі, палітыкі і дыпляматы, высокія чыноўнікі і турысты.

У сярэдзіне 1990-х, калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка, дзеячы кіраўніцтва справаў і адміністрацыі разам зь мясцовай вэртыкальлю хацелі накласьці руку на тое, што пасьпеў стварыць пісьменьнік у некалі занядбанай вёсцы. (У прыватнасьці, ён правёў сюды нармальную дарогу за свае грошы, заняў людзей народнымі рамёствамі). А калі той не саступіў, з помсты й зайздрасьці спрабавалі зруйнаваць старадаўні млын.

Тыя падзеі, а таксама палітычныя норавы лукашэнкавай Беларусі Будзінас апіша ў сваім сатырычным рамане “Дурні”. А вядомасьць як пісьменьніку-публіцысту яму прынесла яшчэ прыканцы 1970-х дакумэнтальная аповесьць “Прамежкавы чалавек”. У ёй Будзінас упершыню ўзьняў праблему савецкага чалавека як маргінала, што выйшаў зь вёскі, але так і не зрабіўся гарадзкім.

Прыканцы 80-х Будзінас заснаваў “Паліфакт” – адно зь першых недзяржаўных выдавецтваў у Беларусі. У ім выйшла ўнікальныя кніжная сэрыя “Вынікі стагодзьдзя” (анталёгію паэзіі ў гэтай сэрыі склаў расейскі паэт Яўген Еўтушэнка). У “Паліфакце” была надрукаваная дакумэнтальная кніга, прысьвечаная Зянону Пазьняку.

Над труной Будзінаса каля старога млына ў Дудутках, сярод разьвітальных прамоваў сваякоў і сяброў пісьменьніка, прагучалі й лісты, якія даслалі з Прагі Зянон Пазьняк і Сяргей Навумчык. Разьвітальнае слова сказаў і намесьнік старшыні БНФ Юрась Хадыка. Ён гаварыў пра тое, што Будзінас быў неардынарны і мужны чалавек. Сапраўды, мужнымі былі ня толькі яго жыцьцё, але й сьмерць. Ведаючы пра сваю сьмяротную хваробу, пісьменьнік спрабаваў працаваць да апошняга дня, перамагаючы невыносны боль.

Яўген Будзінас ня быў палітыкам, але шмат пасьпеў зрабіць для беларускага адраджэньня.

І, бадай, галоўнае, што ён пакінуў нам у спадчыну – гэта Дудуткі, маляўнічы куток Беларусі, які цяпер назаўсёды зьвязаны зь яго імем.

Літаратар

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.