АДАМОВІЧАЎ ВЕРАСЕНЬ
У мінулым нумары, у нататцы “Алесь Адамовіч з намі” прайшла прыкрая памылка. У матэрыяле было напісана, што гэта мясцовае начальства запрасіла пісьменьнікаў у Глушу, дзе пахаваны Адамовіч, аплаціла транспартныя выдаткі й вячэру ў гонар гасьцей. Атрымаўшы такую інфармацыю, мы ёй паверылі, бо вельмі ж хочацца верыць, што і ў “вэртыкалі” працуюць нармальныя сумленныя людзі. Але насамрэч паездку арганізаваў беларускі ПЭН-цэнтар (ён уваходзіць у міжнароднае пісьменьніцкае аб’яднаньне пэн-клюбаў), аўтобус даў фонд “дзеці Чарнобыля”, заплаціў за вячэру таксама ПЭН-цэнтар. Дзякуй і на тым, што хоць не чынілі перашкодаў арганізатарам.
Са свайго боку мы прыносім прабачэньні за памылку й прапануем увазе чытача яшчэ адну нататку, прысьвечаную памяці выдатнага беларускага публіцыста.
80-я ўгодкі з дня нараджэньня Алеся Адамовіча ў верасьні дэмакратычная Беларусь адзначыла як нацыянальнае сьвята. І хоць прайшло яно сьціпла, амаль незаўважна для шырокай грамадзкасьці, якую адгароджвае ад Алеся, як і ад Васіля Быкава, улада, спрабуючы засланіць гэтыя магутныя постаці сваімі літаратурнымі ліліпутамі, — маштаб пісьменьніка ад гэтага ня зьменшыўся.
Можа, і добра, што не было афіцыйнай пампэзнасьці, казённага патасу, баўбатлівага славаслоўя. Не было яго й на вечарыне ў гонар Адамовіча, якая завершыла ягоны “залаты верасень”.
Вечарына гэтым разам адбылася ў Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай культуры ў Менску. Сюды прыйшлі супрацоўнікі музэя, студэнты й выкладчыкі сталічнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, пісьменьнікі. Пра Алеся Адамовіча распавялі тыя, хто яго ведаў (кожны па свойму) пры жыцьці – акадэмік Радзім Гарэцкі, паэты Анатоль Вярцінскі й Сяргей Законьнікаў, пісьменьнік Валянцін Тарас, літаратуразнаўца Анатоль Сідарэвіч. Выступіў на вечарыне старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, які хоць і ня быў знаёмы з Алесем Адамовічам з-за розьніцы ва ўзросьце, але грунтоўна ведае яго творчасьць.
Пра свае сустрэчы з Адамовічам распавяла Натальля Давыдзенка, якая некалі працавала ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” й была рэдактаркай яго кніг. Дачка пісьменьніка Натальля Адамовіч казала аб тым, як рыхтавалася да друку пасьмяротная кніга Алеся Адамовіча “А имя сей звезде Чернобыль”.
Вёў вечарыну Міхась Скобла, сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Як і на ўсіх папярэдніх імпрэзах, нікога ад прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў не было. Не было й нікога з “вэртыкальшчыкаў”. Але ж хіба ў гэтым справа?